Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи
  • ул. Кирова 16
  • +37517 327-08-75

“ВЫСЭЛЫКЫ”

ПРАГРАМА ФАЛЬКЛОРНАГА ГУРТА“ВЫСЭЛЫКЫ”

Гарнастай Н. М., Давідовіч А. Я.
Іванаўскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці

Тлумачальная запіска

Беларускі народ пакінуў нашчадкам багатую фальклорную спадчыну, з якой павінен знаёміцца кожны чалавек з дзяцінства, бо веданне сваіх вытокаў, сваіх каранёў садзейнічае фарміраванню пачуцця нацыянальнай годнасці, любові да свайго народа, краіны.

Фальклор адыгрываў і адыгрывае значную ролю ў жыцці нашага народа: аднаўляе сувязь часоў, фарміруе пачуццё прыгожага на лепшых узорах створанага народам мастацтва, выхоўвае лепшыя якасці чалавека: працавітасць, сумленнасць.

Праграма фальклорнага гурта “Высэлыкы” скіравана на вывучэнне традыцыйнай культуры Заходняга Палесся і народнай спадчыны Іванаўшчыны. Праграма складзена на падставе тыпавой праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (мастацкі профіль), рэалізуецца на базавым узроўні, грунтуецца на прынцыпах індывідуальна-асобаснага падыходу, дэмакратызацыі і гуманізацыі навучання.

Змест праграмы фальклорнага гурта “Высэлыкы” арыентаваны на вывучэнне каляндарна-абрадавага фальклору свайго рэгіёна, засваенне агульначалавечых духоўных і маральных каштоўнасцей, на эстэтычны і творчы характар успрымання навучэнцамі прапанаванага матэрыялу.

Стварэнню любові да народнай культурнай спадчыны спрыяюць сустрэчы з мясцовымі носьбітамі фальклору, слуханне – успрыманне музычных твораў, далучэнне навучэнцаў да працы па рэканструкцыі свят і абрадаў. Рэпертур для заняткаў складаецца з адноўленых мясцовых абрадаў, гульняў, узораў розных фальклорных жанраў.

На першым годзе навучэнцы знаёмяцца з простымі формамі народнага і дзіцячага фальклору, з традыцыйнымі святамі і абрадамі. На другім годзе навучання яны засвойваюць асновы акцёрскага майстэрства, вывучаюць празаічныя жанры фальклору, практыкуюцца ў вырабе атрыбутыкі і сімволікі свят. На трэцім годзе навучэнцы ўдасканальваюць навыкі сцэнічнай культуры на аснове мясцовага фальклору, пераймаюць стылістыку і манеру выканання народнай песні, побытавага танца, знаёмяцца з абрадавым касцюмам свайго рэгіёна. На працягу трох гадоў пры дапамозе фальклорных экспедыцый, сустрэч з носьбітамі фальклору, вывучаюцца асаблівасці мясцовых традыцый правядзення свят і абрадаў, якія паспяхова ўвасабляюцца ў тэатралізаваных фальклорных пастаноўках і дзеях.

Мэта праграмы:

-  фарміраванне цікавасці навучэнцаў да народнай творчасці, да фальклорнай спадчыны нашых продкаў праз адраджэнне і рэканструкцыю свят і абрадаў свайго рэгіёна.

Задачы:

-  пазнаёміць навучэнцаў з асноўнымі відамі і жанрамі беларускага фальклору;

-  арганізаваць практычную работу па збіранню і вывучэнню народнай спадчыны рэгіёна;

-  фарміраваць у навучэнцаў добры эстэтычны густ;

-  прапагандаваць народныя абрады і традыцыі, далучаць навучэнцаў да арганізацыі і правядзення народных свят і абрадаў;

-  выхоўваць патрыятычныя адносіны да сваёй краіны, яе духоўнага  багацця.

Арганізацыйныя ўмовы рэалізацыі праграмы

Праграма аб’яднання разлічана на тры гады навучання, узрост навучэнцаў 12-16 гадоў.

Колькасць навучэнцаў у групе першага года навучання складае 12–15 чалавек, узрост навучэнцаў 12-14 гадоў. Заняткі праводзяцца 2 разы на тыдзень па 2 гадзіны, усяго 4 гадзіны на тыдзень (гадавая колькасць гадзін – 144).

Колькасць навучэнцаў у групе другога года навучання складае 8-10 чалавек, узрост навучэнцаў 13-15 гадоў. Заняткі праводзяцца 2 разы на тыдзень па 2 гадзіны, усяго 4 гадзіны на тыдзень (гадавая колькасць гадзін – 144).

Колькасць навучэнцаў у групе трэцяга года навучання складае 8-10 чалавек, узрост навучэнцаў 14-16 гадоў. Заняткі праводзяцца 2 разы на тыдзень па 2 гадзіны, усяго 4 гадзіны на тыдзень (гадавая колькасць гадзін – 144).

Пры вывучэнні раздзела “Асновы сцэнічнай культуры” заняткі праводзяцца індывідуальна па 15-20 хвілін з кожным навучэнцам.

Праграмай прадугледжаны розныя віды дзейнасці: гульня, гутарка, спяванне, работа з музычнымі шумавымі інструментамі, развучванне асноў народнага танца, тэатралізацыя свят і абрадаў, работа над выразным маўленнем на мясцовым дыялекце.

З мэтай падтрымкі матывацыі навучэнцаў праводзяцца выступленні перад гледачамі, агляды-конкурсы. Для ўдзелу ў мерапрыемствах выхаваўча-пазнавальнага характару запрашаюцца бацькі.

У канцы кожнага навучальнага года лепшыя навучэнцы ўзнагароджваюцца граматамі за актыўны ўдзел у працы гуртка, бацькі атрымліваюць лісты падзякі.

Заняткі аб’яднання праводзяцца ў прасторным памяшканні, якое адпавядае патрабаванням  тэхнікі бяспекі і санітарна-гігіенічным нормам.

Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне

-  музычна-шумавыя інструменты (бубен, трашчоткі, шэлестуны, гармонік);

-  традыцыйныя рэчы хатняга ўжывання;

-  самабытныя і рэканструяваныя касцюмы для правядзення свят і абрадаў народнага календара;

-  відэа і аўдыётэхніка (відэакамера і дыктафон);

-  каляровая бумага, фанера, брускі дрэва, картон, фарбы, тканіна, штучны мех, іголкі, нажніцы.

Кадравы рэсурс: педагог дадатковай адукацыі, акампаніятар.

Вучэбна-тэматычны план першага года навучання

п/п

Назва тэмы

Колькасць гадзін

Усяго

Тэорыя

Практыка

1.

Уводны занятак

2

2

-

2.

Традыцыйныя абрады і святы

60

14

46

3.

Асновы сцэнічнай культуры

40

8

32

4.

Дзіцячы фальклор

22

6

16

5.

Фальклорныя экспедыцыі

10

2

8

6.

Творчыя  выступленні

4

-

4

7.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару

4

-

4

8.

Заключны занятак

2

-

2

 

Усяго

144

32

112

 

Змест праграмыпершага года навучання

Уводны занятак (2г.)

Праслухоўванне навучэнцаў. Знаёмства з планам работы гуртка, правіламі асновы бяспекі на занятках і ва ўстанове. Экскурсія ва ўстанову адукацыі “Іванаўскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці”. Гульнёвы трэнінг “Давайце пазнаёмімся”.

Традыцыйныя абрады і святы (60г.)

Народны каляндар. Сувязь традыцыйных свят і абрадаў з галоўнымі этапамі жыцця і працоўнай дзейнасцю чалавека. Пакровы (Багач). Восеньскія песні. Тэма і вобразы восеньскіх песень. Каляды. Асноўны змест калядак і шчадровак. Шчадраванне і навагодняя варажба, калядныя гульні свайго рэгіёна. Гуканне вясны. Вяснянкі і іх змест. Абрады і звычаі на Вялікдзень. Валачобнікі. Змест і тэматыка валачобных песень. Веснавыя карагоды.

Практычныя заняткі. Развучванне пакроўскіх гульняў: “Полінне”, “Дудка-самодурка”, Чырывычкы”. Падрыхтоўка абраду калядавання: выраб каляднай атрыбутыкі, развучванне калядных песень “Нова радасць стала”, “Святый вэчор”, “Нэбо і зэмля”, “Добрі вэчор, добрым людюм”. Развучванне калядных гульняў: “Ваджэнне казы”, “Калядаванне”, “Картоплык”, “Подушычка”, танец-гульня “Вальс-завыванэц”. Развучванне веснавых гульняў: “Спрытна парочка”, “Гладышыкы”, “Змейка”, ”Палочка-выручалочка”, валачобных песень, вяснянак: “Ой, высна, ой, красна”, “Выйду я на двір”, “Высна-высненочка”, гульнёвых карагодаў: “Просо”, “Высна-красна”, “А по гозыру”.

Асновы сцэнічнай культуры (40г.)

Асновы акцёрскага майстэрства. Сцэнічная ўважлівасць. Набыццё навыкаў кардынацыі рухаў на сцэне. Вакальна-ансамблевая работа. Культура маўлення. Асаблівасці выканання музычнага фальклору свайго рэгіёна. Асаблівасці работы з тэкстам на мясцовым дыялекце. Фарміраванне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да дыялекту.

Практычныя заняткі. Прагляд запісаў пастановак народных тэатраў. Практыкаванні на ўважлівасць, каардынацыю рухаў на сцэне. Практыкаванні на развіццё вакальна-ансамблевых навыкаў. Практыкаванні на выпрацоўку навыкаў пеўчага дыхання, гукаўтварэння, дыкцыі і артыкуляцыі. Работа з паэтычным тэкстам, дыкламаванне тэксту на мясцовым дыялекце. Індывідуальныя заняткі па пастаноўцы голасу.

Дзіцячы фальклор (22г.)

Пазнавальная роля дзіцячага фальклору. Дзіцячы фальклор – сродак разумовага і фізічнага выхавання дзіцяці. Жанравая разнастайнасць і асаблівасці дзіцячага фальклору. Элементы займальнасці ў творах дзіцячага фальклору. Калыханкі. Апавядальнасць калыханак, наяўнасць фантастычнага, незвычайнага элемента. Характэрныя рысы. Сродкі дасягнення пяшчотнасці. Заклічкі і прыгаворкі. Зварот да прыродных стыхій і з’яў, да жывёл і звяроў. Формы звароту, выказаныя ў розных формах. Забаўлянкі. Мэты забаўлянак. Лічылкі.

Практычныя заняткі. Запіс і складанне простых форм дзіцячага фальклору. Праслухоўванне калыханак і развучванне іх: “Ох ты, котык, мій коток”, “Люлі-люлі-люлі”, “Баю-баю-баінькі”. Спяванне заклікаў: “Дожджык, дожджык, сыпоны”, “Сонычко, сонцэ”. Забаўлянкі: “Пайшоў коток под мосток”, “Лады-лады-ладкі”. Развучванне лічылак: “Котылася торба”, “Сыдыть зайчык на прыпычку”, “Раз, два – булава”, “Раз, два, тры, чытыры”. Выпрацоўка выканальнацкіх навыкаў.

Фальклорныя экспедыцыі (10г.)

Вывучэнне асаблівасцей мовы (дыялекту) вёскі Махро. Правілы  паводзін у час экспедыцый. Асаблівасці запісу фальклорных жанраў. Ідэнтычная дакладнасць запісу: захаванне асаблівасцей мясцовай гаворкі, тлумачэнне незразумелых слоў і выразаў, пастаноўка націску ў дыялектных словах, запісванне “з голасу, а не пад дыктоўку”. Правілы пашпартызацыі запісаў.

Практычныя заняткі. Работа з літаратурай (хрэстаматыя па фальклору іінш.). Запіс фальклорных жанраў ад мясцовых носьбітаў. Апрацоўка сабранага матэрыялу.

Творчыя выступленні (4г.)

Паказ абраду “Калядкі”. Удзел у мерапрыемствах фальклорнага напрамку.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару (4г.)

Творчыя сустрэчы. Наведванне выстаў, музеяў народнай творчасці.

Заключны занятак (2г.)

Конкурс-вандроўка “У свет нашых продкаў”.

Прагназуемы вынік першага года навучання

У працэсе вывучэння праграмы навучэнцы павінны ведаць:

-   святы і абрады народнага календара;

-   элементарныя асновы сцэнічнага майстэрства;

-   асаблівасці выканання каляндарна-абрадавага фальклору свайго рэгіёна;

-   жанравую разнастайнасць і асаблівасці простых форм дзіцячага фальклору;

-   правілы паводзін у час экспедыцый;

-   асаблівасці запісу фальклорных жанраў;

умець:

-   растлумачыць сэнс свят і абрадаў народнага календара;

-   валодаць сцэнічным самаадчуваннем і арыентавацца на сцэне;

-   абыгрываць розныя жанры дзіцячага фальклору;

-   выконваць песні і гульні каляндарна-абрадавага цыклу свайго рэгіёна;

-  апрацоўваць сабраны ў экспедыцыях матэрыял.

Вучэбна-тэматычны план другога года навучання

п/п

Назва тэмы

Колькасць гадзін

Усяго

Тэорыя

Практыка

1.

Уводны занятак

2

2

-

2.

Празаічныя жанры фальклору

20

4

16

3.

Традыцыйныя абрады і святы

50

12

38

4.

Асновы сцэнічнай культуры

38

8

30

5.

Фальклорна-эспедыцыйная дзейнасць

20

6

14

6.

Творчыя  выступленні

6

-

6

7.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару

6

-

6

8.

Заключны занятак

2

-

2

 

Усяго

144

32

112

 

Змест праграмы другога года навучання

Уводны занятак (2г.)

Знаёмства з планам работы аб’яднання па інтарэсах, вывучэнне ўводнай інструкцыі па тэхніцы бяспекі.

Празаічныя жанры фальклору (20г.)

Замовы. Паходжанне і значэнне замоў. Бытаванне замоў і вера ў магічную сілу слова. Беларускія прыказкі і прымаўкі. Разнастайнасць тэматыкі, шматзначнасць прыказак і прымавак. Асаблівасці бытавання ў жыцці народа. Загадкі. Азначэнне і лёс жанру. Загадкі ў іншых фальклорных жанрах. Народныя казкі. Класіфікацыя народных казак і спецыфічныя асаблівасці кожнай групы (казкі аб жывёлах, чарадзейныя казкі, сацыяльна-бытавыя казкі). Легенды і паданні. Тэматыка легенд, паданняў. Суадносіны эстэтычнай і пазнавальнай функцый у паданнях і легендах. Змест, нацыянальны каларыт і выяўленне разнастайных праяў народнага духу ў гэтым жанры.

Практычныя заняткі. Запіс мясцовых празаічных жанраў фальклору: замоў, прыказак і прымавак. Чытанне і развучванне казак: “Ромашка і грыбок”, “Про добрых гусэй”, “Добра матка”, “Матэрынска сыла”, легенд і паданняў: “Брат і сыстра”, “Каля дуба”, “Удов’і слёзы”, “Чого ў бырозы солодкыі слезы”.

Выкарыстанне празаічных жанраў у народных абрадах. Абыгрыванне мясцовых празаічных жанраў фальклору.

Традыцыйныя абрады і святы (50г.)

Народная культура Заходняга Палесся. Сувязь фальклорных матываў з цыклічнасцю календара прыроды. Асаблівасці музычнага фальклору рэгіёна. Жніво, зажынкі і дажынкі. Магічны сэнс зажынкавых і дажынкавых абрадаў. Зажынкавыя, уласна жніўныя і дажынкавыя песні. Вобразы і тэматыка жніўных песень. Шчадроўкі. Магічнае значэнне свята. Рытуал шчадравання і варажбы ў сваёй вёсцы. Саракі. Свята сусрэчы прыходу вясны. Паэзія і хараство абраду. Купалле. Купальскія абрады і звычаі.

Практычныя заняткі.Запіс жніўных песень ад мясцовых носьбітаў. Развучванне жніўных песень “Літо”, “У полю ныўка”, “Зылэнэ жыто”, “Пойду я дубровою”. Развучванне песень зімовага цыклу: “Коляда-колядыца”, “Ішла коляда”, “Добрі вэчор”. Падрыхтоўка каляднай вечарыны. Шчадраванне і навагодняя варажба. Апрацоўка і развучванне веснавых гульняў: “Колодочка”, “Горлачыкы”, “Журавэль”. Падрыхтоўка і правядзенне свята “Саракі”. Пляценне купальскіх вянкоў.

Асновы сцэнічнай культуры (38г.)

Асновы акцёрскага майстэрства. Першапачатковыя тэхнікі па дасягненню творчага стану. Сцэнічная ўвага. Уменне валодаць тэкстам. Вакальна-ансамблевая работа.

Практычныя заняткі. Работа над свабодным валоданнем тэкстам, эмацыянальным становішчам, назіральнасцю і ўпэўненасцю на сцэне. Свободны моўны паток. Практыкаванні на развіццё вакальна-ансамблевых навыкаў. Індывідуальная работа па пастаноўцы голасу.

Фальклорна-эспедыцыйная дзейнасць(20г.)

Гісторыя мясцовасці. Вывучэнне асаблівасцей мовы (дыялекту) суседніх вёсак. Правілы паводзін у час экспедыцый. Тэхнічныя сродкі запісу фальклорных крыніц. Работа з дыктафонам, відэакамерай, фотаапаратам. Асаблівасці запісу фальклорнага свята. Ідэнтычная дакладнасць запісу: захаванне асаблівасцей мясцовай гаворкі, тлумачэнне незразумелых слоў і выразаў, запісванне “з голасу, а не пад дыктоўку”, пастаноўка націску ў дыялектных словах. Правілы пашпартызацыі запісаў.

Практычныя заняткі.Падрыхтоўка тэхнічных сродкаў і выпрацоўка навыкаў карыстання імі. Запіс фальклорных жанраў ад мясцовых  носьбітаў. Апрацоўка сабранага матэрыялу, афармленне яго. Выраб атрыбутыкі і сімволікі свят. Запіс свята “Саракі” ў в.Махро і ў суседніх вёсках Баландзічы, Вулька.

Творчыя выступленні (6г.)

Удзел у каляндарна-абрадавых святах вёскі, раёна.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару (6г.)

Наведванне выстаў, музеяў народнай творчасці, творчыя сустрэчы.

Заключныя заняткі (2г.)

Фальклорная вечарына “У сваім краі як у раі”.

Прагназуемы вынік другога года навучання

У працэсе вывучэння праграмы навучэнцы павінны ведаць:

-   празаічныя жанры народнага фальклору;

-   асаблівасці народнай культуры Заходняга Палесся;

-   святы і абрады народнага календара;

-   асновы сцэнічнага майстэрства;

-   дыялектычныя асаблівасці музычнага фальклору рэгіёна;

-   правілы пашпартызацыі запісаў;

умець:

-   валодаць сцэнічным самаадчуваннем і арыентавацца на сцэне;

-   удзельнічаць у пастаноўцы свят і абрадаў;

-   выконваць песні, легенды, паданні, казкі з захаваннем дыялектычных асаблівасцей мясцовасці;

-  апрацоўваць сабраны ў экспедыцыях матэрыял.

 

 

Вучэбна-тэматычны план трэцяга года навучання

п/п

Назва раздзела, тэмы

Колькасць гадзін

Усяго

Тэорыя

Практыка

1.

Уводны занятак

2

2

-

2.

Традыцыйныя святы і абрады

40

6

34

3.

Асновы сцэнічнай культуры

48

6

42

4.

Абрадавы касцюм

20

4

16

5.

Фальклорна-эспедыцыйная дзейнасць

20

8

12

6.

Творчыя выступленні

6

-

6

7.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару

6

-

6

8.

Заключны занятак

2

-

2

 

Усяго

144

26

118

 

Змест праграмы трэцяга года навучання

Уводны занятак (2г.)

Знаёмства з планам работы аб’яднання па інтарэсах. Вывучэнне ўводнай інструкцыі па тэхніцы бяспекі. Правілы бяспечных паводзін.

Традыцыйныя абрады і святы (40г.)

Народная культура Іванаўшчыны. Адраджэнне свят і абрадаў, спецыфічныя адметнасці кожнага свята, уласцівыя сваёй мясцовасці. Восеньскія песні. Тэматыка і вобразы ў восеньскіх песнях. Каляды. Аграрная магія калядных абрадаў і песень. Абрад “Камаедзіца”. Рэгіянальныя асаблівасці святкавання. Свята Юр'я. Гаспадарчая сутнасць юраўскіх абрадаў. Асноўныя матывы юраўскіх песень. Купалле. Пятро. Купалле – свята моладзі. Матывы пошукаў шчасця і лепшай долі на Купалле.

Практычныя заняткі. Тэатралізацыя восеньскіх песень: “Ой, послала мынэ маты”, “У лыску, лыску”, “Жыто жала”. Запіс і апрацоўка фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў зімовай пары. Апрацоўка і развучванне веснавых гульняў:“Палочка-выручалочка”, “Колечко”, “Колодочка”. Падрыхтоўка і правядзенне свят “Камаедзіца” і “Юр’я”. Развучванне мясцовых песень: “Юр’я”, “Комоедыца”, “Літо”, “Пойду я дорогою”. Запіс песень, легенд летняга перыяду.

Асновы сцэнічнай культуры ( 48г.)

Асновы сцэнічнага руху і мовы. Культура маўлення. Сцэнічная ўвага. Элементы народнай харэаграфіі. Асаблівасці выканання музычнага фальклору Іванаўшчыны. Асноўныя элементы, тэхніка, стыль і манера выканання традыцыйна-побытавых танцаў, песеннага рэпертуару рэгіёна. Узаемасувязь з гледачамі.

Практычныя заняткі. Практыкаванні на развіццё сцэнічнай увагі, тэатральныя эцюды. Развіццё артыстычных здольнасцей. Развучванне традыцыйна-побытавых танцаў“Мясцовая полька”, “Кракавяк”, “На рэчаньку”, “Падэспан”. Перайманне асаблівасцей выканання песеннага фальклору рэгіёна, работа з мясцовым дыялектам. Індывідуальная работа па пастаноўцы голасу.

Фальклорна-экспедыцыйная дзейнасць (20г.)

Гісторыя мясцовасці. Асаблівасці мовы (дыялекту) суседніх вёсак. Правілы паводзін у час экспедыцый. Тэхнічныя сродкі запісу фальклорных крыніц. Асаблівасці запісу фальклорных свят. Ідэнтычная дакладнасць запісу: захаванне асаблівасцей мясцовай гаворкі, тлумачэнне незразумелых слоў і выразаў, запісванне “з голасу, а не пад дыктоўку”, пастаноўка націску ў дыялектных словах.

Практычныя заняткі. Падрыхтоўка тэхнічных сродкаў запісу фальклорных крыніц. Замацаванне навыкаў работы з відэакамерай, фотаапаратам, дыктафонам. Вывучэнне асаблівасцей мовы (дыялекту) суседніх вёсак. Запіс фальклорных жанраў ад мясцовых  носьбітаў. Апрацоўка сабранага матэрыялу, афармленне яго (буклет, альбом-зборнік). Запіс свят “Камаедзіца” і “Юр’я” ў в.Махро і ў суседніх вёсках.

Абрадавы касцюм (20г.)

Традыцыйнае народнае адзенне Іванаўшчыны. Дэкаратыўна-арнаментальнае аздабленне абрадавага касцюма. Выразнасць мастацкага ўвасаблення традыцыйнага адзення. Асноўныя комплексы касцюмаў свайго рэгіёна.

Практычныя заняткі. Фальклорныя экспедыцыі па збору самабытнага адзення ў в.Махро. Апісанне этнаграфічнага строю сваёй вёскі. Рэканструкцыя касцюма свайго рэгіёна.

Творчыя выступленні (6г.)

Удзел у мерапрыемствах фальклорнага напрамку. Падрыхтоўка і паказ свят “Камаедзіца” і “Юр’я”.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару (6г.)

Творчыя сустрэчы з фальклорнымі калектывамі раёна, гульні-падарожжы, наведванне выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, канцэртаў.

Заключны занятак (2г.)

Фальклорнае свята “Па сцяжынках спадчыны”.

Прагназуемы вынік трэцяга года навучання

У працэсе вывучэння праграмы навучэнцы павінны ведаць:

-   спецыфічныя адметнасці свят і абрадаў, уласцівыя сваёй мясцовасці;

-   асаблівасці выканання музычнага фальклору Іванаўшчыны;

-   дэкаратыўна-арнаментальнае аздабленне абрадавага касцюма;

-   тэхніку, стыль і манеру выканання самабытных танцаў сваёй мясцовасці;

-   правілы пашпартызацыі фальклорных крыніц;

умець:

-  выконваць усе фальклорныя жанры з захаваннем дыялектычных асаблівасцей рэгіёна;

-  валодаць манерай выканання самабытных песень і танцаў рэгіёна;

-  рэканструяваць абрадавы касцюм свайго рэгіёна;

-  творча афармляць сабраны ў экспедыцыях матэрыял.

Формы і метады рэалізацыі праграмы

Для выканання пастаўленых вучэбна-выхаваўчых задач праграмай прадугледжаны наступныя віды заняткаў: занятак-гутарка – праводзіцца ў пачатку альбо ў канцы вывучаемага раздзела, уключае ў сябе гісторыка-рэтраспектыўны аналіз вывучаемага матэрыялу; камбініраваныя заняткі – праводзяцца па плану, спалучаюць тэорыю і практыку, тлумачэнне дадатковага матэрыялу, праслухоўванне фальклорных запісаў, рэканструкцыю абрадаў і свят, выраб дэкарацый, народныя гульні; практычныя заняткі – індывідуальныя і групавыя формы работы над фальклорным рэпертуарам, выступленні-канцэрты. Усе віды заняткаў цесна звязаны і дапаўняюць адзін аднаго.

Занятак складаецца з некалькіх этапаў: тлумачэнне матэрыялу і дэманстраванне фальклорнага матэрыялу, чытанне літаратурных твораў, работа над матэрыялам фальклорных экспедыцый; выкананне навучэнцамі творчага задання (педагог забяспечвае выканаўцаў неабходным дапаможным матэрыялам, атрыбутыкай, праводзіць інструктаж па тэхніцы бяспекі); падвядзенне вынікаў.

Заняткі ў гуртку могуць быць тэарэтычныя, практычныя ці змешанага тыпу. Абавязковая ўмова для заняткаў – творчая, эмацыянальная атмасфера.

У час заняткаў навучэнцы знаёмяцца з простымі формамі фальклору, народнымі святамі і абрадамі земляробчага календара. Вялікая ўвага звяртаецца на рэгіянальныя асаблівасці вывучаемых свят і абрадаў. Для гэтага,  акрамя арганізацыі фальклорных экспедыцый, практыкуюцца творчыя заданні: збор інфармацыі пра вывучаемы матэрыял ад бацькоў, дзядуль і бабуль, мясцовых носьбітаў фальклору. Дзякуючы такім формам работы, за тры гады навучання па прапанавай праграме дэталёва вывучаюцца і рэканструіруюцца 4 значныя святы: Калядкі, Саракі, Камаедзіца, Юр’я.

Калядкі – пачатак святкавання ў гонар зімовага сонцавароту і каляднага мясаеду пасля шасцітыднёвага Піліпаўскага посту. Саракі – дзень вяртання з поўдня сарака выраяў, што сведчыць пра прыход вясны. Абрад “Камаедзіца” – свята пакланення мядзведзю, прысвячаецца ўрачыстай сустрэчы мядзведзя пасля доўгага зімовага сну. Юр'я – свята першага абрадавага выгану жывёлы ў поле. Зразумеўшы сэнс кожнага са свят, навучэнцы вырабляюць атрыбутыку і сімволіку свят, паспяхова ўвасабляюць атрыманыя веды ў тэатралізаваных пастаноўках, якія ўяўляюць сабой сапраўдныя  святы для юных і сталых аматараў фальклору.

Пры рэалізацыі праграмы выкарыстоўваюцца розныя метады: славесныя: гутаркі, расказы, апісанні; наглядныя: аудыё- відэаматэрыялы; практычныя: тэатралізацыя, перайманне фальклору ад носьбітаў традыцыі (танец у танцы, песню з голаса).

Для правядзення заключных заняткаў выкарыстоўваецца форма фальклорнага свята. Запрашаюцца бацькі, педагогі, сябры, аднавяскоўцы. Рыхтуючыся да заключных заняткаў, навучэнцы звяртаюцца за дапамогай да бацькоў, мясцовых носьбітаў фальклору, выкарыстоўваюць атрыбутыку свят народнага календара і хатнія рэчы для афармлення залы.

У выніку засваення праграмы навучэнцы атрымоўваюць цэлы комплекс ведаў і набываюць адпаведныя навыкі, з дапамогай якіх фарміруецца цікавасць да народнай творчасці, да фальклорнай спадчыны нашых продкаў, выхоўваюцца  патрыятычныя адносіны да сваёй краіны, яе духоўнага багацця.

Літаратура для педагога

  1. Белякова, Р.М. Беларускія народныя гульні ў пачатковай школе: дапаможнік для настаўнікаў і выхавальнікаў /Р.М. Белякова. – Мінск: “Асар”, – 1997. – 40с.
  2. Берасцейскі вазок: зборнік матэрыялаў этнаграфічных экспедыцый і II дзіцячай абласной навукова-практычнай канференцыі / пад рэд. Н.У. Паліўка. – Брэст: Альтэрнатыва, 2009. – 160с.
  3. Касцюкавец, Л.П. Беларускія народныя абрады / склад., навук. рэд. і прадм. Л.П. Касцюкавец. – Мінск: Беларусь, 1994. – 128с.
  4. Культурная спадчына беларусаў як аснова грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў: вопыт Брэсцкага рэгіёна: зборнік метадычных і практычных матэрыялаў / Склад. Т.М. Крыўко. – Мінск: НЦМТДМ, 2013. – 136с.
  5. Лабачэўская, О.А. Беларускі народны касцюм: крой, вышыўка і дэкаратыўныя швы / О.А. Лабачэўская, З.І. Зіміна. – Мінск: Беларус. навука, 2009. – 279с.
  6. Ліцьвінка, В.Д. Святы і абрады беларусаў / В.Д. Ліцьвінка. – Мн.: Беларусь, 1997. – 176с.
  7. Раманюк, М. Народныя строі / М. Раманюк // Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. – Мінск: Беларус. савец. энцыклапедыя імя П.Броўкі, 1989. – 358с.
  8. Стварэнне этнакультурна-адукацыйнай прасторы як умова выхавання духоўна-маральных каштоўнасцей і сацыялізацыі навучэнцаў у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: зборнік навукова-метадычных і практычных матэрыялаў / Склад. Т.М. Крыўко. – Мінск: НЦМТДМ, 2013. – 116с.
  9. Типовая программа дополнительного образования детей и молодежи (художественный профиль) // Сайт [Министерство образования Республики Беларусь]. – Режим доступа: // http://edu.gov.by/main.aspx?guid=6131. Дата доступа: 25.09.2012г.
  10. Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання. Вып.3: Матэрыялы IV Рэспубліканскай навукова-практычнай канференцыі (2-3 красавіка 2008г. г.п.Акцябрскі) /аўт. праекта і ўкл. М.А. Козенка. – Мінск: Бел ДІПК, 2008 – 296с.
  11. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6т. Т.4. Брэсцкае Палессе. У 2кн. Кн.2 / А.М.Боганева і інш; ідэя і агул. Рэдагаванне Т.Б. Варфаламеевай. – Мінск: Выш.шк., 2009. – 863с.
  12. Цітоў, В.С. Этнаграфічная спадчына / В.С. Цітоў. – Мн.: Беларусь, 1997. – 207с.

Літаратура для навучэнцаў

  1. Брудны, В.І. Абрады ўчора і сёння / В.І. Брудны – М., 1998. – 200с.
  2. Вількін, Я.Р.Беларускія народныя гульні: вытворча-практ. выданне / Я.Р. Вількін. – Мінск: Беларусь, 1996. – 86с.
  3. Генкін, Д.М. Масавыя святы / Д.М. Генкін. – М.,1985. – 58с.
  4. Гуд, П.А. Тэхналогія стварэння свята / П.А. Гуд. – Мінск, 1998. – 166с.
  5. Крук, Я. Следам за сонцам: бел.нар.каляндар / Я.Крук – Мінск, 1998. –210с.
  6. Кухаронак, Т.І. Маскі ў каляднай абраднасці беларусаў / Т.І. Кухаронак – Мінск: Ураджай, 2001. – 237с.