У адпаведнасці з планам работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2026 год з мэтай патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў праз іх далучэнне да каштоўнасцей беларускай культурнай спадчыны, вывучэння рэгіянальных народных традыцый і развіцця дзіцячай даследчай творчасці ў галіне беларускага народнага мастацтва з чэрвеня 2025 года па красавік 2026 года праводзіцца V Рэспубліканскі фестываль-конкурс даследчых праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый” (далей – конкурс).
Конкурс праводзіцца ў адпаведнасці з Канцэпцыяй развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года, Канцэпцыяй бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, Праграмай бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2021–2025 гады, Дзяржаўнай праграмай “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2021–2025 гады, Праграмай патрыятычнага выхавання насельніцтва на 2022–2025 гады.
Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, установа адукацыі “Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Задачы:
даследаваць самабытную з’яву традыцыйнай народнай культуры рэгіёна і прадставіць аўтарскі праект па яе ўкараненні ў сучасную культурна-адукацыйную прастору;
падтрымліваць і развіваць творчую ініцыятыву па выкарыстанні і распаўсюджванні народных мастацкіх традыцый;
фарміраваць практычныя навыкі і творчыя здольнасці навучэнцаў сродкамі беларускай народнай творчасці, павышаць матывацыю да даследчай дзейнасці і развіваць пазнавальную актыўнасць навучэнцаў;
выхоўваць павагу да народнай культуры, гісторыі, пашыраць веды, удасканальваць этнакультурныя і даследчыя кампетэнцыі, майстэрства па выкананні і прэзентацыі мастацкіх твораў;
садзейнічаць сацыялізацыі асобы ва ўмовах сучаснага грамадства з улікам выхаваўча-адукацыйнага патэнцыялу беларускай народнай спадчыны.
Намінацыі конкурсу:
- “Культурныя традыцыі і абрады роднага краю” (народныя абрады і святы, народная тэатральная творчасць, вусная народная творчасць, традыцыйны побыт беларусаў);
- “Музычная спадчына маёй Радзімы” (народныя музычныя і харэаграфічныя традыцыі, песеннае, танцавальнае, інструментальнае мастацтва беларусаў);
- “Рукатворныя помнікі народнага мастацтва маёй краіны” (мастацкія творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, традыцыйныя рамёствы і промыслы беларусаў).
У кожнай з намінацый прадстаўляюцца праекты, якія накіраваны на даследаванне, захаванне, папулярызацыю традыцыйнай культуры беларусаў, мастацкую рэканструкцыю і творчае пераасэнсаванне народнай спадчыны ў сучасных умовах.
У конкурсе прымаюць удзел навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, педагагічныя работнікі, якія ажыццяўляюць падтрымку праектна-даследчай дзейнасці і яе метадычнае суправаджэнне.
Узроставая катэгорыя ўдзельнікаў конкурсу: 10–13 гадоў, 14–18 гадоў.
Творчыя абароны-прэзентацыі праектаў: заключныя этапы рэспубліканскіх конкурсаў 2019 г. -2024 г.
Каардынатары: аддзел навукова-метадычнага і псіхолага-педагагічнага суправаджэння дадатковай адукацыі, тэл. 8 017 379 56 61












