Ошибка :

Показать отладочную информацию

КАЛЕКТЫЎ ФАЛЬКЛОРНАГА ТАНЦА “КАРАЗЕЛЬ”
Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи
ruen

КАЛЕКТЫЎ ФАЛЬКЛОРНАГА ТАНЦА “КАРАЗЕЛЬ”

Дзядзюк Н. М., Давідовіч А. Я.
Іванаўскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці

Тлумачальная запіска

Галоўная каштоўнасць грамадства – фізічна здаровы, культурны і адукаваны чалавек. Фарміраванне гарманічна развітай асобы цесна пераплятаецца з пытаннямі эстэтычнага выхавання. Фальклор як від мастацтва мае вялікі патэнцыял для фізічнага і эстэтычнага развіцця чалавека.

Харэаграфія, танцавальны фальклор беларусаў – гэта дзейсны сродак выхавання, найбольш каштоўны матэрыял, які дапамагае спасцігаць асноўныя прынцыпы ўзаемаадносін у соцыуме, дае магчымасць знаёмства навучэнцаў з навакольным светам.

Дзякуючы навучанню традыцыйна-побытавым танцам, навучэнцы пачынаюць разумець незвычайны каларыт танцавальных рухаў, прыгажосць арнаменту беларускага народнага адзення, хараство карагоду. Захапленне народным побытавым танцам стварае ўмовы для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў, спрыяе больш глыбокаму вывучэнню традыцыйнай народнай творчасці, выхоўвае грамадзянска-патрыятычныя пачуцці. Навучэнцы пачынаюць разумець прыгажосць нацыянальнай спадчыны, яны свядома далучаюцца да традыцый і культуры свайго краю, у іх фарміруецца пачуццё гонару за сваю радзіму.

Праграма аматарскага калектыву фальклорнага танца “Каразель” (слова “каразель” у перакладзе з рускай мовы – “карусель”, назва калектыву адпавядае традыцыі выканання народных побытавых танцаў – амаль заўжды нашы продкі танцавалі ў коле, што нагадвала вясёлую каразель) арыентавана на вывучэнне і перайманне традыцыйнага мастацтва свайго рэгіёна, а менавіта на вывучэнне побытавых танцаў Брэсцкага Палесся і Іванаўшчыны. Праграма складзена на падставе тыпавой праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (мастацкага профілю), рэалізуецца на базавым узроўні. У аснову праграмы пакладзена вывучэнне народных мастацкіх узораў свайго рэгіёна, а таксама рэгіёнаў Палесся, вывучэнне побытавых танцаў спалучаецца з элементамі народных карагодаў, гульняў і абрадаў, сцэнічнага дзеяння.

На першым годзе навучэнцы знаёмяцца з традыцыйнай народнай творчасцю, з асаблівасцямі танцавальнага фальклору, засвойваюць асновы і манеру выканання побытавых танцаў свайго рэгіёна. На другім годзе – вывучаюць музычныя жанры фальклору Брэстчыны, замацоўваюць атрыманыя веды аб асаблівасцях народнай харэаграфіі, на трэцім годзе навучэнцы ўдасканальваюць сцэнічнае майстэрства і стылістыку выканання народна-побытавага танца, ствараюць танцавальныя касцюмы.

На працягу трох гадоў навучання прадугледжаны фальклорныя экспедыцыі, у час якіх вывучаюцца рэгіянальныя асаблівасці танцавальнага фальклору, атрыманыя веды паспяхова ўвасабляюцца ў творчых выступленнях калектыву.

Мэта праграмы: cтварэнне ўмоў для азнаямлення навучэнцаў з беларускай традыцыйнай культурай і паглыбленага вывучэння рэгіянальнага танцавальнага фальклору.

Задачы:

-  прывіваць цікавасць, разуменне і любоў да народнай творчасці беларусаў, выхоўваць мастацкі густ, станоўчыя  маральныя чалавечыя якасці;

-  садзейнічаць пашырэнню і паглыбленню ведаў пра фальклорныя традыцыі роднага краю, сваёй мясцовасці;

-  развіваць музычна-творчыя здольнасці, уменні перадаваць змест і характэрныя асаблівасці побытавага танца рэгіёна.

Арганізацыйныя ўмовы рэалізацыі праграмы

Праграма разлічана на 3 гады навучання. У аб’яднанне прымаюцца навучэнцы 10-15 гадоў без папярэдняга адбору. Колькасць навучэнцаў у групе першага года складае 12-15 чалавек, другога і трэцяга – 8-10чалавек.

Узрост навучэнцаў першага года навучання – 10-13 гадоў, другога – 11-14 гадоў, трэцяга года – 12-15 гадоў. Такі ўзроставы дыяпазон абумоўлены наступнымі прычынамі: заняткі аб’яднання арганізуюцца ў сельскай школе. Невялікая напаўняльнасць класаў накладвае адбітак і на камлектаванне груп.

Навучэнцы першага года навучання займаюцца 2 разы на тыдзень па 2 гадзіны, усяго 4 гадзіны на тыдзень (144 гадзіны на год).

Навучэнцы другога года навучання займаюцца 3 разы на тыдзень па 2 гадзіны, усяго 6 гадзін на тыдзень (216 гадзін на год).

Навучэнцы трэцяга года навучання займаюцца 4 разы на тыдзень па 2 гадзіны, усяго 8 гадзін на тыдзень (288 гадзін на год). Такі рэжым заняткаў абумоўлены тым, што ўзрост навучэнцаў у групе трэцяга года навучання – 12-15 гадоў, але ж большая частка групы – гэта навучэнцы, якім 14 і болей гадоў.

Форма арганізацыі адукацыйнага працэсу – групавая.

Вялікая ўвага ў праграме ўдзяляецца пашырэнню музычнага кругагляду: слуханне запісаў, наведванне канцэртаў, прагляд музычных фільмаў, гутаркі аб музыцы. Вядзецца работа па заахвочванню да работы  ў калектыве бацькоў, бабуль і дзядуль навучэнцаў: арганізуюцца сумесныя экспедыцыі, канцэрты, майстар-класы, рыхтуюцца касцюмы для выступлення. Асобая ўвага надаецца псіхолага-ўзроставым асаблівасцям навучэнцаў. Увесь матэрыял сістэматызаваны па прынцыпу “ад простага да складанага”.

Выкананне значнай часткі вучэбнай праграмы звязана з рухам, карагодам, тэатральнай дзеяй, таму заняткі праводзяцца ў прасторным памяшканні, якое адпавядае правілам пажарнай бяспекі і санітарна-гігіенічным патрабаванням. Неабходна таксама наяўнасць аптэчкі для аказання першай медыцынскай дапамогі. Выконваюцца правілы бяспечных паводзін.

Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне

-  музычныя інструменты : гармонік, бубен, скрыпка;

-  музычны цэнтр;

-  вітрына альбо шафа для захоўвання касцюмаў, сувеніраў.

Для эфектыўнай працы неабходны набор падручных музычных інструментаў: трашчоткі, пішчалкі, свістулькі, стукалкі, грукалкі, шумавыя інструменты і г.д.

На трэці год навучэнцы прымаюць удзел у рэканструкцыі танцавальных касцюмаў, таму неабходна прадугледзець адпаведны матэрыял для работы: альбом з узорамі касцюмаў, тканіна розных якасцей для спадніцы, сарочкі, фартуха; лекала, іголкі, нажніцы, ніткі для пашыву, для вышывання.

Кадравае забеспячэнне: педагог дадатковай адукацыі і акампаніятар.

Вучэбна-тэматычны план першага года навучання

п/п

Тэма

Агульная колькасць

гадзін

Тэарэтыч-

ныя заняткі

Практыч-ныя заняткі

1.

Уводны занятак

2

2

-

2.

Традыцыйная народная творчасць

18

4

14

3.

Народная харэаграфія

110

20

90

4.

Экспедыцыйная дзейнасць

4

2

2

5.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару

4

-

4

6.

Канцэртная дзейнасць

4

-

4

7.

Выніковы занятак

2

-

2

 

Усяго

144

28

116

 

Змест праграмы першага года навучання

  1. 1.                     Уводны занятак (2г.)

Азнаямленне са зместам праграмы. Мэты і задачы на год. Традыцыі калектыву. Вывучэнне правіл тэхнікі бяспекі і правіл паводзін на занятках.

  1. 2.                     Традыцыйная народная творчасць (18г.)

Беларускі фальклор. Дзіцячы фальклор. Малыя жанры фальклору: загадкі, прымаўкі, прыказкі, лічылкі, гульні. Музычны фальклор. Жанры музычнага фальклору. Каляндарна-абрадавая культура беларусаў. Традыцыйная народная творчасць рэгіёна.

Практычныя заняткі. Знаёмства з літаратурай. Прагляд відэазапісаў фестываля фальклорнага мастацтва “Радавод”. Развучванне  лічылак, прымавак, прыказак. Складанне загадак. Знаёмства і развучване гульняў, дзіцячых песень, каляндарна-абрадавага рэпертуару.

  1. 3.                     Народная харэаграфія (110г.)

Жанры народнай харэаграфіі. Асаблівасці народных танцаў рэгіёна. Побытавы танец. Абрадавыя танцы. Пазаабрадавыя танцы. Танцы-гульні. Карагоды. Сцэнічны рух карагода, гульні. Асноўныя элементы народных танцаў. Асноўныя пазіцыі рук, ног. Пастаноўка корпуса выканаўцаў у пары. Паклон.

Практычныя заняткі. Развучванне асноўных элементаў народных танцаў. Пазіцыі ног: свабодныя, прамыя, закрытыя (адваротныя). Пазіцыі рук: падрыхтоўчая, 1-ая, 2-я, 3-я. Пастаноўка выканаўцаў у пары: адкрытыя, паўзакрытыя, закрытыя, замкнёныя, незамкнёныя. Злучэнне рук у гуртавых і парна-гуртавых танцах. Музычна-прасторавыя практыкаванні. Арыентаванне на сцэне: вызначэнне цэнтра сцэны, напрамак руху. Фарміраванне выканальніцкай культуры, засваенне правіл паводзін у пары.Развучванне карагодаў, традыцыйна-побытавых танцаў, танцаў-гульняў.

  1. 4.                     Экспедыцыйная дзейнасць (4г.)

Этнаграфічныя асаблівасці рэгіёна. Гістарычныя звесткі аб Іванаўшчыне. Правілы паводзін з носьбітамі народнай культуры. Правілы і асаблівасці запісу народных гульняў, малых фальклорных жанраў. Захаванне дыялектычных асаблівасцей.

Практычныя заняткі. Вывучэнне краязнаўчай літаратуры. Сустрэчы навучэнцаў з носьбітамі народнага фальклору з мэтай запісу гульняў, танцаў і іншых фальклорных жанраў, правядзенне сумесных майстар-класаў па вывучэнню побытавых танцаў. Перайманне асноўных рухаў побытавых танцаў. Апрацоўка сабранага ў экспедыцыях матэрыялу.

  1. 5.                     Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага  характару (4г.)

Экскурсія ў пакой сялянскага быту СДК аг.Сачыўкі. Знаёмства з прадметамі сялянскага пакоя, іх прызначэннем. Гутаркі, віктарыны.

  1. 6.                     Канцэртная дзейнасць (4г.)

Удзел у каляндарна-абрадавых святах, канцэртах Цэнтра. Выступленні на святах вёскі, ва ўстановах адукацыі, на дабрачынных мерапрымствах. Правядзенне фальклорнага свята “Запрашаем на вячоркі”.

  1. 7.                     Выніковы занятак (2г.)

Адкрыты занятак з запрашэннем бацькоў і адміністрацыі.

 

Прагноз выніковасці першага года навучання

Навучэнцы павінны ведаць:

-  жанры традыцыйнай народнай творчасці, народнай харэаграфіі;

-  асаблівасці народнай культуры рэгіёна;

-  танцавальны этыкет;

-  правілы паводзін у калектыве;

-   правілы паводзін у час экспедыцый;

-  правілы запісу фальклорных твораў.

Навучэнцы павінны ўмець:

-   абыгрываць розныя жанры дзіцячага фальклору;

-  выконваць асноўныя элементы народных танцаў;

-  арыентавацца ў прасторы залы, разумець напрамак руху;

-  адчуваць музычны ўступ і завяршэнне музычнага твора;

-  засвоіць паставу стана і галавы, пазіцыі ног і рук у танцы;

-  выконваць каля дзесятка побытавых танцаў у адпаведнасці з рэгіянальнай стылістыкай;

-  апрацоўваць сабраны ў экспедыцыях матэрыял.

Прыкладны рэпертуар

Гульні: “Хаванкы”, “Панас”, “У шчупака”, “У мядзведзя”, “Явар”, “У слыпця”. Песні: “Пра камара”, “Курка-шчабятурка”, “ Як служыў я ў пана”, “Калядная зорка”, “Шчадроўныя”.

Традыцыйна-побытавыя танцы: “Падэспан”, “Лысы”, “Мальвіна”, “Лявоніха”, “Карманчыкі”, “Картузэ”, “Базар”, “Полька”.

Карагоды: “А на горі мак”, “Залатыя ворота”.

Танцы-гульні: “Гарбуз”, “У зайчыка”, “Каза”.

 

Вучэбна-тэматычны план другога года навучання

п/п

Тэма

Агульная

к-сць гадзін

Тэарэт. заняткі

Практ. заняткі

1

Уводны занятак

2

2

-

2

Беларуская традыцыйная культура

16

6

10

3

Харэаграфічны фальклор Брэстчыны

164

20

144

4

Экспедыцыйнаядзейнасць

12

2

10

5

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару

4

-

4

6

Канцэртная дзейнасць

6

-

6

7

Выніковы занятак

2

-

2

 

Усяго

216

30

186

 

Змест праграмы другога года навучання

  1. 1.                     Уводны занятак (2г.)

Азнаямленне са зместам праграмы. Мэта і задачы на год. Правілы тэхнікі бяспекі. Культура паводзін на занятках.

  1. 2.                     Беларуская традыцыйная культура (16г.)

Традыцыйная культура Брэстчыны. Жанры вуснай народной творчасці: байкі, паданні, легенды, прыгаворы. Розныя віды казак. Народна-інструментальная музыка Брэсцкага Палесся. Традыцыйны склад інструментальнага ансамбля свайго рэгіёна.

Практычныя заняткі. Запіс паданняў, легенд, прыгавораў ад бацькоў, носьбітаў народнай культуры. Абыгрыванне баек і казак. Праслухоўванне запісаў музычных твораў у выкананні мясцовых выканаўцаў – носьбітаў беларускай традыцыйнай культуры. Знаёмства з дзіцячымі музычнымі інтрументамі: бубен, трашчоткі, свістулькі. Развучванне найгрыша “пад язык”.

  1. 3.                     Харэаграфічны фальклор Брэстчыны (164г.)

Асаблівасці танцавальнага фальклору Брэстчыны. Сцэнічны рух. Асноўныя элементы народных танцаў. Паняцці: “калена першае”, “калена другое”, “калена трэцяе”. Танцавальныя рухі абрадавых танцаў. Віды карагодаў. Асноўныя фігуры карагодаў. Карагод-гульня. Культура паводзін у пары. Парныя танцы. Танцавальны этыкет.

Практычныя заняткі. Фарміраванне выканальніцкай культуры. Вывучэнне танцавальных рухаў: “Пераменны крок”, “Просты крок”, “Бег трушком”. Авалоданне новымі элементамі танцаў: фігуры (кальцо, кола, пара за парай і г.д.), рухі (крок-бег, крок з падскокам, крокі-пераступанні і г.д.), прытопы, пераходы, прыплясы, падскокі, прысяды. Асваенне фігур карагодаў: “Шэсце”, “Крывы ганак”, “Змейка”, “Прачос”. Развучванне карагодаў-гульняў, парных танцаў. Развучванне гульняў-карагодаў.

  1. 4.                     Экспедыцыйная дзейнасць (12г.)

Этнаграфічныя асаблівасці рэгіёна. Гісторыя мясцовасці.Тэхнічныя сродкі запісу фальклорных твораў. Правілы паводзін з носьбітамі танцавальнай культуры. Правілы пашпартызацыі фальклорных твораў.

Практычныя заняткі. Азнаямленне з этнаграфічнай літаратурай. Навучанне рабоце з відэакамерай, фотаапаратам. Сустрэчы з носьбітамі побытавых танцаў у в.Сачыўкі, в.Крывіца: майстар-клас па развучванню побытавых танцаў. Перайманне карагодных рухаў і малюнкаў танца. Апрацоўка сабранага фальклорнага матэрыялу.

  1. 5.                     Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару (4г.)

Экскурсіі, гульні-падарожжы, сустрэчы з фальклорнымі калектывамі рэгіёна.

  1. 6.                     Канцэртная дзейнасць (6г.)

Выступленні калектыву на святах вёскі. Удзел у творчых мерапрыемствах Цэнтра дзіцячай творчасці. Удзел у каляндарна-абрадавых святах, конкурсах.

  1. 7.                     Выніковыя заняткі (2г.)

Конкурс танцавальных пар.

Прагноз выніковасці другога года навучання

Навучэнцы павінны ведаць:

-  жанры вуснай народнай творчасці, музычныя фальклорныя жанры;

-  асаблівасці гучання народных  музычных інструментаў;

-  асаблівасці танцавальнай культуры Брэстчыны;

-  віды карагодаў, іх асноўныя фігуры;

-  культуру паводзін у соцыуме;

-  правілы пашпартызацыі фальклорных твораў;

-  танцавальны этыкет.

Навучэнцы павінны ўмець:

-  абыгрываць жанры вуснай народнай творчасці;

-  валодаць дзіцячымі музычнымі інструментамі;

-  адрозніваць танцавальныя жанры: (танец, марш, полька, вальс);

-  арыентавацца ў музычных жанрах фальклору;

-  распазнаваць характар танца і музычнага суправаджэння;

-  выконваць больш за дзесятак побытавых танцаў у адпаведнай манеры;

-  пераймаць побытавыя танцы ад мясцовых носьбітаў.

Прыкладны рэпертуар

Байкі і казкі: “Як вовк хліб пробуваў”, “Про сырітку”, “Про чоловіка і ёго долю”.

Парныя танцы: “Во саду лі”, “Месяц”, “За гаем-гаем”, “Ночка”, “Яблочко”, “На рэчаньку”, “Кракавяк”, “Каробачка”, “Факсцэс”, “Мясцовая полька”, “Таўкачыкі”, “Мяцеліца”.

Гульні-карагоды: “А мы просо сіялы”, “Гусачок”, “Ой, поскачы, козлэ”.

 

Вучэбна-тэматычны план трэцяга года навучання

п/п

Тэма

Агульная колькасць

гадзін

Тэарэт.

заняткі

Практ.

заняткі

1

Уводны занятак

2

2

-

2

Беларуская традыцыйная культура

24

10

14

3

Побытавыя танцы рэгіёнаў Палесся

218

20

208

4

Народнае адзенне

12

4

8

5

Экспедыцыйная дзейнасць

12

4

8

6

Мерапрыемствы выхаваўча- пазнавальнага характару

8

-

8

7

Канцэртная дзейнасць

8

-

8

8

Выніковы занятак

2

-

2

 

Усяго

288

40

248

 

Змест праграмы трэцяга года навучання

  1. 1.                     Уводны занятак (2г.)

Азнаямленне з планам работы аб’яднання на год. Мэта і задачы праграмы. Правілы тэхнікі бяспекі. Правілы паводзін на занятках.

  1. 2.                     Беларуская традыцыйная культура (24г.)

Традыцыйны народны тэкстыль. Самаробныя тканіны. Традыцыйныя абрадавыя вырабы Іванаўшчыны – ручнікі, вышыўка. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

Практычныя заняткі. Вызначэнне рэгіянальных асаблівасцей традыцыйных абрадавых вырабаў. Развучванне танцавальных кампазіцый з ручнікамі. Падрыхтоўка да свята “Матулін  ручнік”.

  1. 3.                     Побытавыя танцы рэгіёнаў Палесся (218г.)

Знаёмства з разнастайнасцю побытавых танцаў Палесся. Спецыфічныя асаблівасці і аналіз выразных сродкаў побытавага танца. Танцавальныя элементы ў парных танцах. Эмацыянальна-вобразны свет традыцыйных танцаў. Характар выканання. Гуртавыя танцы: колавай формы, сольна-парныя, парныя танцы, з няцотнай колькасцю выканаўцаў, з камандамі. Шматфігурныя танцы.

Танец-карагод шнурковага тыпу свабоднай кампазіцыі. Скокі імправізаваныя, шматварыянтныя танцы на спрытнасць. Скокі сольныя, парныя, сольна-гуртавыя.

Практычныя заняткі. Знаёмства і развучванне парных танцаў з новымі танцавальнымі элементамі (фігуры “Дзяўчаты, наперад”, “Кожны са сваёй”, пераходы тройкамі, складаныя рухі і крокі: кавыралачка, галоп, танцы з прыпеўкамі і г.д.) і больш складанымі кампазіцыямі. Знаёмства і развучванне парных танцаў, парна-гуртавых танцаў колавай формы, танцаў з няцотнай колькасцю выканаўцаў, танцаў з камандамі (аб’явамі), шматфігурных танцаў,танцаў-карагодаў шнурковага тыпу свабоднай кампазіцыі, розных танцавальных рухаў (“завіванне качана”). Вывучэнне танцавальных рухаў для танцаў-скокаў: дробы, падэбаск, нажніцы, саскок з дзвюх ног на дзве. Асваенне танцаў-скокаў.

  1. 4.                     Народнае адзенне (12г.)

Беларускі народны касцюм, яго самабытнасць. Традыцыйныя комплексы мужчынскага і жаночага адзення. Матэрыялы для вырабу. Рацыянальнасць прамалінейнага крою, значэнне арнаментальнага ўзору. Традыцыйныя строі Іванаўшчыны.

Практычныя заняткі. Знаёмства з альбомам “Традыцыйныя народныя касцюмы Беларусі”. Рэканструкцыя танцавальных касцюмаў Іванаўшчыны для розных узроставых танцавальных груп.

  1. 5.                     Экспедыцыйная работа (12г.)

Гістарычныя звесткі. Гісторыя мясцовасці. Тэхнічныя сродкі запісу фальклорных твораў. Правілы паводзін з носьбітамі фальклору. Правілы пашпартызацыі фальклорных твораў.

Практычныя заняткі. Вывучэнне тэматычнай літаратуры. Падрыхтоўка тэхнічных сродкаў запісу фальклорных крыніц. Сустрэчы і запіс фальклорных твораў ад носьбітаў у в.Беразляны. Перайманне манеры выканання побытавах танцаў. Майстар-клас з майстрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў в.Сачыўкі. Афармленне фальклорнага матэрыялу.

  1. 6.                     Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару (8г.)

Пастаноўка фальклорна-этнаграфічнага свята “Матулін ручнік”, творчыя сустрэчы з фальклорнымі калектывамі Брэстчыны, наведванне выстаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

  1. 7.                     Канцэртныя выступленні (8г.)

Выступленні на святах вёскі, ва ўстановах адукацыі. Удзел у мерапрыемствах фальклорнага напрамку.

  1. 8.                     Выніковыя заняткі (2г.)

Канцэртная праграма “Развітальны карагод”.

Прагноз выніковасці трэцяга года навучання

Навучэнцы павінны ведаць:

-  асаблівасці рэгіянальнай традыцыйнай культуры;

-  спецыфіку выразных сродкаў побытавага танца;

-  характар выразнасці танцаў;

-  асаблівасці танцавальнага касцюма;

-  правілы афармлення экспедыцыйных фальклорных твораў;

-  танцавальны этыкет.

Навучэнцы павінны ўмець:

-  вызначаць рэгіянальныя асаблівасці абрадавых вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва;

-  валодаць мноствам разнастайных элементаў у выкананні парных танцаў;

-  умець перадаць характар і манеру побытавага танца;

-  сцэнічна выразна і артыстычна выконваць традыцыйна-побытавыя танцы;

-  ствараць танцавальны касцюм з улікам рэгіянальных асаблівасцей;

-  выконваць больш за два дзесятка побытавых танцаў у адпаведнай стылістыцы;

-  станоўча адносіцца да роднай культуры;

-  прапагандаваць беларускую традыцыйную культуру ў сваім асяроддзі;

-  з павагай ставіцца да носьбітаў фальклору.

Прыкладны рэпертуар

Парныя танцы: “Вальс”, Полькі: “Бабачка”, “Ойра”, “Какетка”, “Каханачка”, “Субота”, “Мазурка”, “Страданне”, “Ріо-Ріта”.

Парна-гуртавы танец колавай формы: “Маруся”, “Кракавяк”.

Танцы з няцотнай колькасцю выканаўцаў: “Кракавяк” (тройкамі), “Казак” (тройкамі).

Танцы з камандамі (аб’явамі): “Полька”, “Кракавяк”.

Шматфігурныя танцы: “Абэрык”, “Полька масавая”.

Танцы-карагоды шнурковага тыпу свабоднай кампазіцыі: “Ланцужок”, “Качан”.

Танцы-скокі: “Мікіта”, “Сербіянка” (з прыпеўкамі), “Казак”, “Барыня”.

Формы і метады рэалізацыі праграмы

Для выканання пастаўленых вучэбна-выхаваўчых задач праграмай прадугледжаны наступныя віды заняткаў: гутаркі, практычная работа, экспедыцыйная і канцэртная дзейнасць.

Побытавы танец вывучаецца на працягу ўсіх гадоў навучання з паступовым ускладненнем тэхнікі і каардынацыі рухаў. Пры вывучэнні кожнага  побытавага танца неабходна падача тэарэтычных звестак: пра гістарычны час, звычаі, этыку і касцюм.

Метады танцавальнага навучання: практыкаванні, паўтарэнне, аналіз і параўнанне, тлумачальна-ілюстратыўны.

Асноўным метадам перадачы мастацкай інфармацыі з’яўляецца навучанне шляхам капіравання рухаў і манеры выканання танцаў ад носьбітаў народнай культуры.

Вывучэнне матэрыялу праграмы рэкамендуецца па прынцыпу злучэння на адным занятку вывучэння элементаў побытавых танцаў і гульні. Гэта дазваляе зрабіць занятак больш эмацыянальным, музычна разнастайным, а таксама садзейнічае раўнамернаму размеркаванню псіхаэмацыянальнай нагрузкі. Праграмны матэрыял складзены з улікам псіхафізічных асаблівасцей навучэнцаў: у малодшых слаба развіты мышцы, хуткая стамляльнасць, вялікая рухомасць, няўменне ўтрымліваць увагу доўгі час. Таму прадугледжана паступовае павелічэнне нагрузкі, чаргаванне хуткіх і павольных тэмпаў, пераключэнне ўвагі на гульню. Абавязковай умовай для заняткаў з’яўляецца творчая, эмацыянальная атмасфера.

Заняткі праводзяцца ў прасторным памяшканні, генеральныя рэпетыцыі – на сцэне. На працягу першага года навучання на кожным занятку карысна практыкаваць марш, пад які навучэнцы ходзяць музычным крокам. Усе пераходы (у лінію, па дыяганалі, колам, зорачкамі, калонамі) павінны быць звязаны з пачаткам музычнай фразы і накіраваны на развіццё арыентавання ў прасторы залы.

З першага года навучання вельмі важна прывучыць навучэнцаў уважліва адносіцца да паставы стану: неабходна сачыць, каб ён утрымліваўся прама. Павароты галавы каардынуюцца з рухамі стану. Пастава выканаўцаў у пары і трыманне рук у пары. Магчымы наступныя паставы: адкрытыя (тварам па напрамку танца, злучыўшы рукі), паўзакрытыя (напаўпаварота адно да аднаго, злучыўшы рукі) і закрытыя (тварам адно да аднаго (візаві), злучыўшы рукі).

З першага года навучання неабходна засвоіць асноўныя элементы народных танцаў. Гэта: прытупы, пераходы ў пары, парныя пераходы; крокі: бытавы (звычайны крок, з каблука на насок), лёгкі (танцавальны, з наска на ўсю нагу), крок з прытупам, прыстаўны крок наперад і ўбок, крок з паваротам, крок-пераскок, крок-пераскок з вынасам нагі, падскокі, павароты прытупамі, крок полькі. Побытавыя танцы па сваіх асаблівасцях маюць многа агульных элементаў, таму важна навучэнцаў з першага года вучыць адчуваць музычны і танцавальны малюнак кожнага побытавага танца.

Неабходна вывучаць асаблівасці народнай харэаграфіі рэгіёна, улічваць інфармацыю, атрыманую ад носьбітаў народнай культуры і іншых крыніц: літаратура, відэаматэрыл.

З улікам гэтых патрабаванняў былі складзены наступныя рэкамендацыі па выкананню традыцыйна-побытавых танцаў Іванаўшчыны.

Пад’эспан. Пастава ў пары тварам па напрамку танца, злучыўшы адну руку на ўзроўні пляча наперадзе, а другую над плячом ззаду. Асноўны рух – прыстаўны крок наперад з прытупам, у канцы музычнага такта – пераглядкі.

Лысы. Пастава ў пары тварам па напрамку танца, злучыўшы адну руку на ўзроўні пляча наперадзе, а другую над плячом ззаду. Асноўны рух – прыстаўны крок наперад з прытупам наперад, пераглядкі, прыстаўны крок убок, крок полькі.

Мальвіна. Пастава ў пары тварам адно да аднаго, злучыўшы разведзеныя рукі. Асноўны рух – бытавы крок з прытупам,управа з прытупам, бытавы крок улева з прытупам, плясканне ў ладкі, паварот прытупамі, злучыўшы рукі.

Лявоніха. Пастава ў пары тварам па напрамку танца, злучыўшы рукі крыж-накрыж наперадзе. Асноўны рух – падэбаск наперад з прытупам, перацяжкі, вярчэнне са злучанымі пад сагнутыя локці рукамі, хлопцы прысядаюць на калена, дзяўчынкі танцуюць падэбаск.

Карманчыкі. Пастава ў пары тварам адно да аднаго, злучыўшы рукі замочкамі. Асноўны рух – крок-пераскок з вынасам нагі, плясканне ў далоні адно аднаму.

Картузэ. Пастава ў пары тварам адно да аднаго, злучыўшы рукі замочкамі. Асноўны рух – двайныя і трайныя падскокі, плясканне ў далоні, пераход управа да другога партнёра.

Базар. Пастава ў пары тварам адно да аднаго, злучыўшы разведзеныя рукі. Асноўны рух – бытавы крок з прытупам, управа і ўлева з прытупам, бытавы крок наперад і назад з прытупам, плясканне ў ладкі з прытупам, пераход у пары прытупамі.

Полька. Пастава ў пары тварам адно да аднаго, злучыўшы рукі ў вальсавай паставе. Асноўны рух – крок полькі, вярчэнне ў пары ў два бакі, прытупы.

Месяц. Крок з шарканнем.

За гаем-гаем. Павароты крокам полькі пад рукой партнёра.

Ночка. Трайны падскок з шарканнем, павароты крокам полькі пад рукой партнёра.

Кракавяк. Павароты рухамі полькі ў пары ў два бакі з прытупамі.

На рэчаньку. Рух з люстэркавымі паваротамі ў два бакі.

Каробачка.Складаная кампазіцыя танца: бытавыя крокі, прыстаўныя крокі ўправа-ўлева, крок полькі, пераходы ў пары з паваротамі, парныя пераходы.

Факсцэс. Пераходы з прытупамі, плясканне ў ладкі з элементамі гульні. Мясцовая полька. Вальсавая пастава, хуткі тэмп выканання.

Мяцеліца. Крокі-прытупы, вельмі хуткі тэмп выканання парных паваротаў.

Таўкачыкі. Танец, які імітуе працэсы абівання і таўчэння зерня ў ступе. Выканаўцы з двума таўкачыкамі імітуюць працоўны працэс, прыстукваюць, прытупваюць і прыпяваюць: “Чыкі, чыкі, таўкачыкі, чыкі, чыкі”.

Мікіта. Імправізаваны, шматварыянтны танец на спрытнасць. Паклаўшы на падлогу вілы крыж-накрыж, неабходна адмыслова праз іх скакаць спачатку па чарзе па аднаму, затым удвух: на месцы, з прасоўваннем па коле (бокам, павярнуўшыся тварам па ходу руху, спіной супраць ходу танца і г.д.) з паўпаваротамі і паваротамі. Важная ўмова выканання танца – не наступіць на вілы.

Качан. У танцы рознымі рухамі паказваецца “завіванне качана” (абрастанне качана лісцем).

Маруся. Парна-гуртавы танец колавай формы. Выконваецца парамі любой колькасцю танцораў пад песню, якую спяваюць самі танцоры.

Сербіянка (з прыпеўкамі). Сербіянка выконваецца па коле “з захадам у сярэдзіну” танцора, які саліруе. Салісты спяваюць, прытанцоўваюць таксама побач з колам, далёка не адрываючыся, адначасова рухаючыся з карагодам у адзін бок. У “Сербіянцы” найчасцей выконваюцца крокі-прытупы, скочная полька, падэбаск, крок-прытуп з невысокім падскокам, пахістванне ўзнятымі ўгору рукамі, перавод рук з боку ў бок перад сабой і ўнізе. Падчас саліравання выконваюцца прыпеўкі на розныя тэмы.

Ланцужок. Танец-карагод шнурковага тыпу свабоднай кампазіцыі, выконваецца вялікай колькасцю ўдзельнікаў. Узяўшыся за рукі, карагоднікі гуськом крокам-бегам рухаюцца за вядучым, які адвольна “малюе” прасторавыя фігуры. Асноўная задача ўдзельнікаў – не расшчапіць рукі пры выкананні замыславатых фігур.

Значная частка праграмы адводзіцца на практычныя заняткі, канцэртную дзейнасць і сустрэчы з носьбітамі, што дазваляе свядома засвоіць традыцыйную народную культуру, трывала замацаваць характар і манеру выканання танцавальнага фальклору.

На выніковых занятках навучэнцы дэманструюць увесь матэрыял, вывучаны за папярэдні год.

З мэтай падтрымкі матывацыі навучэнцаў праводзяцца агляды-конкурсы, майстар-класы для іншых навучэнцаў, удзел у канцэртнай дзейнасці, у выхаваўчых мерапрыемствах Цэнтра дзіцячай творчасці. Найбольш актыўныя навучэнцы ўзнагароджваюцца граматамі, іх бацькі атрымліваюць лісты падзякі.

Літаратура для педагога

  1. Белякова, Р.М. Беларускія народныя гульні ў пачатковай школе: Дапаможнік для настаўнікаў і выхавальнікаў / Р.М. Белякова. – Мінск: “Асар”, – 1997. – 40с.
  2. Берасцейскі вазок: зборнік матэрыялаў этнаграфічных экспедыцый і II дзіцячай абласной навукова-практычнай канференцыі / пад рэд. Н.У. Паліўка. – Брэст : Альтэрнатыва, 2009. – 160с.
  3. Зборнік адукацыйных праграм музычна-харэаграфічных аб’яднанняў: Харэаграфія / Склад. О.А. Клецова. – Мінск: НЦХТДМ, 2007. – 52с.
  4. Казакова, І.В. Беларускі фальклор: вуч. дапам. / І.В. Казакова. – Мінск: Выд.цэнтр БДУ, 2007. – 309с.
  5. Касцюкавец, Л.П. Беларускія народныя абрады / склад., навук. рэд. і прадм. Л.П. Касцюкавец. – Мінск: Беларусь, 1994. – 128с.
  6. Крук, Я. Следам за сонцам: бел.нар.каляндар / Я.Крук. – Мінск, 1998. – 210с.
  7. Культурная спадчына беларусаў як аснова грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў: вопыт Брэсцкага рэгіёна: зборнік метадычных і практычных матэрыялаў / Склад. Т.М. Крыўко. – Мінск: НЦМТДМ, 2013. – 136с.
  8. Лабачэўская, О.А. Беларускі народны касцюм: крой, вышыўка і дэкаратыўныя швы / О.А. Лабачэўская, З.І. Зіміна. – Мінск: Беларус. навука, 2009. – 279с.
  9. Музыка народных танцаў беларусаў: у пералажэнні і апрацоўцы для фартэпіяна / уклад., уступ М.А. Козенкі. – Мінск: БДУ культуры і мастацтваў, 2008. – 100с.
  10. Стварэнне этнакультурна-адукацыйнай прасторы як умова выхавання духоўна-маральных каштоўнасцей і сацыялізацыі навучэнцаў у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: зборнік навукова-метадычных і практычных матэрыялаў / Склад. Т.М. Крыўко. – Мінск: НЦМТДМ, 2013. – 116с.
  11. Типовая программа дополнительного образования детей и молодёжи (художественный профиль) / Сайт [Министерство образования Республики Беларусь]. – Режим доступа// http://edu.gov.by/main.aspx?guid=6131. Дата доступа: 20.09.2012г.
  12. Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання. Вып.3: Матэрыялы IV Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі (2-3 красавіка 2008г. г.п.Акцябрскі) /аўт. праекта і ўкл. М.А. Козенка. – Мінск: Бел ДІПК, 2008. – 296с.
  13. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6т. Т.4. Брэсцкае Палессе. У 2кн. Кн.2 / А.М.Боганева і інш.; ідэя і агул. рэдагаванне Т.Б. Варфаламеевай. – Мінск: Выш.шк., 2009. – 863с.

Літаратура для навучэнцаў

  1. Беларускія народный гульні ў школе / склад. У.М. Краж, В.В. Трубчык. – Мінск, 1993. – 112с.
  2. Вількін, Я.Р.Беларускія народныя гульні: вытворча-практ. выданне / Я.Р. Вількін.– Мінск: Беларусь, 1996. – 86с.
  3. Часоў былых і новых сувязь: Зборнік лінгвістычных і фальклорных матэрыялаў Іванаўшчыны / Укладанне і рэдагаванне В. Волкава, М. Пракаповіч. – Брэст: ПУП “Выдав. Акадэмія”, 2004. – 248с.
  4. Цітоў, В.С. Этнаграфічная спадчына / В.С. Цітоў.– Мн.: Беларусь, 1997. – 207с.
  5. Чурко Ю.М. Вянок беларускіх танцаў. / Ю.М. Чурко.–Мінск: Беларусь, 1994. – 88с.