Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ініцыіраваў правядзенне V адкрытых міжрэгіянальных майстар-класаў педагогаў дадатковай адукацыі “Мастацкая рэканструкцыя і аднаўленне элементаў этнакультуры ў дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах фальклорнага і дэкаратыўна-прыкладнога кірункаў: вопыт і вынікі” (далей – адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы).
Адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы праводзяцца ў рамках рэспубліканскага культурна-адукацыйнага праекта "Беларускае народнае мастацтва і дзеці".
Рэалізацыя праекта накіравана на стварэнне спрыяльнай этнакультурнай прасторы ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, удасканаленне прафесійных этнакультурных кампетэнцый педагогаў дадатковай адукацыі, падтрымку і развіццё творчых аб'яднанняў дзяцей і моладзі ў галіне вывучэння, захавання і трансляцыі беларускай народнай спадчыны.
11 мая 2023 года ў рамках адкрытых міжрэгіянальных майстар-класаў на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбыўся майстар-клас “Традыцыйная харэаграфія беларусаў: сучасная практыка і праблемы этнавыхавання”. Аўтары майстар-класа – Мікола Аляксеевіч Козенка, вядомы этнахарэограф, узнагароджаны ў 2019 годзе медалём Францыска Скарыны за шматгадовую паспяховую працу па вывучэнні і захаванні нацыянальнай культурнай спадчыны, мастацкі кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага гурта “Берагіня” і Антаніна Анатольеўна Абрамовіч, педагог, выдатны выканаўца народнай музыкі, якая ўжо больш за 25 год з’яўляецца музычным кіраўніком “Берагіні” ДУА “Мётчанская сярэдняя школа Барысаўскага раёна”.
Педагогі пазнаёмілі слухачоў з дзейнасцю фальклорнага гурта “Берагіня”, якая грунтуецца на прынцыпах выяўлення, вывучэння, пераймання, папулярызацыі і распаўсюджвання аўтэнтычнага фальклору Бацькаўшчыны і скіравана на ўсебаковае выхаванне дзяцей сродкамі розных праяў традыцыйнага мастацтва (танец, карагод, песня, гульня, інструментальная музыка, народная проза) рэгіёна Цэнтральнай Беларусі, пераважна Мядоцкага краю. У гэтым напрамку з калектывам працуюць навуковыя кансультанты – вядомы этнамузыколаг, кандыдат мастацтвазнаўства Тамара Барысаўна Варфаламеева і кансультант па касцюмах – Ірына Васільеўна Мазюк, дацэнт кафедры дэкаратыўна-прыкладного мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
На майстар-класе прысутнічалі ганаровыя госці і сябры Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага гурта “Берагіня” – навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі – Таццяна Васільеўна Валодзіна, доктар філалагічных навук, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры; Таццяна Іванаўна Кухаронак, старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства, дацент, кандыдат гістарычных навук; Вячаслаў Віктаравіч Калацэй, навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі, кандыдат культуралогіі; Алена Міхайлаўна Боганева, навуковы супрацоўнік сектара этналінгвістыкі і фальклору; выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў – прафесар Аляксей Уладзіміравіч Рагуля, дацэнт Таццяна Аляксандраўна Пладунова; Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – Рыма Мадэстаўна Кавалёва, вядучы навуковы супрацоўнік, кандыдат філалагічных навук; старшыня Беларускага фонда культуры Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі; вядучыя спецыялісты Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў – Алена Тадэвушаўна Каліноўская, Алена Васільеўна Гумінская; фотакарэспандэнт газеты «Звязда» Яўген Віктаравіч Пясецкі; вядомая фалькларыстка і журналіст Рэгіна Станіславаўна Гамзовіч; дырэктар Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня» Святлана Анатольеўна Беразоўская і іншыя.
У рамках майстар-класа была прадстаўлена творчая праграма “На мядоцкіх ростаньках”, якая адлюстроўвае асноватворчыя прынцыпы мастацкай дзейнасці і паказвае ў развіцці творчы шлях гурта на працягу амаль трыццаці год.
Рэпертуар калектыву складаюць абрадавыя і пазаабрадавыя творы розных відаў і жанраў народнага мастацтва – адноўленыя (навукова рэстаўраваныя) і перанятыя ад носьбітаў мясцовых мастацкіх традыцый. Дзеці пры дапамозе настаўнікаў і бацькоў удзельнічаюць у вырабе самабытных народных касцюмаў на падставе этнічных строяў.
Асноўны напрамак творчасці – харэаграфічны – быў прадстаўлены ў праграме сольнымі, парнымі, гуртавымі і парна-гуртавымі танцамі, танцамі “тройкамі”, карагодамі. Ёсць перанятыя ад носьбітаў, адноўленыя і навукова рэстаўраваныя танцавальныя ўзоры, якія пераходзяць у “Берагіні” з пакалення ў пакаленне. Танцы суправаджаюцца прыпеўкамі, што ўласціва мясцовай традыцыі. Акрамя прыпевак, гучалі перанятыя ад мясцовых спявачак каляндарныя і сямейна-абрадавыя песні. Забаўлянкі, казкі, аповеды і хуткамоўкі – яшчэ адзін выдатны жанр народнай творчасці, які раскрывае творчых рэсурсаў асобы дзіцяці.
Яскравыя беларускія танцы “Берагіні” суправаджала традыцыйная інструментальная музыка ў выкананні музычнай капэлы з педагогаў і вучняў школы, якія пераймаюць музычныя ўзоры і стыль выканання “з рукі ў руку” ад мясцовых музыкаў і з багатага сабранага архіва этнаграфічных запісаў.
Удзельнікі майстар-класа – педагагогі дадатковай адукацыі, настаўнікі, метадысты з усіх рэгіёнаў нашай краіны і г.Мінска (больш за 70 чалавек) – пазнаёміліся з асноўнымі напрамкамі дзейнасці Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага гурта “Берагіня”, навучыліся выконваць некаторыя танцы з рэпертуару, пазнаёміліся з методыкай работы кіраўнікоў калектыву праз перайманне і ўзаеманавучанне, праз індывідуальную працу і калектыўнае ўзаемадзеянне, пераканаліся ў вялікай сіле народнага мастацтва, якое здольнае ўсебакова раскрываць прыродныя задаткі дзяцей у розных напрамках фальклорнай творчасці.
Аддзел навукова-метадычнага і псіхолага-педагагічнага суправаджэння дадатковай адукацыі
Гурт «Берагіня» пацвярджае сваё майстэрства ("Звязда" 12.05.23)
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |























