Ошибка :

Показать отладочную информацию

V Адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы (Віцебская вобласць)
Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи
ruen

V Адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы (Віцебская вобласць)

       СЕРТЫФІКАТЫ УДЗЕЛЬНІКАЎ (СПАМПАВАЦЬ)

   У Віцебскай вобласці быў дадзены старт V адкрытым міжрэгіянальным майстар-класам педагогаў дадатковай адукацыі ”Мастацкая рэканструкцыя і аднаўленне элементаў этнакультуры ў дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах фальклорнага і дэкаратыўна-прыкладнога кірункаў: вопыт і вынікі“.

       18 мая 2023 г. у ДУДА ”Палац дзяцей і моладзі г. Наваполацка“ адбыліся майстар-класы ”Традыцыйная лепка з гліны цацкі-свістулькі Полацкіх майстроў XVII-XVIII стст.“ (педагог-майстар Зелянская Кацярына Уладзіміраўна)  і ”Асаблівасці выканання вясновых песень на Падзвінні“ (педагог-майстар Зачук Алена Георгіеўна).

    Педагогі, якія прынялі ўдзел у майстар-класах, пазнаёміліся з гісторыяй і асаблівасцямі развіцця глінянай цацкі-свістулькі 17-18 стст., мелі магчымасць паспрабаваць праспяваць вясновыя песні: ”Вісна на калочку“ – асаблівай формай Полацкага канона, які быў унесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА і ”Вяліканька ідзець, а мне нечага надзець“, даведаліся аб асаблівасцях святкавання ”Гуканне вясны“ на Полаччыне і паўдзельнічалі ў абрадзе ”Юр’я“ разам з узорным аматарскім фальклорным гуртом ”Ажыначкі“.

       Асаблівую цікавасць і актыўнасць у педагогаў выклікала практычная работа. У час правядзення майстар-класа адбылася творчая камунікацыя педагогаў-майстроў і калег, якія падзяліліся вопытам работы ў сваіх калектывах.

 

   23 мая 2023 г. на базе этнаграфічнага музея ”Млын“ у г.Орша прайшлі майстар-класы педагогаў дадатковай адукацыі. Удзельнікамі сталі педагагічныя работнікі з г. Віцебска, аг. Крупак, г. Дуброўна, г. Талачын, г.Чашнікаў і г.Оршы.

     Ва ўступным слове, Сімян Яўгенія Аляксандраўна, загадчык этнаграфічнага музея ”Млын“, расказала пра культурна-гістарычныя традыцыі Аршаншчыны. Котава Валянціна Пятроўна, дырэктар Аршанскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі,  адзначыла, што адным з напрамкаў дзейнасці ўстаноў адукацыі Аршанскага раёна сёння з’яўляецца забеспячэнне сувязі часоў і пакаленняў, фарміраванне ў дзяцей патрэбнасці ў вывучэнні, захаванні гістарычнай спадчыны нашага народа, знаёмства з беларускай народнай культурай і мастацтвам.

     Удзельнікі ўзорнага фальклорнага калектыву ”Сявенька“ сярэдняй школы № 15 г. Барані прадставілі абрад ”Хрэсьбіны“. Кіраўнік калектыву, Шчэрбава Вольга Міхайлаўна, прэзентавала дзейнасць фальклорнага гурта, які займаецца пастаноўкай абрадаў, матэрыялы да якіх збіраюць навучэнцы і педагогі школы ў Аршанскім раёне. Сёння ў калектыве займаецца 18 навучэнцаў школы ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў. Матэрыял абрада ”Хрэсьбіны“ быў запісаны ад жыхароў вёсак Клюшнікава, Згарда, Крапіўна, прааналізаваны і адаптаваны да пастаноўкі.

  Сцяпанава Раіса Сяргееўна, метадыст сектара выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, правяла майстар-клас ”Рэгіянальныя традыцыі дэкарыравання вырабаў з тканіны ў тэхніцы ”набойка“. Набойка – від народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці, спосаб упрыгожвання тканіны ўзорам з дапамогай дошчачак-клішэ з рэльефным малюнкам. У рамках майстар-класа ўдзельнікі даведаліся пра рэгіянальныя асаблівасці тэхнікі набойка на Віцебшчыне і, у тым ліку, Аршанскім рэгіёне, атрымалі навыкі работы са штампамі, засвоілі базавыя прыёмы набівання малюнка на тканіну, стварылі арыгінальныя работы ў тэхніцы ”набойка“.

      Ільіна Наталля Анатольеўна, педагог дадатковай адукацыі студыі керамікі ”Стэка“ Аршанскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, у рамках майстар-класа ”Народная кераміка Падняпроў’я: незвычайныя гісторыі звычайнага посуду“ пазнаёміла ўдзельнікаў з гісторыяй і асаблівасцямі вырабу керамічнага посуду Беларусі. У працэсе практычнай работы ўдзельнікі зляпілі збан-кувэрд, характэрны для рэгіёнаў Падняпроў’я.

    Правядзенне міжрэгіянальных майстар-класаў у этнаграфічным музеі ”Млын“ дазволіла ўдзельнікам пагрузіцца ў атмасферу традыцыйнай беларускай культуры, а таксама пазнаёміцца з экспанатамі, якія раней выкарыстоўваліся пры пасяўных работах і ў працэсе жніва, убачыць бытавыя рэчы, прадметы рамеснай творчасці ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, якія расказваюць пра будні нашых продкаў.

    Творчая праца ў рамках майстар-класаў была карыснай і дзейснай для ўсіх. Удзел у міжрэгіянальных майстар-класах – гэта выдатная магчымасць для педагогаў з розных гарадоў і раёнаў пазнаёміцца з рэгіянальнымі традыцыямі народнай культуры, вопытам работы педагогаў і творчых калектываў, атрымаць новую цікавую інфармацыю, засвоіць новыя спосабы творчай практычнай дзейнасці.

      30 мая 2023 г. у “Полацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі” прайшлі адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы педагогаў дадатковай адукацыі:

    ДУА “Палатоўская базавая школа Полацкага раёна” прадставіла інтэграваны майстар-клас “Прыдзі-прыдзі, вясна, к нам у таночак, прынясі нам сонца, прынясі нам кветак, каб звіць вяночак”.  Педагогі  прынялі ўдзел  у рэканструкцыі каляндарнага абрада “Гуканне вясны”, пазнаёміліся з спецыфікай ігры на беларускай дудзе, навучыліся плясці паясы на дошчачках. Аўтары майстар-класа – Баева Валянціна Міхайлаўна,  Жарнасек Сяргей Пятровіч, настаўнікі музыкі,  Бондар Наталля Анатольеўна, намеснік дырэктара.

    Майстар-клас “Асаблівасці стварэння брошы-абярэга ў рэгіёне Полацкага Паазер’я” правяла  Лухверчык Вера Паўлаўна, педагог дадатковай адукацыі  Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Школа юных  рукадзельніц “Васіліна”. Звычайна на Беларусі лялькі-абярэгі ствараюцца з натуральнай тканіны, а на тэрыторыі Паазер’я, у прыватнасці на Полаччыне,  лялькі-абярэгі рабілі з льняных нітак. Удзельнікі майстар-класа стварылі для сябе  брошку-абярэг у выглядзе лялькі.

    Майстар-клас “Адраджэнне нацыянальных традыцый дэкаратыўна- прыкладнога мастацтва Полацкага рэгіёна праз стварэнне керамічнай кафлі”  правяла Пупкоўская Алеся Мікалаеўна, педагог дадатковай адукацыі Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, кіраўнік узорнай студыі сучаснай творчасці “Арт-дэкор”. Удзельнікі майстар-класа стварылі дэкаратыўную раму для люстэрка з асобных элементаў, якія выраблены па матывах  кафлі полацкіх археалагічных раскопак  з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

    30 мая 2023 г. на базе ДУДА ”Міёрскі раённы Цэнтр дзяцей і моладзі“ (філіал у г. Дзісна) адбыўся майстар-клас “ Вялікая моц мастацтва ”Маляваныя дываны“, які правяла  майстар-педагог дадатковай адукацыі Балаш Алена Фадзееўна.

    Удзельнікі майстар-класа  падчас практычнай дзейнасці  азнаёміліся і засвойвалі традыцыйныя тэхналогіі роспісу па тканіне “маляванка”, даведаліся аб кантрасных каляровых спалучэннях; пазнаёміліся з новымі матэрыяламі для творчасці; праявілі самастойнасць і крэатыўнасць у вырабе творчай работы.

     26 мая 2023г. у ДУДА ”Бешанковіцкі раённы Цэнтр дзяцей і моладзі“ адбыўся майстар-клас “Ткацтва пояса. Тэхніка – заправачнае ткацтва”, педагог-майстар  Акуневіч Таццяна Геннадзьеўна. Майстар-клас праводзіўся з мэтай пазнаёміць педагогаў дадатковай адукацыі з тэхналогіяй пляцення на настольным ткацкім станку. Пад час правядзення майстар-класа, педагогамі абмяркоўвалася пытанне аб неабходнасці адраджэння і далучэння маладога пакалення да рэгіянальных традыцый і беларускай  народнай культуры.