Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ініцыіраваў правядзенне V адкрытых міжрэгіянальных майстар-класаў педагогаў дадатковай адукацыі “Мастацкая рэканструкцыя і аднаўленне элементаў этнакультуры ў дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах фальклорнага і дэкаратыўна-прыкладнога кірункаў: вопыт і вынікі” (далей – адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы).
11 мая 2023 года ў рамках адкрытых міжрэгіянальных майстар-класаў у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбыліся аўтарскія майстар-класы:
- “Мастацкая рэстаўрацыя і аднаўленне традыцыйных вобразаў гліняных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя”.
Педагог-майстар – Раманюк Вольга Уладзіміраўна, таленавіты мастак-кераміст, вопытны педагог дадатковай адукацыі аб’яднання па інтарэсах “Кераміка” ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крынічка” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Аб’яднанне па інтарэсах “Кераміка” – унікальны і самабытны дзіцячы калектыў. Адна з галоўных яго задач – захоўваць і пашыраць традыцыі народнай керамікі ў адукацыйнай дзейнасці, выхоўваць у навучэнцаў павагу да народнага мастацтва, вучыць ствараць свае арыгінальныя работы;
- “Мастацкая рэстаўрацыя Любанскай (Мінская вобласць) рэгіянальнай выцінанкі”.
Педагог-майстар – Хачкова Вольга Барысаўна, народны майстар Беларусі, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, загадчык аддзялення выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, кіраўнік народнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Бусляня” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. У аснове дзейнасці калектыву – захаванне народнага традыцыйнага мастацтва праз вывучэнне розных тэхнік і прыёмаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, развіццё праектна-даследчай дзейнасці, распрацоўка і арганізацыя інтэрактыўных пазнавальна-творчых заняткаў з навучэнцамі, майстар-класаў для педагогаў дадатковай адукацыі.
Майстар-класы праводзіліся ў рамках рэспубліканскага культурна-адукацыйнага праекта “Беларускае народнае мастацтва і дзеці”. Рэалізацыя праекта накіравана на стварэнне этнакультурнай прасторы ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, удасканаленне прафесійных этнакультурных кампетэнцый педагагічных работнікаў, падтрымку і развіццё дзейнасці творчых аб’яднанняў у вобласці захавання і трансляцыі беларускай народнай спадчыны.
Яны аб’ядналі ў адзіную педагагічную супольнасць у сістэме дадатковай адукацыі рэспубліканскія і рэгіянальныя метадычныя аб’яднанні педагагичных работникаў выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, важным накірункам якіх з’яўляецца арганізацыя, знаёмства, абагульненне і распаўсюджванне перадавых педагагічных практык, эфектыўных методык і тэхналогій этнакультурнага выхавання ў адукацыйнай прасторы рэспублікі і рэгіенаў.
У майстар-класах прынялі ўдзел 43 педагагічных работніка з 35 ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Анна Леонаўна Аверына.
Педагогі пазнаёміліся з гісторыяй і асаблівасцямі развіцця гліняных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя і каларытам, кампазіцыйнымі схемамі, стылізацыяй выцінанкі на аснове традыцый рэгіянальнай Любанскай выцінанкі Мінскай вобласці. Асаблівую цікавасць і актыўнасць выклікала ў педагогаў практычная работа па стварэнні ўласных работ на аснове творчага выкарыстання ўзораў рэгіянальнай Любанскай выцінанкі і традыцыйнай керамікі Магілёўскага Падняпроўя.
Падчас правядзення майстар-класаў адбылася творчая камунікацыя педагогаў-майстроў і калег, якія падзяліліся вопытам работы ў сваіх калектывах: удзельнікі абменьваліся творчымі знаходкамі і новымі крэатыўнымі ідэямі, абмяркоўвалі прапановы па вырашэнні актуальных педагагічных праблем, дамаўляліся аб агульных прафесійных справах і супрацоўніцтве на перспектыву.
У рамках правядзення майстар-класаў педагогі пазнаёміліся з матэрыяламі экспазіцый рэспубліканскай выстаўкі дзіцячай творчасці “Радзіма мая ў марах, у песнях, у словах…” ў межах VII Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” і выстаўкі навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Этнакультурнае выхаванне дзяцей і моладзі: традыцыі, вопыт, перспектывы”.
Рэфлексія-аналіз вынікаў майстар-класаў. Усе ўдзельнікі адзначылі свой пазітыўны настрой, эмоцыі, якія суправаджалі іх на працягу ўсяго мерапрыемства; таксама актуальнасць тэмы “Мастацкая рэстаўрацыя і аднаўленне традыцыйных вобразаў культурнай спадчыны ў народным дэкаратыўна-прыкладным мастацтве” для сваёй педагагічнай дзейнасці. Асабліва цікавымі і карыснымі былі гістарычныя звесткі аб развіцці рэгіянальных традыцыйных рамёстваў (керамікі і выцінанкі), метадычныя падыходы і практыкі іх вывучэння ў адукацыйным працэсе аб’яднанняў, сумесная творчая праца. Кожны стварыў свой арыгінальны выраб.
Педагогі-майстры Раманюк В.У. і Хачкова В.Б. атрымалі Падзякі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі за творчую ініцыятыву, высокі прафесіяналізм, педагагічнае майстэрства ў правядзенні рэспубліканскага майстар-класа.
Былі выказаны пажаданні і далей сустракацца і творча супрацоўнічаць на майстар-класах вопытных і паспяховых педагогаў дадатковай адукацыі. Гэта дае вялікі імпульс да новага прафесійнага творчага самавызначэння і самаразвіцця.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |




















