Ошибка :

Показать отладочную информацию

Пасяджэнне рэспубліканскай лабараторыі народнай творчасці “Этнакультурнае выхаванне дзяцей і моладзі ў сучаснай практыцы дадатковай адукацыі: тэндэнцыі і перспектывы”
Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи

Пасяджэнне рэспубліканскай лабараторыі народнай творчасці “Этнакультурнае выхаванне дзяцей і моладзі ў сучаснай практыцы дадатковай адукацыі: тэндэнцыі і перспектывы”

26-27 лістапада 2015 года ва ўстанове адукацыі “Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь адбылося пасяджэнне рэспубліканскай лабараторыі народнай творчасці “Этнакультурнае выхаванне дзяцей і моладзі ў сучаснай практыцы дадатковай адукацыі: тэндэнцыі і перспектывы”.

У пасяджэнні прыняло ўдзел больш за пяцьдзесят чалавек – гэта педагагічныя работнікі абласных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, педагогі дадатковай адукацыі аб’яднанняў па інтарэсах фальклорнага накірунку, супрацоўнікі кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Для ўдзельнікаў пасяджэння была арганізавана школа майстэрства, якая ўключала майстар-класы, творчыя майстэрні і сустрэчы, трэнінг па беларускай спеўнай этнафоніі, а таксама адбылося знаёмства з пляцоўкай вопыту па этнакультурным выхаванні дзяцей і моладзі.
У межах лабараторыі былі абмеркаваны пытанні выхавання асобы сродкамі беларускага фальклору, вызначаны праблемы і перспектывы работы ў гэтым накірунку.

З этнапедагагічнымі падыходамі, з вопытам выхавання асобы сродкамі народнага мастацтва, які назапашаны ў ДУА “Міханавічская сярэдняя школа”, удзельнікаў пасяджэння пазнаёміла педагог дадатковай адукацыі, загадчык народнага музея, пераможца V Рэспубліканскага конкурсу праграм аб’яднанняў па інтарэсах фальклорнага накірунку Леўкавец Марыя Мікалаеўна.

А вядомы фалькларыст, педагог, заснавальнік і кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву “Калыханка” Мiханавiцкага Дома фальклору Мінскага раёна Рыжкова Ларыса Мікалаеўна прадэманстравала вопыт вывучэння, далучэння і творчага засваення беларускай народнай спадчыны. Народныя песні і гульні ад удзельнікаў “Калыханкі” выклікалі вялікае задавальненне ў слухачоў, а таксама паклалі добры эмацыянальны пачатак для ажыццяўлення далейшай праграмы пасяджэння.

Інтэрактыўны трэнінг па беларускай спеўнай этнафоніі з удзельнікамі лабараторыі правяла артыст-вакаліст вышэйшай катэгорыі, старшы выкладчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Таццяна Аляксандраўна Пладунова. Трэнінг праходзіў з удзелам фальклорнага гурта “Этнасуполка” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У час трэнінга педагогі дадатковай адукацыі пазнаёміліся з тэмбрава-рэзанансным падыходам у фарміраванні пеўчага голасу. Удзельнікі лабараторыі змаглі ўзнавіць свае веды па методыцы навучання народным спевам, а таксама мелі магчымасць выканаць разам асобныя песні з прапанаванага музычнага рэпертуару. Вельмі ўзнёсла і ўрачыста ў выкананні ўсіх прысутных прагучаў калядны кант “Добры вечар табе, пане-гаспадару”.

Пытанні экалогіі традыцыйнай культуры і мастацтва, аховы гісторыка-культурнай спадчыны беларусаў у сваім выступленні закрануў кандыдат культуралогіі, дацэнт, загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУ культуры і мастацтваў Вячаслаў Віктаравіч Калацэй.

З перспектывамі і вопытам правядзення республіканскага фальклорнага фестывалю “Берагіня” пазнаёміў удзельнікаў пасяджэння вядомы дзеяч фальклорнага руху Беларусі, заснавальнік і аўтар этнапедагагічнай канцэпцыі “Традыцыйная культура і дзеці”, этнахарэограф Мікола Аляксеевіч Козенка.
Пытанням рэканструкцыі каляндарна-абрадавага свята праз практыку экспедыцыйнай дзейнасці быў прысвечаны майстар-клас этнамузыколага, выкладчыка кафедры этналогіі і фальклору БДУ культуры і мастацтваў Эвяліны Вячаславаўны Шчадрыной. Майстар-клас праходзіў з удзелам фальклорнага гурта “Страла”.

Змястоўнымі і цікавымі былі творчыя майстэрні педагогаў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі: кіраўніка Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля песні і танца “Зорачка” Алы Міхайлаўны Навіцкай і педагога дадатковай адукацыі, мастачкі, сябра студэнцкага этнаграфічнага таварыства – Кашкурэвіч Вольгі Мікалаеўны. Майстэрні былі прысвечаны выкарыстанню беларускай народнай спадчыны ў творчай дзейнасці фальклорнага аб’яднання ва ўмовах горада і рэканструкцыіі народнага касцюма ў практыцы аматарскага калектыву.
У межах пасяджэння адбылося знаёмства з вопытам работы па стварэнні этнакультурна-адукацыйнай прасторы ва ўмовах установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гасціннай пляцоўкай вопыту ў гэтым накірунку стаў цэнтр дадатковай адукацыі “Ветразь” Кастрычніцкага раёна г. Мінска.

Удзельнікі лабараторыі пазнаёміліся з мадэллю этнакультурнага выхавання дзяцей і моладзі ў фальклорным калектыве “Мілавіца” (кіраўнікі Снітко Марыя Васільеўна, Козенка Мікола Аляксеевіч). Былі прадстаўлены ўсе ўзроставыя групы калектыву, што дало магчымасць прасачыць падыходы ў выхаванні навучэнцаў і іх бацькоў сродкамі традыцыйнага беларускага мастацтва ва ўмовах урбанізацыі.

Абмеркаванне актуальных пытанняў і тэндэнцый развіцця дзіцячага і маладзёжнага фалькорнага руху ў сучасны перыяд прайшло пад час рэфлексійнага кола, дзе удзельнікі пасяджэння прадставілі свой вопыт і пазнаёмілі з практычнымі дасягненнямі ў галіне выхавання навучэнцаў сродкамі беларускай народнай спадчыны. Таксама былі закрануты пытанні метадычнага суправаджэння дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах фальклорнага накірунку. Метадыст Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Крыўко Таццяна Міхайлаўна прадставіла ўдзельнікам пасяджэння палажэнне і план работы лабараторыі на 2015/2016 навучальны год, загадчык метадычнага кабінета Кляцова Вольга Аляксееўна закранула ў сваім выступленні пытанні развіцця прафесійных кампетэнцый педагога ў распрацоўцы і рэалізацыі праграмы аб’яднання па інтарэсах, Камзалава Наталля Мікалаеўна, загадчык аддзела культурна-забаўляльных праграм, абмеркавала з удзельнікамі вопыт і перспектывы правядзення рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Здравствуй, мир!».
Асаблівую цікаўнасць і захапленне ва ўсіх прысутных выклікала калекцыя музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, у якой прадстаўлены найважнейшыя вехі гістарычнага развіцця мастацтва, матэрыяльнай культуры беларусаў, ад часоў каменнага веку да канца XX стагоддзя. Практычныя заняткі і экскурсію для ўдзельнікаў пасяджэння правёў кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык музея Барыс Андрэевіч Лазука, які пазнаёміў з прадстаўленным у калекцыі музея нацыянальным касцюмам і традыцыйным тэкстылем, творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (посуд, тканіны, мэбля), сакральным жывапісам (абразы і алтарныя карціны), былі прадэманстраваны арыгінальныя копіі слуцкіх паясоў.

Па выніках пасяджэння ўдзельнікі атрымалі шырокае кола навукова-педагагічнай інфармацыі па тэме пасяджэння, пазнаёміліся з цікавым педагагічным вопытам, павысілі прафесійнае майстэрства праз інтэрактыўныя творчыя формы работы.

Лабараторыя народнай творчасці дала добры накірунак для далейшай арганізацыі прафесійнага ўзаемадзеяння педагогаў дадатковай адукацыі, сумеснага вырашэння задач этнакультурнага выхавання дзяцей і моладзі ў сучасных умовах, развіцця этнакультурна-адукацыйнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі.

Фотоальбом

Метадыст аддзела навукова-метадычнага і псіхолага-педагагічнага суправаджэння дадатковай адукацыі Таццяна Крыўко