Ошибка :

Показать отладочную информацию

IV Рэспубліканскі педагагічны форум
Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи
ruen

IV Рэспубліканскі педагагічны форум

   25 красавіка 2024 года ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбыўся IV Рэспубліканскі педагагічны форум “Патрыятычнае выхаванне навучэнцаў праз стварэнне этнакультурнага асяроддзя: педагагічны вопыт і выхаваўчыя практыкі ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

   Правядзенне педагагічнага форуму з’яўляецца значнай ініцыятывай Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў рамках рэалізацыі рэспубліканскага культурна-адукацыйнага праекта “Беларускае народнае мастацтва і дзеці”, падтрыманай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

   Форум сабраў больш за 100 чалавек – педагагічных работнікаў – з абласных, раённых і сталічных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Сярод іх: кіраўніцкія кадры, загадчыкі структурных падраздзяленняў і метадысты, педагогі дадатковай адукацыі, настаўнікі, удзельнікі апорных метадычных пляцовак рэспубліканскага метадычнага кластара, пастаянныя члены рэспубліканскіх метадычных аб’яднанняў педагагічных работнікаў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народнай музычнай творчасці і фальклору ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

   Да ўдзелу ў форуме таксама былі запрошаны спецыялісты і навуковыя работнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, навуковых і грамадскіх арганізацый.

   Адкрываючы форум, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Таццяна Васільеўна Драпакова адзначыла, што правядзенне педагагічнага форуму, прысвечанага праблеме патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення праз стварэнне этнакультурнай развіваючай прасторы, накіраванай, перш за ўсё, на выхаванне актыўных грамадзян і сапраўдных патрыётаў, якія разумеюць каштоўнасць нацыянальных традыцый і гатовы дзейнічаць на карысць свайго народа, асабліва актуальна сёння. Форум з’яўляецца выдатнай прафесійнай пляцоўкай для паказу дасягненняў і абмену вопытам работы ўстаноў адукацыі, дзе педагагічныя работнікі могуць абмеркаваць актуальныя пытанні і прадэманстраваць новыя падыходы ў выхаваўчай дзейнасці і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дамовіцца аб сумесных праектах.

   “Форумны рух у сферы этнакультурнага выхавання – гэта ўнікальная навукова-педагагічная платформа, якая дазваляе ажыццяўляць сістэмнае бачанне і асэнсаванне тэарэтычных і метадалагічных падыходаў да арганізацыі этнакультурнага выхавання, яго практычных праблем і перспектыўных накірункаў развіцця ў сучаснай культурна-адукацыйнай прасторы. І тут лепшы вынік можа быць дасягнуты за кошт аб’яднання намаганняў і патэнцыялу ўстаноў адукацыі, сеткавага ўзаемадзеяння і сацыяльнага партнёрства на рэспубліканскім і рэгіянальным узроўнях. Залогам паспяховай дзейнасці выступае інавацыйны патэнцыял рэспубліканскага метадычнага кластара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і абласных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – рэспубліканскіх інавацыйных пляцовак, аб’яднаных агульнай тэмай, – “Укараненне мадэлі рэспубліканскага метадычнага кластара ў сістэму суправажэння грамадзянска-патрыятычнага выхавання ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, – адзначыла Надзея Васільеўна Васільчанка, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў прывітальным слове ўдзельнікам педагагічнага форуму.

   У рамках пленарнага пасяджэння былі акрэслены рознабаковыя праблемныя пытанні і арыенціры ў галіне этнакультурнага выхавання навучэнцаў і напрамкі па ўдасканаленні прафесійных этнакультурных кампетэнцый педагагічных работнікаў.

   Сучасныя метадалагічныя падыходы і перспектывы ў галіне патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі ў сваім выступленні вызначыла Катовіч Наталля Канстанцінаўна, начальнік цэнтра сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Акадэміі адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.

   Старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Сахута Яўген Міхайлавіч акрэсліў ролю народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі ў выхаванні дзяцей і моладзі на аснове сістэмы духоўных каштоўнасцей.

   Трушына Таццяна Рудольфаўна, кіраўнік этнакультурнага аб’яднання “Папараць-кветка”, кіраўнік секцыі народнай лялькі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, кандыдат мастацтвазнаўства, звярнулася ў сваім выступленні да народнай лялькі як часткі беларускай культурнай спадчыны, расказала аб захаванні мастацкіх традыцый яе вырабу і трансляцыі ў сучасных умовах.  

   Этнакультурны ландшафт і дзеці: практыкі, наратывы, сучаснае прачытанне – сталі зместам выступлення Валодзінай Таццяны Васільеўны, загадчыка аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара.

   Шляхі і сродкі этнакультурнага выхавання на аснове каляндарнай абраднасці беларусаў абазначыла ў сваім звароце да ўдзельнікаў форуму дацэнт кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Пладунова Таццяна Аляксандраўна.

   Выгонная Ганна Альбертаўна, член саюза мастакоў, мастак-рэстаўратар, спецыяліст па адукацыйных праграмах грамадскага аб’яднання “Беларускі зялёны крыж” расказала аб праектах аб’яднання на прыкладзе даведнікаў-размалёвак для фарміравання энакультурнай адукацыйнай прасторы рэгіёна “Вясковымі шляхамі Беларусі”.

   Завяршыла пленарнае пасяджэнне Сямашка Ксенія Уладзіміраўна, намеснік дырэктара па навуковай рабоце, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, якая спынілася на адметнасцях культурна-адукацыйнай прасторы музея-запаведніка “Заслаўе” і вызначыла яго ролю ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці дзяцей і моладзі.

   Праграма форуму ўключала панараму-прэзентацыю “Інтэграцыя ідэй этнапедагогікі і сучаснай педагагічнай практыкі ў культурным станаўленні, развіцці і фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў”, на якой былі прадстаўлены цікавыя перспектыўныя ідэі і вопыт творчых калектываў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў галіне этнакультурнага выхавання.

   Прадстаўнікі педагагічнай супольнасці краіны прадставілі шырокую палітру ўласнага вопыту ў вывучэнні і папулярызацыі традыцыйных відаў мастацкай творчасці, брэндаў сваёй мясцовасці і іх адлюстраванне ў дзіцячых работах і праектах, расказалі пра творчыя вынікі праектна-даследчай дзейнасці і фальклорных вандровак па сваіх рэгіёнах і інш.

   Бліскучае майстэрства і любоў да беларускай народнай спадчыны прадэманстравалі ў творчым выступленні “Вітаю, родная старонка!” удзельнікі фальклорнага ансамбля “Карагод” Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці (кіраўнік ансамбля, педагог дадатковай адукацыі Меляшчова Алена Уладзіміраўна).

   Тэматыка форуму садзейнічала збліжэнню навукі і практыкі, інтэграцыі ўстаноў адукацыі ў адзіную культурна-адукацыйную прастору, вызначэнні актуальных напрамкаў сумеснай дзейнасці па выкарыстанні беларускай народнай творчасці і ўкараненні інавацыйных падыходаў і сучасных тэхналогій у адукацыйнай дзейнасці і выхаванні навучэнцаў.

   Мерапрыемства аб’яднала ўсіх, хто мэтанакіравана займаецца выхаваннем дзяцей сродкамі беларускай культурна-гістарычнай спадчыны, садзейнічае развіццю этнакультурнай прасторы ў сваіх рэгіёнах.

   Удзельнікі форуму пазнаёміліся з матэрыяламі выстаўкі навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Выхаванне грамадзяніна і патрыёта”, выстаўкай дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці народных і ўзорных студый Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “Тэрыторыя творчасці”.

   “Грайце, музыкі, вітайце гасцей!” – творчая праграма ад удзельнікаў узорнага ансамбля песні і танца “Зорачка” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (мастацкі кіраўнік Навіцкая Ала Міхайлаўна) стала яскравым завяршэннем работы IV Рэспубліканскага педагагічнага форуму.

   На форуме працавала “Настаўніцкая газета”:

   “Любоў да Радзімы праз народную спадчыну: IV Рэспубліканскі педагагічны форум завяршыўся ў Мінску” (ад 26.04.2024)