17 студзеня 2024 года ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбыўся рэспубліканскі семінар “Лялечны тэатр у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: сучасныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця”.
Рэспубліканскі семінар праводзіўся ў рамках дзейнасці рэспубліканскага метадычнага аб’яднання педагагічных работнікаў тэатральнай творчасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Дзейнасць рэспубліканскага метадычнага аб’яднання накіравана на арганізацыю прафесійнага ўзаемадзеяння педагогаў тэатральнага напрамку, удасканаленне прафесійных кампетэнцый, сумеснае абмеркаванне перспектыў развіцця дзіцячай тэатральнай творчасці ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі дзейнічае больш за 300 тэатральных калектываў, у якіх ажыццяўляюць сваю дзейнасць 932 аб'яднанні па інтарэсах па розных напрамках тэатральнай творчасці. У тэатральных аб'яднаннях займаецца больш за 10 530 навучэнцаў, з навучэнцамі працуе больш за 330 педагагічных работнікаў.
Тэатральныя калектывы з'яўляюцца гонарам не толькі сваіх устаноў адукацыі, але і рэспублікі – 66 калектываў тэатральнага напрамку ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і агульнай сярэдняй адукацыі маюць найменні “заслужаны”, “узорны”, “народны”.
У рамках рэспубліканскага семінара разглядаліся актуальныя пытанні развіцця беларускага народнага тэатра “Батлейка” ва ўмовах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Народны тэатр "Батлейка" – унікальная з'ява беларускага мастацтва, прадуктыўная і эфектыўная форма патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання і далучэння дзяцей і моладзі да каштоўнасцей беларускай культурнай спадчыны, вывучэння рэгіянальных народных традыцый мастацкай творчасці.
У рабоце семінара прынялі ўдзел больш за 100 чалавек – педагагічныя работнікі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах тэатральнай і народнай творчасці.
Адкрыла семінар Васільчанка Надзея Васільеўна, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. У прывітанні было адзначана “Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі – арганізатар значных творчых мерапрыемстваў, якія з’яўляюцца пляцоўкай для дэманстрацыі творчых дасягненняў навучэнцаў у розных напрамках мастацкай творчасці, у тым ліку і тэатральнай, садзейнічаюць павышэнню прафесійнага майстэрства кіраўнікоў, педагогаў, абмену вопытам і творчымі ідэямі”.
![]() |
![]() |
Удзельнікі семінара пазнаёміліся з унікальным вопытам арганізацыі народнага тэатра “Батлейка” ва ўстановах адукацыі і культуры. Педагагічная майстэрня экспертаў “Тэатр: беларускія традыцыі і этнакультурныя кампетэнцыі” ўключала выступленні вядучых спецыялістаў у гэтай галіне – Выгоннай Ганны Альбертаўны, кіраўніка “Школы батлейкі” міжнароднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”, эксперта рэспубліканскага фестывалю-конкурсу праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый”, члена саюза мастакоў, мастака-рэстаўратара, Петрымана Канстанціна Леанардавіча, кіраўніка народнага лялечнага тэатра "Мірская батлейка", якая ўнесена ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
![]() |
![]() |
У рамках творчай лабараторыі “Беларускі народны лялечны тэатр “Батлейка”: вывучаем, развіваем, захоўваем” быў прадстаўлены вопыт праектна-даследчай творчасці пераможцаў рэспубліканскага фестывалю-конкурсу даследчых праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый” – праект “Віцебскі жлоб” (Маліноўская Таццяна Аляксандраўна, метадыст Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі), праект “Батлейкавае прадстаўленне на Магілёўшчыне” (Акінчыц Алеся Мікалаеўна, Меляшчова Алена Уладзіміраўна, педагогі дадатковай адукацыі Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці).
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
Вопытам выхавання, творчага і мастацкага развіцця дзяцей і моладзі сродкамі народнага тэатральнага мастацтва беларусаў падзялілася Лямбовіч Хрысціна Станіславаўна, рэжысёр Ракаўскага цэнтра народнай творчасці, кіраўнік тэатральнага гуртка “Жаронцы” (удзельнікі калектыву – пераможцы адкрытага міжнароднага фестывалю-конкурсу "Творчасць без межаў" у намінацыі "Тэатральная творчасць. Лялечны тэатр").
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
Гледачы атрымалі асалоду ад знаёмства з арыгінальнымі пастаноўкамі і магчымасцю далучыцца да яскравых традыцый беларускага народнага тэатра “Батлейка” праз спектаклі:
батлейкавае прадстаўленне на Магілёўшчыне па матывах містэрыяльнай драмы “Цар Ірад” (другі варыянт з выдання “Народны тэатр” Акадэміі навук БССР з серыі “Беларуская народная творчасць”, 1983 г.) у выкананні навучэнцаў фальклорнага ансамбля “Карагод” (кіраўнік Меляшчова Алена Уладзіміраўна) і аб’яднання па інтарэсах “Калейдаскоп” (кіраўнік Акінчыц Алеся Мікалаеўна) Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці;
батлеечны спектакль “Калядна” (рэканструкцыя прадстаўлення мірскіх батлеечнікаў Сілко 20–30 гады XX ст.) у выкананні ўдзельнікаў народнага лялечнага тэатра “Мірская батлейка” Мірскага дзяржаўнага каледжа ( рэжысёр Петрыман Канстанцін Леанардавіч);
спектакль “Як журавель з лісою частаваліся” (паводле казкі “Ліса і журавель”), які прадставіў тэатральны калектыў “Жаронцы” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці (рэжысёр Лямбовіч Хрысціна Станіславаўна) сумесна з ансамблем традыцыйнай беларускай музыкі Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў (музычны кіраўнік Пятроўская Сабіна Казіміраўна).
Арганізацыя і правядзенне профільных семінараў у рамках дзейнасці рэспубліканскага метадычнага аб’яднання педагагічных работнікаў тэатральнай творчасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі садзейнічае не толькі абмену вопытам, павышэнню прафесійнага майстэрства, але і ўзбагачэнню тэатральнай педагагічнай практыкі ў сферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Артыкул у Настаўніцкай газеце ад 24.01.2024 г. ''Учора, сёння і заўтра лялечнага тэатра абмеркавалі ў Мінску''
























