Ошибка :

Показать отладочную информацию

Неверагодны цуд, Кандрацьева Таццяна Ігараўна
Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи
ruen

Неверагодны цуд, Кандрацьева Таццяна Ігараўна

Рэспубліканскі конкурс распрацовак літаратурнага матэрыялу для дзіцячага тэатра

Намінацыя:
«Літаратурны матэрыял па матывах твораў вуснай народнай творчасці» для сярэдняга школьнага ўзросту

Неверагодны цуд

Аўтар-складальнік:
Кандрацьева Таццяна Ігараўна,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
ДУА «Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна»

Уваравічы 2016

Друкуецца па рашэнні абласнога метадычнага савета, пратакол № 1 ад 28.01.2016

Рэцэнзент: Макушкін А.В., намеснік дырэктара па арганізацыйна-масавай і творчай рабоце УА "Гомельскі дзяржаўны абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі»

«Неверагодны цуд»: казка ў дзвюх дзеях / Аўтар-складальнік: Кандрацьева Т.І., г.п.Уваравічы: ДУА «Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна», 2016

Казка «Неверагодны цуд» – гэта казка пра дабро і зло, чароўнае дзіва, якое знайшла галоўная гераіня Алёнка. У гэтай гісторыі паказаны розныя персанажы: злыя і добрыя. Як вядома, старанне і праца да шчасця вядуць. Таму казка са шчаслівым канцом пакідае светлы след у душы, дорыць надзею і жаданне здзяйсняць толькі добрыя ўчынкі.
Казка дапамагае дзецям перамагчы хвальбу, ганарыстасць, зайздрослівасць і прагнасць.


Кандрацьева Таццяна Ігараўна

Неверагодны цуд


Тэатральная пастаноўка разлічана на дзіцячую аўдыторыю, з магчымасцю пастаноўкі ў дзіцячым тэатры. Прызначана педагогам дадатковай адукацыі, кіраўнікам і ўдзельнікам дзіцячых тэатральных калектываў.

Дзеючыя асобы:

Алёнка;
Дабрадзей;
Сабака Мартын;
Бяка-Выхваляка;
Злюка-Закалюка;
Бабка-Пачварка.

Дэкарацыі:

Квітнеючы сад, шкляны домік, загінуўшы сад.

Рэквізіт:
Касцюмы галоўных герояў, цукерка, здутыя гумовыя порхаўкі, поліэтыленавая плёнка, сукенка, медаль, гаршчэчак, лыжка, наморднік, ланцуг, паляўнічая сетка, кветка лілея, цвік.

Дзея першая

Квітнеючы сад, які буяе вясновымі фарбамі. Дагледжаныя дбайнай рукою дрэвы, на іх галінках спяваюць радасна птушкі.
Гучыць трывожная музыка, у садзе з розных бакоў з’яўляюцца Бабка-Пачварка, Злюка-Закалюка і Бяка-Выхваляка
Бабка-Пачварка: Не, вы бачыце? Прыгажосць! Кветачкі! Зелянінка! Пагібель наша!
Злюка-Закалюка: Якая брыда!..
Бяка-Выхваляка: А хто гэта ўсё нарабіў?
Бабка-Пачварка: Гаспадары! Бач, што выдумалі! Садок развялі! Дрэўцы садзяць! Крынічку адкапалі! Хіба ж так можна? Ад птушыных спеваў галава пухне! Ад вашай вады крынічнай – раз, і ў лякарню! Калі так і далей, то хутка нам – ні балотца, ні цямрэчы, ні гнілля, ні ўсеагульнага смуроду, аніякай страшэннай пачварнасці не застанецца!
Злюка-Закалюка і Бяка-Выхваляка (напужаныя): Што ж рабіць, бабулька?
Бабка-Пачварка: Вы што, забыліся закляцце балотных злыдзянят? Паўтараю яшчэ раз: “Хай засмокча вас балота, хай казыча вас вядзьмак!”.
Злюка-Закалюка і Бяка-Выхваляка: Засыхайце ў садзе дрэвы, загрузайце ў твані, у багне, патанайце ў бруднай жыжы, плюх, плюх, плюх і буль, буль, буль!
Бабка-Пачварка: Даручаю вам, злыдні, чарговую, на гэты раз самую найзладзейскую справу! Тлумачу па пунктах. А: чысцюткую крынічку – закапаць! Б: дрэвы, кветкі – пад корань!
Бяка-Выхваляка: Дык забаронена міжнароднай канвенцыяй...
Бабка-Пачварка: Нічога!.. В: Алёнку – ачмурыць, ды не зусім! Яна яшчэ нам спатрэбіцца. (Дастае вялікую цукерку, працягвае злыдням.) Трымайце!
Бяка-Выхваляка: Што гэта?
Бабка-Пачварка: Чаротавая цукерка.
Бяка-Выхваляка: Чортавая?!
Бабка-Пачварка: Чаротавая! І той, хто яе з’есць, усё бачыць наадварот: дрэннае – добрым, брыдкае – прыгожым.
Бяка-Выхваляка: А што далей?
Бабка-Пачварка: А далей – пункт Д: Мартына – на ланцуг! А будзе брахаць ды ўспамінаць, што чалавекам быў, – язык прышчаміце! Е: Дабрадзей. З ім я разбяруся сама... Ё: Ясна?
Злюка-Закалюка і Бяка-Выхваляка: Служым вялікай Порхаўцы!
Бабка-Пачварка: А я вам вось што пакідаю. (Дае злыдням тузін здутых гумавых порхавак.) Для ўзору: каб замест гэтага саду – толькі такія порхаўкі! А пакуль – можаце ў іх жыць. І глядзіце – я праверу! Не зробіце, як сказала, – зноў у людзей абярну, кветкі нюхаць прымушу, вочы нябеснай сінечаю запарушу! І найбольш сцеражыцеся Дабрадзея. Мне данеслі: ён валодае нейкай таемнай зброяй. Але я дазнаюся, усе роўна дазнаюся. Асцярожна, асцярожна і яшчэ раз асцярожна! Знікаю.
Бабка-пачварка знікае. Злыдні раскатваюць рулон поліэтыленавай плёнкі, зацягваюць ёю чысцюткую крынічку
Бяка-Выхваляка: Ну, колькі можна? Дзвесце сорак шосты сад!
Злюка-Закалюка: Загадвае, загадвае! Лёгка гэтай Бабцы-Пачварцы жар чужымі рукамі заграбаць.
Бяка-Выхваляка: Нічога, нічога, справімся – тады і да яе дабярэмся!
Злюка-Закалюка:Выхваляка, не выхваляйся! (Ускрыкваюць разам.) Адным ударам каратэ! Кі-я!
Падскокваюць, замахваюцца і падаюць.
Раптам чуецца голас Алёнкі
Злюка-Закалюка: Во, гэтыя ідуць – натуралісты!
Бяка-Выхваляка: Акопваемся!
Хуценька надзімаюць вялізную порхаўку і залазяць у яе.
Дзяўчынка гуляе сярод дрэў, збірае кветкі. З’яўляюцца Дабрадзей у дарожным плашчы і з кіем, побач яго верны сабака Мартын
Дабрадзей: Нехта быў у нашым садзе... І неяк змрочна стала...
Мартын (прынюхваецца да паветра): Р-р-р! І пах непрыемны. Не падабаецца гэта мне.
Дабрадзей: Так...
Мартын: У нашым садзе заўжды пахне ружамі. (Пауза.) Або вішнямі. А зараз – тхлом нейкім.
Дабрадзей: Ох, Мартынка, глядзі! Глядзі, каб не здарылася чаго нядобрага. На цябе, можна сказаць, аднаго пакідаю і наш сад, і Алёнку. Найпрыгажэйшую кветачку! А мне ехаць трэба. (Паказвае паштовы канверт.) У краіну Малінію. Там тля такі ж сад вынішчае. Не паехаў бы, ды баюся, хутка і да нас гэтая навала дакоціцца.
Мартын: Як сумна! (Падвывае.). О-ў! Чаму я не чалавек?!
Алёнка: Ты куды, Дабрадзейка?
Дабрадзей:     Не хвалюйся, Алёнка, я хутка. Суседзі на дапамогу клічуць. А мы заўжды суседзям дапамагалі. А вы ж за садам глядзіце. Гэта не чый-небудзь, а наш сад.
Захінаецца ў плашч, знікае за дрэвамі
Мартын: Піць ахвота…Ох, і дрэўцам таксама! (Падыходзіць да чысцюткай крынічкі і раптам бачыць, што ў ёй знікае вада.) Алёнка! Вада знікае!
Алёнка (выходзіць з-за дрэў.): Што? Якая цудоўная раніца!
Мартын (бурчыць у бок): Дзе ж цудоўная?
Алёнка (спявае і гладзіць Мартына): У такі дзень і сумаваць? Як хораша, зірні!
З порхаўкі вылазяць раззлаваныя Злюка-Закалюка і Бяка-Выхваляка
Злюка-Закалюка: Хто тут спявае? Гэта непарадак! Гэта парушэнне!
Бяка-Выхваляка: Вы нам перашкаджаеце! Мы сядзім, абсалютна нічога не робім, балдзеем, а тут спевы нейкія! Выказваем рашучы пратэст!
Злюка-Закалюка: Так, пратэст! (Крычыць.) Далоў дрэвы! Далоў зеляніну! Далоў квецень!
Алёнка (смяецца): Якія смешныя! Хадзіце разам спяваць!
Мартын. Не чапай!..
Злюка-Закалюка: Бо-бо-бо! Смяецеся? Радуецеся? Нічога, хутка заплачаце!
Бяка-Выхваляка: А мы, наадварот, зарагочам! Бэ-бэ-бэ!
Злюка-Закалюка: Я Бя-
Бяка-Выхваляка: Злю-
(разам) -ка! -ка!
Злюка-Закалюка: Усё наадварот! Гэта я Злюка!
Бяка-Выхваляка: Гэта я Бяка!
Злюка-Закалюка: Дык ты дражніцца?
Алёнка: Пужаеце… А навошта? Вы такія добрыя стварэнні.
Бяка-Выхваляка: Злючка, ты чуеш? Яна абзываецца!
Алёнка: Што я вам зрабіла?
Мартын (спрабуе адвесці Алёнку ад злыдняў): Не дражні іх, Алёнка. Гэта відаць, злыдні, і не простыя, а балотныя-падкалодныя!
Алёнка: Ты іх баішся?
Мартын: Ведаць іх не жадаю і табе не раю.
Алёнка: Яны ж такія смешныя, такія мілыя! Паглядзі на Злюку-Закалюку: і лаецца, і крычыць, і сама сябе за вуха хоча укусіць! А Бяка-Выхваляка? І надзімаецца, і выхваляецца!
У гэты момант Злюка-Закалюка і Бяка-Выхваляка знарок чапляюць галінкаю
за сукенку Алёнку
Злюка-Закалюка: Яшчэ ўбачым!
Бяка-Выхваляка: Мы такое прыдумаем, такое вычварым, у!
Мартын. Пайшлі адсюль!
Прыкрывае сабою Алёнку ад непрыемнай кампаніі.
Мартын і Алёнка пакідаюць сцэну
Бяка-Выхваляка: Якая дрэнная дзяўчынка!
Злюка-Закалюка: Якая брыдкая дзяўчына!
Бяка-Выхваляка: Трэба яе правучыць!
Злюка-Закалюка: Трэба яе пакараць.
Бяка-Выхваляка: А як? Гавары хутчэй, а то як трэсну!
Злюка-Закалюка: Ты…Ты пагражаць?
Бяка-Выхваляка: Гавары, што задумала?
Злюка-Закалюка: Ты забылася на чаротавую цукерку?
Бяка-Выхваляка: Чортавую?!
Злюка-Закалюка: Чаротавую?
Бяка-Выхваляка: У цябе ёсць цукерка? І ты маўчыш? Давай хутчэй, я яе з’ем.
Злюка-Закалюка: Я табе з’ем! Яе павінна з’есці Алёнка! Тады яна ўбачыць свой сад і нас таксама прыгожанькімі, кіне здзекі, і мы лёгка заманім яе ў нашы зладзейскія шыхты!
Бяка-Выхваляка: А што з Мартынам?
Злюка-Закалюка: Нічога! Скруцім цюцьку і так. Ён нам яшчэ паслужыць.
Бяка-Выхваляка: А раптам Алёнка не захоча есці гэтую цукерку?
Злюка-Закалюка: Захоча. Злюка-Закалюка ведае, што робіць. Ты мне лепш не перашкаджай, а падтаквай! Згода?
Бяка-выхваляка: Згода. А мо, усё ж я яе з’ем?
Злюка-Закалюка: Дык ты не слухацца? (Дае выспятка Бяцы-Выхваляцы. Тая адказвае тым жа.)
Паміж Злюкай-Закалюкай і Бякай-Выхвалякай пачынаецца сапраўдная бойка. І раптам на сад імкліва наплывае нейкі шэры туман. Сад мяняецца на вачах, дрэвы засыхаюць, блякнуць усе вясёлыя фарбы, усё панікае і становіцца змрочным, няўтульным
Бяка-Выхваляка: Бабка! Бабулька! Які жах!..
Злюка-Закалюка: С-страшна!..
Бабка-Пачварка спускаецца да злыдняў
Злюка-Закалюка: Ваша несусветнае зладзейства! Заданне нумар дзвесце сорак шэсць выканана!
Бабка-Пачварка: Што?
Бяка-Выхваляка: Напалову…
Бабка-Пачварка: Добра!.. (Дастае медаль, разломвае на дзве палавінкі) Калі выканаецца да канца, атрымаеце па другой палавіне. (Вешае на шыі злыдняў)
Бяка-Выхваляка і Злюка-Закалюка: Служым Вялікай Порхаўцы!
Бабка-пачварка (дастае нейкі гаршчэчак): Я вам тут жыжкі балотнай… Трошкі… (Корміць з лыжачкі злыдняў жыжкаю).
Злюка-Закалюка: А што нам рабіць далей?
Бабка-Пачварка: Усяму вас вучыць! Пакуль Мартын разам з гэтай гідкай дзяўчынкаю – яны сіла! Іх трэба раз’яднаць, а потым выканаць пункты Д і Е, Ё: ясна? Трымайце! (Кідае ім пад ногі сабачы наморднік і ланцуг)
Злюка-Закалюка і Бяка-Выхваляка хаваюцца за дрэвамі. Са шклянога дамка выходзяць Мартын і Алёнка. Заўважаюць, што з садам здарылася нешта жудаснае. Дзяўчынка асцярожна кранае сухія галінкі дрэва
Алёнка: Вой! Нешта святла стала меней, і ўсё не такое нейкае…
Мартын: Бяда, сад напаткала бяда!
Алёнка: Птушак не чуваць…
Мартын (кідаецца да месца, дзе біла раней чысцюткая крынічка): Знікла! Знікла зусім! Знікла чысцюткая крынічка! У, гэтыя злыдні! А я яшчэ ўчора забыўся паліць дрэўцы! І наш сад… (усхліпвае) высах, як восеньскі ліст, высах! Гэта я вінаваты, я!
Алёнка: Супакойся, Мартынка, ты не вінаваты… Што ж трэба зрабіць, каб вярнуць крынічку?
Мартын: А каб я ведаў!.. Ну чаму я не чалавек!..
Бяка-Выхваляка і Злюка-Закалюка пачынаюць клікаць Мартына змененымі галасамі: “Мартын! Мартынка! Дапамажы! Уратуй!..”
Мартын: Нехта ў бяду трапіў. Можа, Дабрадзей? А тут яшчэ гэтыя злыдні! (Да Алёнкі) Нікуды пакуль не выходзь! Я хутка! (Знікае за дрэвамі)
З-за дрэў чуюцца гукі валтузні, брэх, крыкі злыдняў. І вось Мартына, ужо на ланцугу і ў намордніку, цягнуць у кусты, абкручваюць паляўнічаю сеткаю.
Алёнка, не дачакаўшыся Мартына, заспявала.
З двух бакоў да яе набліжаюцца Злюка-Закалюка і Бяка-Выхваляка
Злюка-Закалюка: Спяваеш?
Алёнка: Спяваю…
Бяка-Выхваляка: Чулі, чулі. (Турхае Злюку-Закалюку) Нам падабаецца.
Бяка-Выхваляка (працягвае Алёнцы цукерку.): Вазьмі, не бойся.
Злюка-Закалюка: Бяры, бяры! Не сумнявайся!
Алёнка бярэ цукерку. Злыдні ў нецярпенні замерлі: ці адбудзецца зло, якое яны задумалі? І вось Алёнка надкусвае цукерку, потым яшчэ. І раптам на вачах пачынае мяняцца, становіцца вельмі падобнай на Злюку-Закалюку
Бяка-Выхваляка: Малайчына!.. Смачна?
Алёнка: Цукерка ваша ў росце растае. Вялікі дзякуй вам, сябры мае!
Бяка-Выхваляка: Сябры, сябры!
Злюка-Закалюка: Не сумнявайся! Лепшых не шукай, не знойдзеш!
Бяка-Выхваляка: Ці не жадаеш да нас у кампанію?

Дзея другая
Алёнка (злосна смяецца): Кветкі лілея!..
Злюка-Закалюка: Аддай, я першая знайшла!
Алёнка: І не падумаю!
Бяка-выхваляка: Мая, мая кветачка!
Пачынаецца сапраўдная бойка за кветку. Але як толькі хтосьці да яе набліжаецца, кветка лілея адштурхоўвае яго ад сябе нейкай невядомай таемнай сілаю
Злюка-Закалюка: А цюцька нашто? Бяка, вядзі сюды! Няхай ён нам паслужыць!
Бяка-Выхваляка: Ага, абібок! Паслужыць!
Бяка-Выхваляка прыводзіць на ланцугу Мартына. Аднак кветка лілея ўзлятае ў паветра, і даскочыць да яе ўжо немагчыма
Злюка-Закалюка (потым да яе далучаюцца і Бяка-Выхваляка з Алёнкаю): Узяць! Дастаць! Скачы! Служы! Вышэй! Хутчэй! Узяць! Дастаць! Скачы!
Мартын скача і скача, спрабуючы дастаць кветку
Злюка-Закалюка: Ідзе! Садоўнік нашых душ!
Бяка-Выхваляка: Хавай Мартына! Потым з кветкаю расправімся!
Валакуць Мартына ў кусты. З’яўляецца Дабрадзей. Відаць, што ён з далёкай дарогі
Дабрадзей: Добры дзень, шаноўныя. Чым заняты, калі не сакрэт? Алёнка, ты з імі?!
Злюка-Закалюка: Мы тут…сад да ладу…
Бяка-Выхваляка: Так, так! Парадак наводзім.
Дабрадзей: Загубілі сад!..
Злюка-Закалюка: Так…Сад…
Бяка-Выхваляка (балюча штурхае Злюку-Закалюку, да Дабрадзея, з кіслай усмешкаю): Мы не тое, каб…
Дабрадзей: Ох, ох, ох! (Пагражае злыдням). Ну, дабяруся я да вас! Мартыне, Мартыне, дзе ты, мой верны сябра? (Ідзе шукаць Мартына)
Напужаныя злыдні перахоўваюць Мартына з месца, нарэшце зацягваюць
сабаку ў глядзельную залу
Дабрадзей: Ну, злыдні! Ну, падманшчыкі! (Забірае Мартына да сябе).
Злыдні ў гэты час недзе хаваюцца
Дабрадзей (здымае з Мартына ланцуг і наморднік): Трымайся, братка… я зараз…Зараз табе будзе лягчэй. Гэта ж трэба! Над жывым! Калючым дротам! Баліць? Баліць, баліць, я ведаю! Цярпі, братка!
(Адкідвае наморднік прэч) Што, Бабка? Пачварка? Генерал? Якой, ты кажаш, арміі?
Мартын (мычыць): Ы…у…Л…Цкр…
Дабрадзей: І Алёнку? Ну злыдні! Увесь сад спаганілі!
Мартын (мычыць): Сха…Цхр…Дж…Дз…
Дабрадзей: Ды што ў цябе з языком? (Зазірае ў пашчу Мартыну, дастае адтуль вялізны цвік). Во, закляпалі!
Мартын: А што я? Я ж не вінаваты!
Дабрадзей: Ну, хопіць. Потым!.. Знайдзі Алёнку! Хутчэй! Каб чаго горшага не было.
Мартын: Мартын служыць верна! Я зараз! (Бяжыць шукаць Алёнку)
Дабрадзей (адзін сярод саду, які амаль што загінуў): Быў сад – быў род. Няма саду – няма роду.
Мартын (з-за дрэў): Ад мяне не схаваеш! Дабрадзей, знайшлася! (Прыводзіць Алёнку, якая па-ранейшаму не пазнае сваіх былых сяброў).
Дабрадзей: Алёнка! Ты хоць разумееш, дзе ты і з кім?
Аленка: Затое тут мае сябры…
Мартын: Сябры не могуць здрадзіць!
Аленка: Яны цукерку мне далі…
Дабрадзей: І слоў хлуслівых намялі!
Мартын: І злосць у іх паглядзе!
Алёнка: Яны дабра зрабілі шмат.
Дабрадзей: То не дабро, а чорны яд!
Мартын: З агнём яны гуляюць!
Страшны сад яна па-ранейшему бачыць квітнеючым і вясёлым
Алёнка:    Мой сад! Мой любы сад!
Як лёгка дыхаецца тут!
Званочкі, ружы і рамонкі –
Вам дам вадзіцы чыстай, звонкай!
Дабрадзей: Ды што з ёю? Трэба спыніць гэты здзек?
Мартын: Можа, я ім рукі-ногі адкушу? Гэй, дзе вы там? (Шнырыць па кустах, раптам знаходзіць злыдняў). Ага, папаліся!
Мартын вядзе Злюку-Закалюку і Бяку-Выхваляку
Злюка-Закалюка: Не кусай нас, сабачка. Мы добрыя!
Бяка-Выхваляка: Мы больш не будзем.
Дабрадзей: Добрыя? А хто Алёнку зачараваў?
Злюка-Закалюка: Мы? Не, не мы.
Дабрадзей: А з Алёнкай што зрабілі?
Бяка-Выхваляка: І гэта ўсё не мы.
Дабрадзей:     Як не вы?
Злюка-Закалюка: Гэта Бабка-Пачварка.
Дабрадзей: Бабка?
Бяка-Выхваляка: Бабка! Што жыве ў гразкім балоце? Яна прыдумала чаротавую цукерку.
Дабрадзей: І вы пачаставалі Алёнку?
Бяка-Выхваляка і Злюка-Закалюка: Так… Пачаставалі.
Дабрадзей: Прагнаць вас трэба!
Бяка-Выхваляка і Злюка-Закалюка: Не праганяйце, мы выправімся! Мы ўжо не хочам жыжкі. Мы кашкі хочам.
У садзе з’яўляецца Бабка-Пачварка, пераапранутая ў добрую бабульку
Бабка-Пачварка: Людцы мае мілые! Прытуліце суседачку з краіны Абгрызеных Костачак! Зусім горка ў нас стала!
Мартын: У нас не лепш.
Дабрадзей: Што бурчыш? Людзі ў бядзе, а ты… (да Бабкі-Пачваркі) Што здарылася, бабулечка?
Бабка-Пачварка: Бяда! Напаткала нашых людзей страшная хвароба. Нішто не дапамагае, нішто! Только кветка лілея ўратуе іх. Пазычце!
Мартын (прынюхваецца да Бабкі-Пачваркі): Не давай! Падмане!
Бяка-Выхваляка і Злюка-Закалюка: Уратуй, Дабрадзейка! (да дзяцей з глядзельной залы) Давайце разам: “Уратуй, Дабрадзейка!”.
Мартын: Не давай!
Дзеці з залы: “Не давай! Яна падманвае!”
Дабрадзей: Трэба дапамагчы, калі просяць. Не хвалюйся, бабулечка. Дапаможам.
Бабка-Пачварка: Вось дзякуй! (Да Алёнкі, якая ў гэты момант падыходзіць з букетам сухіх галінак) Дзяўчынка, дай мне вось тую кветачку.
Алёнка падыходзіць да кветкі лілеі, спрабуе яе сарваць, і раптам з ёю пачынае адбывацца нейкі цуд. Чым бліжэй яна да кветкі, тым быццам больш да яе вяртаецца памяць
Мартын (разнюхаў Бабку-Пачварку): Бабка? Ну, трымайся, бабка! (Смела кідаецца на яе).
Бабка-Пачварка (у сваім сапраўдным злым абліччы, адбірае кветку лілею з рук Алёнкі): Спачатку злаві, дастань!
Мартын: Бабка, не будзі ўва мне звера! (Вырывае з яе рук кветку лілею).
Бабка-Пачварка: Пусці! Адчапіся!
Разам з Бабкай-Пачваркаю з садка ўцякаюць і Бяка-Выхваляка і Злюка-Закалюка
Мартын: Стойце!
Дабрадзей: Мартын, спыніся! Кветка ў нашых руках! (Даюць кветку ў рукі дзяўчынцы)
Алёнка: Ах! Дзе я?
Злюка-Закалюка: Дабрадзей! (Злыдні чмыхаюць у вочы дабрадзею порхаўкаю, уцякаюць, хаваюцца ў кустах)
Дабрадзей (хапаецца за вочы): Ай! Я нічога не бачу! Што гэта?
Мартын: Прамыць вадою! Дзе крынічка?
Алёнка: Кветка звяла. Што рабіць?
Дабрадзей: Сіла лілеі ў людской энергіі. Толькі тады яна робіць цуды.
Мартын (да дзяцей, у залу.): Дзеткі! Беларусікі! Каб вярнуць Дабрадзею зрок, трэба трошкі вашага цяпла! Маленечкую часцінку вашай душы! Толькі тады абудзіцца лілея, толькі ў ёй – цудадзейная сіла!
Бабка-Пачварка: Не трэба! Не рабіце гэтага! Калі ажыве лілея, то я не змагу… (Закрывае рот сабе рукамі)
Мартын: Дзеткі, хутчэй зараджайце лілею! Дабро заўсёды перамагае зло! І мы пераможам!
Мартын і Алёнка працягваюць кветку ў залу, і дзеці сваімі ручкамі “зараджаюць” яе. І вось лілея раскрывае свае пялёсткі, а сярод дрэў звонка зазвінела крынічка!
Бабка-Пачварка: Гэта мая пагібель! Адкуль столькі святла? Хутчэй у цемру! Схаваемся, перасядзім!
Бяка-Выхваляка: Мы яшчэ вернемся!
Злюка- Закалюка: Мы яшчэ вам пакажам!
Уцякаюць разам с Бабкай-Пачваркай
Мартын: Сюды вам больш няма дарогі.
Дабрадзей: Дзе я? Я нічога не бачу!
Мартын: Зараз ты ўбачыш святло!
Мартын кідаецца да чысцюткай крынічкі, зачэрпвае вады і прамывае вочы Дабрадзею.
Дабрадзей: Я бачу! Здарыўся неверагодны цуд: сад расквітнеў!
Алёнка: Мой сад! Ты – казка!
Мартын: Зірні, якія вішні Я гатовы аддаць усё, каб толькі яны жылі, а разам – наша памяць і дабрыня, і верныя сябры!
Мартын уздымае кветку лілеі высока
Алёнка: Гэта кветка нашага лёсу, нашай долі і шчасця! (Да дзяцей)
Дабрадзей: Беражыце сваю кветку лілеі, беражыце свой сад! У ім – ваша сіла!
Усе бяруцца за рукі
Заслона

Спіс выкарыстанай літаратуры:

1.Кабашнікаў, К. П. Чарадзейныя казкі: ч. 1 / НАН Беларусі, К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы. – Мінск: Беларуская навука, 2003.
2.Кабашнікаў, К. П. Чарадзейныя казкі: ч. 2 / НАН Беларусі, К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы. – Мінск: Беларуская навука, 2003.
3.Кабашнікаў, К. П. Беларускія народныя казкі: Зборнік / Склад.: Г. А. Барташэвіч, К. П. Кабашнікаў. – Мінск: Навука і тэхніка, 1986.
4.Сабалеўскі, А. Жывая вада: драматычныя казкі / А. Сабалеўскі. – Мінск, 1994.