Ошибка :

Показать отладочную информацию

VI адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы “Вучымся ў майстроў” у НЦМТДМ
Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи
ruen

VI адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы “Вучымся ў майстроў” у НЦМТДМ

VI адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы “Вучымся ў майстроў” у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі 

  Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ініцыіраваў правядзенне VI адкрытых міжрэгіянальных майстар-класаў педагогаў дадатковай адукацыі “Вучымся ў майстроў” (далей – адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы).

  Адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы праводзяцца ў рамках рэспубліканскага культурна-адукацыйнага праекта “Беларускае народнае мастацтва і дзеці”.

  Рэалізацыя праекта накіравана на стварэнне спрыяльнай этнакультурнай прасторы ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, удасканаленне прафесійных этнакультурных кампетэнцый педагогаў дадатковай адукацыі, падтрымку і развіццё творчых аб’яднанняў дзяцей і моладзі ў галіне вывучэння, захавання і трансляцыі беларускай народнай спадчыны.

  20 мая 2025 года адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы адбыліся на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася Васільчанка Надзея Васільеўна, дырэктар НЦМТДМ, старшыня рэспубліканскага савета па пытаннях дадатковай адукацыі, якая падкрэсліла важнасць правядзення адкрытых міжрэгіянальных майстар-класаў, выказаўшы спадзяванне, што яны паспрыяюць актывізацыі педагагічнага руху ў сферы этнакультурнага выхавання дзяцей і моладзі, развіццю этнакультурных кампетэнцый педагагічных работнікаў.

 

  Удзельнікамі адкрытых міжрэгіянальных майстар-класаў у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі сталі больш за 70 педагагічных работнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі і г. Мінска.

  Адбылося 4 майстар-класы.

  У напрамку “Фальклорная творчасць”:

  “Арганізацыя адукацыйнага працэсу і асаблівасці работы ў фальклорным калектыве з навучэнцамі рознага ўзросту” Навіцкай Алы Міхайлаўны, педагога-майстра, выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь, уладальніка нагруднага знака “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, кіраўніка ўзорнага ансамбля песні і танца “Зорачка” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Ансамбль “Зорачка” – старэйшы ў Рэспубліцы Беларусь дзіцячы калектыў, які працуе ў напрамку беларускага народнага музычнага мастацтва і фальклору. У рамках майстар-класа Навіцкай А. М. былі разгледжаны пытанні аховы дзіцячага голасу, методыка навучання народным спевам і падыходы да падбору рэпертуару, формы і метады работы з навучэнцамі рознага ўзросту ў дзіцячым фальклорным калектыве; 

 “Веснавы абрад “Чырачка”: мастацкая рэканструкцыя ва ўмовах вялікага горада” Талоцкай Кацярыны Мікалаеўны, харэографа, кіраўніка і творчага натхняльніка ансамбля народнага танца “Скавыш”, Базарэвіч Наталлі Віктараўны, салісткі Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. І. Цітовіча, уладальніка медаля Францыска Скарыны, кіраўніка фальклорна-вакальнай групы ансамбля народнага танца “Скавыш” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Дзейнасць калектыву накіравана на папулярызацыю беларускай нацыянальнай культуры і народных традыцый, аматарскай мастацкай творчасці. Аснову рэпертуару складаюць беларускія народныя танцы і танцы народаў свету. У рэпертуары вакальнай групы – беларускія народныя песні, каляндарна-абрадавы і пазаабрадавы фальклор розных рэгіёнаў Беларусі. У рамках майстар-класа Талоцкай К. М. і Базарэвіч Н. В. была прадстаўлена творчая рэканструкцыя веснавога абраду “Чырачка” (абрад бытуе ў в. Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У 2016 годзе абраду “Чырачка” прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь). Удзельнікі пазнаёміліся з падыходамі ў выкарыстанні беларускай народнай культуры і традыцый у адукацыйнай дзейнасці ансамбля народнага танца ва ўмовах урбанізацыі.

  У напрамку “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”:

  “Беларуская вышыўка: тэхнікі, майстэрства выканання” Еўдакіменка Святланы Васільеўны, педагога-майстра, сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, аўтара выставак “Фарбы беларускага ткацтва” (Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, музей ткацтва Паазер’я), “Іншасвет традыцыі. Ручнікі Святланы Еўдакіменка” (гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”), удзельніка рэспубліканскіх і міжнародных выставак, крэатыўнага педагога, выкладчыка народнай творчасці Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, мастака народных рамёстваў. У рамках майстар-класа Еўдакіменкі С. В. удзельнікі пазнаёміліся з канцэптуальнай ідэяй аўтарскіх метадаў/тэхналогій выкладання мастацкай вышыўкі, выкарыстання традыцыйных тэхнік у сучасных творах мастацтва, атрымалі базавыя веды па вышыўцы лікавай гладдзю, на практыцы паспрабавалі засвоіць прыёмы і атрымаць навыкі творчай работы;

  “Галінкі цудоўнай лазы: прыёмы і тэхналогіі лозапляцення” Гурэцкай Алены Васільеўны, педагога-майстра, народнага майстра Беларусі па лозапляценні, аўтара наватарскіх, арыгінальных ідэй, спосабаў і прыёмаў лозапляцення, у якіх спалучаюцца розныя прыродныя матэрыялы (лаза з рагозам, з карой івы, саломкай, керамікай і дрэвам). Гурэцкая А. В. – удзельнік Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску, фестывалю нацыянальных культур у Гродна, рэспубліканскай выстаўкі “Беларусь – мая песня”, вопытны педагог дадатковай адукацыі, загадчык філіяла “Акопы” дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. У рамках майстар-класа Гурэцкай А. В. удзельнікі пазнаёміліся з аўтарскай сістэмай работы педагога па захаванні і развіцці народнага промыслу лозапляцення, якая накіравана на засваенне методык і тэхналогій пляцення з лазы, выканалі ў аўтарскай тэхніцы майстра абярэг “Сонейка”, традыцыйную форму птушкі з кары лазы і іншыя крэатыўныя вырабы.

  Арганізацыя адкрытых міжрэгіянальных майстар-класаў застаецца і сёння паспяховай практыкай, паколькі яны ўключаны ў сістэму метадычнай дзейнасці рэгіёнаў і падтрымліваюцца на рэспубліканскім узроўні. Іх унікальнасць складаецца ў максімальнай прадуктыўнасці і эфектыўнасці сутворчасці педагогаў па рэалізацыі творчай ініцыятывы – стварэнне асяроддзя засваення культурнай спадчыны, якое спрыяе развіццю этнакультурных кампетэнцый педагогаў, і, што немалаважна, у перспектыве педагагічнага досведу для даследчай дзейнасці з навучэнцамі.