Ошибка :

Показать отладочную информацию

Этнаграфічны гурт “Спадчына”. Т.А. Галавач
Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи
ruen

Этнаграфічны гурт “Спадчына”. Т.А. Галавач

ПРАГРАМА  ЭТНАГРАФІЧНАГА ГУРТКА “СПАДЧЫНА”

Галавач Т. А.
Мастоўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі

Тлумачальная запіска

У канцэпцыі бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі адным з асноўных напрамкаў з’яўляецца фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму асобы. У аснове гэтага працэсу ляжыць засваенне агульначалавечых каштоўнасцей, культурных і духоўных традыцый нашага народа. Сёння асаблівую актуальнасць набываюць краязнаўчыя заняткі, якія становяцца важным складаемым у фарміраванні асобы навучэнцаў.

XХІ стагоддзе багата на падзеі, факты, адкрыцці ў кожнай галіне навукі, тэхнікі, культуры, грамадскім жыцці. Інфармацыйнае рэчышча, каля якога праходзіць кожны дзень чалавека, становіцца ўсё шырэйшым. З дапамогай электронных сродкаў можна здабыць разнастайную інфармацыю. Навучаючы сучасных дзяцей у гэтых умовах, вельмі важна не спазніцца ў паведамленні звестак, якія спатрэбяцца ім у дарослым жыцці і з якімі па-грамадзянску і па-чалавечы годна можна адчуваць сябе на зямлі продкаў, шанаваць яе гісторыю, культуру, мову, разважаць аб будучыні краіны. У сістэме сучаснай адукацыі ёсць розныя сродкі вывучэння беларускай спадчыны, сярод якіх значнае месца займаюць аб’яднанні фальклорна-этнаграфічнага накірунку.

Веданне сваіх духоўных каранёў, спазнанне шматвяковага вопыту продкаў, адметных асаблівасцей рэгіёна, радавода будзе спрыяць фарміраванню ў навучэнцаў як грамадзянска-патрыятычных якасцей, так і пошукавых здольнасцей.

Праграма этнаграфічнага гурка “Спадчына” распрацавана на падставе тыпавой праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі мастацкага і турыстска-краязнаўчага профілю, рэалізуецца на базавым узроўні, складзена з улікам рэгіянальных асаблівасцей беларускага Панямоння.

Займаючыся ў этнаграфічным гуртку, навучэнцы далучаюцца да багатай, самабытнай культуры беларускага народа, маюць магчымасць спазнаць вопыт продкаў, асаблівасці этнасу. Курс заняткаў па дадзенай праграме абагульняе набытыя веды пра Беларусь, яе гісторыю, традыцыі, дасягненні, уводзіць у змест навучання элементы краязнаўства, этнаграфіі, народнага і прафесійнага мастацтва, сучаснай гістарычнай і грамадскай думкі.

Праграма этнаграфічнага гуртка “Спадчына” скіравана на фарміраванне здаровага светапогляду навучэнцаў, на ўсведамленне прыгажосці сваёй малой радзімы, на адчуванне сувязі і еднасці розных пакаленняў, на бачанне багацця мясцовай флоры і фаўны, духоўнай і матэрыяльнай культуры, радасці стваральнага жыцця, набыткаў багатай гісторыі.

Навучэнцы, дзякуючы засваенню мэты праграмы, будуць ганарыцца сваёй Бацькаўшчынай, імкнуцца памнажаць яе здабыткі, выкарыстоўваць багаты вопыт сваіх землякоў. Праграма скіравана на выхаванне асобы гуманістычных і дэмакратычных поглядаў з развітым пачуццём нацыянальнай самасвядомасці. Пачуццё патрыятызму, павагі да роднага краю, сваіх землякоў дасць станоўчы імпульс. Навучэнцы на шматлікіх прыкладах, пачутых у час заняткаў, пераканаюцца ў тым, што іх малая радзіма – самабытны куток Рэспублікі Беларусь, а іх землякі – цікавыя і таленавітыя людзі.

Праграма дае магчымасць арганізаваць адукацыйны працэс у цікавай, займальнай форме. Апрача лекцый і практычных заняткаў, педагог можа планаваць наведванне музеяў, правядзенне экскурсій з наступным іх абмеркаваннем, афармленне стэндаў, камплектаванне картатэкі фальклорных, этнаграфічных, краязнаўчых матэрыялаў, што будзе садзейнічаць падрыхтоўцы навучэнцаў да арганізацыі пошукавай і навуковай работы. Заняткі можна праводзіць з запрашэннем мясцовых жыхароў-умельцаў.

Дадзеная праграма дазваляе ў значнай меры ажыццяўляць на занятках прынцып рознаўзроўневага навучання: дыферэнцыяцыя ў падыходах можа рэалізоўвацца не толькі ў выбары і рэкамендацыі асобных тэм, а і ў іх паглыбленым і параўнальным вывучэнні з наступным абмеркаваннем важнейшых тэарэтычных паняццяў, свядомае засваенне якіх найлепшым чынам можна ажыццяўляць на мясцовым краязнаўчым і фальклорным матэрыяле.

Праграма складзена на аснове наступных прынцыпаў навучання і выхавання:

-  сувязь тэорыі з практыкай;

-  адзінства эмацыянальнага, маральнага і інтэлектуальнага развіцця;

-  дыферэнцыраваны падыход;

-  сістэмнасць і непарыўнасць у рабоце;

-  супрацоўніцтва педагога і навучэнцаў;

-  разнастайнасць відаў і форм дзейнасці;

-  комплекснасць;

-  прынцып свабоды выбару.

Сістэма кантролю засваення праграмы ўключае:

бягучы кантроль (гульні, конкурсы, міні-апытанні, тэматычныя выставы);

выніковы кантроль (заліковыя выставы творчых работ, прадстаўленні прэзентацый, відэафільмаў, канцэрты і спектаклі).

Мэта праграмы: фарміраванне ў навучэнцаў ведаў аб родным краі, аб Мастоўшчыне; выхаванне патрыятызму, нацыянальнай свядомасці, любові да Бацькаўшчыны.

Задачы:

-  абудзіць цікавасць да родных мясцін і паглыбіць веды аб унікальным кутку прынёманскага краю;

-  далучыць маладое пакаленне да вывучэння набыткаў багатай матэрыяльнай і духоўнай спадчыны нашага народа, акцэнтуючы ўвагу на фактах, якія закліканы спрыяць фарміраванню свядомасці навучэнцаў, іх грамадзянскага станаўлення да адчування ўнутранай патрэбы вучыцца і працаваць на карысць Радзімы;

-  паглыбіць і ўдасканаліць веды пра Бацькаўшчыну, выкарыстоўваючы мясцовы матэрыял, спалучаючы яго з набытымі ведамі па гісторыі, роднай мове і літаратуры, геаграфіі, абагульняючы і ўводзячы ў змест навучання элементы краязнаўства, этнаграфіі быту, сучаснай гістарычнай і грамадскай думкі;

-  выхаваць у навучэнцаў беражлівыя і паважлівыя адносіны да ўсяго лепшага, створанага землякамі, іх мовы, фальклорных, мясцовых прыродных багаццяў, вынікаў штодзённай працы;

-  абудзіць у навучэнцаў жаданне авалодваць неабходнымі для жыцця ведамі;

-  навучыць збіраць і сістэматызаваць мясцовы матэрыял (легенды, паданні, назвы-тапонімы і інш.);

-  паспрыяць фарміраванню маральна-эстэтычных поглядаў навучэнцаў, лагічнага мыслення, эрудыцыі, узбагачэнню слоўнікавага запасу і агульнай моўнай культуры.

Арганізацыйныя ўмовы рэалізацыі праграмы

Узрост навучэнцаў – 13-16 гадоў. Тэрмін рэалізацыі праграмы – 3 гады.

Узрост навучэнцаў першага года навучання – 13-14 гадоў. Напаўняльнасць групы – 15 чалавек. Заняткі праводзяцца 2 разы на тыдзень па 2 гадзіны, усяго 4 гадзіны на тыдзень. Гадавая колькасць гадзін першага года навучання – 144 гадзіны.

Узрост навучэнцаў другога года навучання – 14-15 гадоў. Колькасць навучэнцаў у групе складае 10-12 чалавек. Заняткі праводзяцца 3 разы на тыдзень па 2 гадзіны, усяго 6 гадзін на тыдзень. Гадавая колькасць гадзін другога года навучання – 216.

Узрост навучэнцаў трэцяга года навучання – 15-16 гадоў. Напаўняльнасць групы – 10-12 чалавек. Заняткі праводзяцца тры разы на тыдзень па 2 гадзіны, усяго 6 гадзін на тыдзень. Гадавая колькасць гадзін – 216. Працягласць адной вучэбнай гадзіны – 45 хвілін.

Заняткі праводзяцца ў адпаведнасці з устаноўленымі санітарна-гігіенічнымі нормамі і правіламі супрацьпажарнай бяспекі.

Пры вывучэнні асобных раздзелаў праграмы, звязаных з прыгатаваннем ежы, вышыўкай, вырабам рэчаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выконваюцца ўсе санітарна-гігіенічныя патрабаванні і праводзіцца неабходны інструктаж па тэхніцы бяспекі, правілах бяспечных паводзін навучэнцаў на занятках.

Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне:

-  камп’ютар, прынтар;

-  магнітафон;

-  музычныя інструменты (баян, акардэон, барабан);

-  шумавыя інструменты;

-  мультымедыапраектар;

-  стэнды і стэлажы для выстаў;

-  фотаапарат;

-  відэакамера;

-  касеты з запісамі беларускіх народных песень.

Матэрыялы і абсталяванне:

-  геаграфічная карта;

-  канцылярскія тавары (каляровыя алоўкі, фламастары);

-  папера і магніты;

-  ніткі і іголкі для шыцця, нажніцы;

-  тканіна, каляровыя ніткі (мулінэ);

-  пяльцы для вышывання;

-  харчовыя прадукты для выпечкі караваю (гатовае дражджавое цеста, мука);

-  харчовыя прадукты для каляднага стала (вада, аўсяныя крупы (геркулес), ячневыя крупы, соль, цукар);

-  народныя мужчынскія і жаночыя касцюмы.

Кадравае забеспячэнне:педагог дадатковай адукацыі, акампаніятар.

Першы год навучання

Мэта: далучэнне навучэнцаў да культурнай спадчыны беларускага народа.

Задачы:

-  пазнаёміць навучэнцаў з беларускім народным календаром, старажытнымі абрадамі, звычаямі, забавамі;

-  прывіць цікавасць да народнай творчасці беларускага народа;

-  вывучаць культурную спадчыну сваёй мясцовасці.

Вучэбна-тэматычны план першага года навучання

 

п/п

Назва раздзелаў

Усяго

Тэорыя

Практыка

1.

Уступныя заняткі

2

-

2

2.

Беларускі народны каляндар

64

14

50

3.

Народная творчасць беларусаў

18

8

10

4.

Народныя гульні і народная харэаграфія

16

6

10

5.

Традыцыйны народны тэкстыль і адзенне беларусаў

10

4

6

6.

Экспедыцыйная дзейнасць

24

6

18

7.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару

6

-

6

8.

Заключныя заняткі

4

-

4

 

Усяго

144

38

106

 

Змест праграмы першага года навучання

  1. 1.                      Уступныя заняткі (2.)

Вывучэнне матывацыі, здольнасцей навучэнцаў, іх пажаданняў шляхам анкетавання. Мэта і задачы гуртка на год. Складанне праекта плана на год. Правілы бяспечных паводзін.

2. Беларускі народны каляндар (64г.)

Характарыстыка свят, абрадаў і абрадавай паэзіі паводле народнага календара. Сувязь традыцыйных свят і абрадаў з галоўнымі этапамі жыцця і працоўнай дзейнасцю чалавека. Асаблівасці народнай культуры Панямоння і Мастоўшчыны. Земляробчы каляндар і назвы месяцаў. Будні, святы, прысвяткі. Нерухомыя і рухомыя святы. Асеннія святы, звычаі і абрады. “Пакровы”. “Дзяды”. “Усе святыя”. Зімовыя святы. “Каляды”. Калядныя вечары. Тры куцці. Калядныя варожбы. “Вадохрышча”. “Грамніцы”. Веснавыя святы. “Масленіца”. “Вербніца”. “Вялікдзень”. “Сёмуха”. Летнія святы. “Купалле”. Жніўныя звычаі і абрады.

Практычныя заняткі: рэканструкцыя народнай святочнай абраднасці паводле традыцый Панямоння. Распрацоўка сцэнарыяў, падрыхтоўка і правядзенне свят народнага календара: “Добры вечар таму, хто ў гэтым даму”, “Масленічныя забавы”, “Гуканне вясны”, “Вялікдзень”, “Купалле”. Развучванне песень каляндарна-абрадавага цыкла.

3. Народная творчасць беларусаў (18г.)

Легенды і паданні. Жартоўныя легенды. Паданні пра назвы вёсак і гарадоў. Народны гумар. Казкі чарадзейныя. Казкі бытавыя. Казкі-анекдоты. Легенды-былічкі. Жарты.

Практычныя заняткі.Чытанне народных казак і іх інсцэніроўкі. Запіс легенд і паданняў пра паходжанне вёсак сваёй мясцовасці. Турнір знаўцаў народных казак “Падарожжа ў краіну казак”. Састаўленне летапісу “Адкуль пайшла назва вёскі маёй?”.

4. Народныя гульні і народная харэаграфія (16г.)

Класіфікацыя народных гульняў. Дзіцячыя гульні. Старажытныя гульні, іх вытокі. Каляндарна-абрадавыя гульні і тэатралізаваныя відовішчы. Сямейна-абрадавыя гульні. Гульні, ігрышчы, танцы. Роля гульняў і танцаў у маральным выхаванні моладзі.

Практычныя заняткі.Творчая майстэрня “Гульні маёй мясцовасці” і іх развучванне. Развучванне танца “Котчынская кадрыля”. Конкурсна-гульневая праграма “Свята беларускай народнай гульні. Гульні Мастоўшчыны”.

5. Традыцыйны народны тэкстыль і адзенне беларусаў (10г.)

Тканыя паясы. Ручнікі. Посцілкі і дываны. Ручное ткацтва. Жаночае і мужчынскае адзенне. Асаблівасці народнага адзення жыхароў Панямоння, Мастоўшчыны.

Практычныя заняткі. Вышыўка элементаў жаночага фартуха (вышыўка крыжыкам, падвойным крыжыкам, ланцужком, гладдзю). Маляванне ўзораў вышыўкі ручніка (арнамент “у валошкі”, “у галубкі”, “у зорачкі”).

6. Экспедыцыйная дзейнасць (24г.)

Экспедыцыйныя даследаванні. Выбар інфарматараў і методыка запісу фальклорных крыніц. Вядзенне дзённіка: запаўненне анкет, фотафіксацыя, запіс успамінаў, твораў вуснай народнай творчасці, апісанні рэчаў. Пашпартызацыя этнаграфічных матэрыялаў. Правілы паводзін з носьбітамі народнай культуры. Тэхнічныя сродкі запісу фальклору.

Практычныя заняткі.Складанне праграмы экспедыцыйных даследаванняў, апытальнікаў з канкрэтным пералікам пытанняў па запісу свят і абрадаў, легенд і паданняў, казак, песень і танцаў сваёй мясцовасці. Апытанне мясцовых жыхароў, экспедыцыі па навакольных вёсках (в.Вялікія Азёркі, в.Котчына, в.Лабзова) з мэтай запісу мясцовых народных песень, казак, гульняў, збору экспанатаў, прадметаў побыту беларусаў. Сустрэча з вядомымі мясцовымі спевакамі і выканаўцамі танца “Котчынская кадрыля”, запіс на магнітафонную стужку і відэакамеру.

7. Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару (6г.)

Наведванне Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лес і чалавек”, наведванне выстаў, творчыя сустрэчы са знакамітымі землякамі.

8. Заключныя заняткі (4г.)

Дэбат-турнір “Нашы дасягненні”. Свята “Матчын ручнік”.

Прагназуемыя вынікі першага года навучання

Навучэнцы павінны ведаць:

-  каляндарную абраднасць беларусаў, некаторыя гістарычныя звесткі з гісторыі культуры краіны;

-  асаблівасці народных традыцый Панямоння;

-  назвы, час правядзення і сутнасць народных каляндарных свят свайго рэгіёна;

-  звесткі аб мясцовасці, дзе яны нарадзіліся і жывуць;

-  народныя казкі, легенды і паданні, гульні сваёй мясцовасці;

-  тэматыку і жанравыя ўласцівасці каляндарна-абрадавых песень;

-  адметнасці беларускай нацыянальнай вопраткі.

Навучэнцы павінны ўмець:

-  валодаць гістарычным матэрыялам аб паходжанні назваў населеных пунктаў сваёй мясцовасці;

-  выконваць народныя песні, танцы, расказваць казкі, легенды, паданні;

-  інсцэніраваць казку, легенду, паданне, жарт, прадумваючы дыялогі, рэмаркі, дэкарацыі, касцюмы, музычнае суправаджэнне і інш.;

-  самастойна або з дапамогай педагога складаць сцэнарны план правядзення каляндарных свят згодна рэгіянальных традыцый;

-  вышываць элементы нацыянальнага адзення;

-  збіраць экспанаты, прадметы побыту землякоў-беларусаў, запісваць фальклорныя творы ад носьбітаў фальклору, сістэматызаваць сабраны матэрыял;

-  карыстацца фотаапаратам і відэакамерай;

-  выконваць правілы бяспекі ў час заняткаў гуртка, правядзення мерапрыемстваў і экскурсій.

Прыкладны рэпертуар першага года навучання

Беларускія народныя песні:

“А Калядачкі, а хадзіце к нам”, “Го-го-го, каза”, “У нас сягоння Масленіца”, “Ты, пчолачка ярая”, “Дапамажы, Божа”, “Прыйдзі, прыйдзі, вясна”, “Вясна-красна наставала”, “Добры вечар, пане гаспадару!”, “Ой, рана на Йвана”, “Ой, па рацэ”.

Беларускія народныя казкі:

“Зайчыкава хата”, “Певень і жаронцы”, “Пра братоў, сястру і ведзьму”, “Чалавек у гасцях у Бога”, “Як бацька сыну жонку выбіраў”.

Народныя гульні і танцы:

“Проса”, “Пеўнік”, “У каменьчыкі”, “У клёка”, “Два, трэці– лішні”, “Хованкі”, “Ручаёк”, “Вяночак”; танец “Котчынская кадрыля”, “Танок”, полька “Янка”.

Другі год навучання

Мэта:  павышэнне зацікаўленасці навучэнцаў ведамі па этнаграфіі Беларусі.

Задачы:

-  садзейнічаць паглыбленню ведаў навучэнцаў аб беларускай народнай спадчыне, традыцыях і звычаях;

-  пашырыць уяўленні аб народнай культуры рэгіёна;

-  пазнаёміць з нацыянальнымі стравамі і народнымі рамёствамі;

-  даследаваць народны быт і культуру ў творах мастацкай літаратуры;

-  выхоўваць пачуцці нацыянальнай годнасці і гонару за сваіх продкаў і сучаснікаў.

Вучэбна-тэматычны план другога года навучання

п/п

Назва раздзелаў

Усяго

Тэорыя

Практыка

1.

Уступныя заняткі

2

-

2

2.

Побыт беларусаў

16

6

10

3.

Народны каляндар

54

8

46

4.

Беларуская кухня

14

6

8

5.

Здабываючыя промыслы і рамёствы

16

6

10

6.

Сям’я і радавод

60

10

50

7.

Народны быт і культура ў мастацкіх творах

20

8

12

8.

Экспедыцыйная дзейнасць

24

6

18

9.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару

8

-

8

10.

Заключныя заняткі

2

-

2

 

Усяго

216

50

166

 

Змест праграмы другога года навучання

  1. 1.                      Уступныя заняткі (2г.)

Прэзентацыя “Нашы поспехі” (аналіз работы гуртка за мінулы навучальны год). Мэта і задачы гуртка на год. Правілы ўнутранага распарадку.Правілы бяспечных паводзін. Санітарна-гігіенічныя патрабаванні.

2. Побыт беларусаў (16г.)

Асаблівасці сельскага рассялення ў розных раёнах Беларусі. Геаграфія рассялення і гістарычныя тыпы паселішчаў. Народнае жыллё. Інтэр’ер жылля. Практычныя, эстэтычныя і абрадавыя функцыі інтэр’ера. Будаўнічыя звычаі і абрады. Закладзіны. Кветка. Улазіны. Культавыя пабудовы і знакі. Дэкор у народным дойлідстве. Асаблівасці побыту беларусаў на тэрыторыі Панямоння. Асаблівасці інтэр’ера беларускага народнага жылля на Мастоўшчыне.

Практычныя заняткі. Работа з геаграфічнай картай Беларусі і буйнамаштабнымі картамі. Складанне планаў традыцыйнага жылля, сядзібы ў яго рэгіянальных асаблівасцях. Замалёўкі дэкаратыўных узораў і замалёўкі аздаблення жылых культавых пабудоў.

3. Народны каляндар (54г.)

Аграрныя святы і абрады. Гадавы народны каляндар – форма духоўнага жыцця земляроба. Сістэма прыкмет і павер’яў. Роля старажытных свят, аграрных звычаяў і абрадаў у народнай педагогіцы. Вясна – пачатак года. Веснавыя святы.Звесткаванне. Сiмволiка абрадавых дзеянняў. Абярэгi. Падрыхтоўка да веснавой сяўбы. Заворванне. Засеўкі. Летнiя аграрна-каляндарныя святы. Жнiво. Восеньскiя святы. Прачыстая. Багач. Зiмовыя калядныя святы. Новы год у народнай традыцыі. Рэгіянальныя асаблівасці святкавання аграрных звычаяў і абрадаў.

Практычныя заняткі. Рэканструкцыя народнай святочнай абраднасці паводле традыцый Панямоння. Распрацоўка сцэнарыяў, падрыхтоўка і правядзенне святаў народнага календара: “Звеставанне”, “Зажынкі”, “Спас – усяму час”, “Дажынкі”, “Прыйшоў Багач – кідай рагач”. Развучванне песень каляндарна-абрадавага цыкла. Правядзенне інтэлектуальнай гульні “Калядны каляндар”.

4. Беларуская кухня (14г.)

Ежа – этнакультурная з’ява. Нацыянальная кухня (пагранічны аспект). Асаблівасці прыгатавання традыцыйных беларускіх страў. Трапезы, якія звязаны са святамі каляндарнага цыкла. Абрадавыя стравы: свята Каляды (тры Куцці: посная, багатая, посная) – куцця, узвар з сушаных грушаў, яблыкаў, аўсяны кісель, грыбны квас, ламанцы, галушкі, каўбасы, калядны пірог, рыба і інш.; свята Вялікдзень – чырвоныя яйкі, пірагі (паскі, мазуркі), мясныя стравы, каўбасы, запечаны кумпяк, халадзец і інш.

Практычныя заняткі. Запіс рэцэптаў старадаўніх традыцыйных беларускіх страў ад сваіх бабуль. Прыгатаванне посных страў да каляднага стала (аўсяны кісель, посная куцця). Стварэнне праекта “Беларускія прысмакі”.

5. Здабываючыя промыслы і рамёствы (16г.)

Сутнасць і асаблівасці здабываючых рамёстваў. Гісторыка-этнаграфічны нарыс. Рамесныя вырабы, іх практычныя, мастацкія і этнакультурныя функцыі.

Практычныя заняткі. Работа над рэфератам “Праблемы адраджэння народных рамёстваў і промыслаў на Мастоўшчыне”. Фарміраванне выставы ўласных тканых вырабаў мясцовых ткачых Крэўчык В.Ф. і Чудзілоўскай З.І.

6. Сям’я і радавод (60г.)

Сямейныя святы і абрады. Дэмаграфічныя працэсы. Функцыі сям’і. Сям’я, сямейныя адносіны і абрады ў розных народаў (параўнальны аспект). Сямейныя традыцыі і народная педагогіка. Асаблівасці сямейна-абрадавых традыцый рэгіёна.

Практычныя заняткі. Рэканструкцыя сямейных свят і абрадаў паводле народных традыцый Панямоння: “Заручыны”, “Хрэсьбіны”. Распрацоўка сцэнарыяў фальклорных свят “Народная педагогіка ў хаце дзеда Петруся”, абраду “Вяночкі” і іх сцэнічны паказ. Развучванне песень сямейна-абрадавага цыкла. Этнаграфічны праект “Сямейны побыт. Сваякі. Традыцыі беларусаў”.

7. Народны быт і культура ў мастацкіх творах (20г.)

З гісторыі краязнаўча-этнаграфічнага вывучэння Беларусі. Сярэдневяковыя летапісы і хронікі аб жыцці, звычаях і вераваннях жыхароў Беларусі. Народны быт і культура ў творах Я. Коласа, М. Гарэцкага, І. Мележа, У. Караткевіча і інш.

Практычныя заняткі. Работа з краязнаўча-этнаграфічнай і мастацкай літаратурай. Напісанне рэфератаў, выступленні з творчымі дакладамі.Стварэнне прэзентацый да твораў Я. Коласа, У. Караткевіча і іх абарона.

8. Экспедыцыйная дзейнасць (24г.)

Методыка запісу фальклорных крыніц. Выбар інфарматараў, правілы паводзін з носьбітамі народнай культуры. Вядзенне дзённіка: запаўненне анкет, фотафіксацыя, запіс успамінаў, твораў вуснай народнай творчасці, апісанні рэчаў. Пашпартызацыя этнаграфічных матэрыялаў. Тэхнічныя сродкі запісу фальклорных крыніц.

Практычныя заняткі.Складанне праграмы экспедыцыйных даследаванняў, апытальнікаў з канкрэтным пералікам пытанняў па запісу аграрных свят і абрадаў, сямейна-абрадавых традыцый, песень, старынных рэцэптаў традыцыйных беларускіх страў сваёй мясцовасці. Апытанне мясцовых жыхароў. Экспедыцыі па навакольных вёсках (в.Малыя Азёркі, в.Букштава) з мэтай запісу мясцовых народных песень, старадаўніх бабуліных рэцэптаў прыгатавання традыцыйных страў, збору экспанатаў, прадметаў побыту беларусаў.Сустрэча з мясцовымі ткачыхамі Крэўчык В.Ф. і Чудзілоўскай З.І. з мэтай арганізацыі выставы іх уласных тканых вырабаў. Фіксацыя і сістэматызацыя запісаў.

9. Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару (8г.)

Наведванне канцэртаў фальклорных калектываў, экскурсіі па гістарычных мясцінах Мастоўшчыны, наведванне выстаў народнай творчасці, удзел у каляндарна-абрадавых святах.

10. Заключныя заняткі (2г.)

Свята “Сустрэча на вясковым падворку”.

Прагназуемыя вынікі другога года навучання

Навучэнцы павінны ведаць:

-  асаблівасці сельскага рассялення ў розных раёнах Беларусі;

-  нацыянальныя асаблівасці развіцця аграрнай гаспадаркі і земляробства, некаторых рамёстваў;

-  сямейна-абрадавыя традыцыі, народны каляндар Мастоўшчыны;

-  асаблівасці прыгатавання традыцыйных і абрадавых беларускіх страў свайго рэгіёна;

-  асаблівасці паэтычнага тэксту і выкарыстанне мясцовых дыялектаў і фразеалагізмаў;

-  этнаграфію беларусаў праз мясцовы матэрыял, фальклорныя творы;

-  змест мастацкіх літаратурных твораў.

Навучэнцы павінны ўмець:

-  расказваць аб гісторыі свайго народа, яго традыцыях і звычаях;

-  працаваць з картай;

-  складаць планы будынкаў і сядзіб;

-  наладжваць сустрэчы з мясцовымі майстрамі-ўмельцамі, афармляць выставы іх уласных вырабаў;

-  гатаваць традыцыйныя беларускія стравы;

-  выконваць песні сямейна-абрадавага і каляндарна-абрадавага фальклору;

-  валодаць паэтычным тэкстам і выкарыстоўваць у сваёй мове мясцовыя дыялекты і фразеалагізмы;

-  складаць сцэнарыі свят у адпаведнасці з рэгіянальнымі традыцыямі;

-  працаваць з краязнаўча-этнаграфічнай і мастацкай літаратурай;

-  пісаць рэфераты, выступаць з творчымі дакладамі;

-  збіраць экспанаты, прадметы побыту землякоў-беларусаў, запісваць фальклорныя творы мясцовых носьбітаў і сістэматызаваць сабраны матэрыял;

-  карыстацца фотаапаратам і відэакамерай;

-  выконваць правілы бяспекі ў час заняткаў гуртка, правядзення мерапрыемстваў і экскурсій.

Прыкладны рэпертуар другога года навучання

Беларускія народныя песні

“Гаварыла поле шырокае”, “Ападае лісточак”, “Ластаўка белакрылая”,”На калгасны загон”, “Ой, красуйся, жыцейка”, “На моры вутачка купалася”,“Цераз рэчку, цераз быструю”, “Каб я знала, ведала”, “Як малодка дзіцятку радзіла”, “Дзяўчыначка мая, заручоная”, “Каліна-маліна”, “Стаяла сосна, пылала”.

Трэці год навучання

Мэта: актывізацыя краязнаўчай работы навучэнцаў праз паглыбленне іх ведаў па этнаграфіі Беларусі.

Задачы:

–                              фарміраваць унавучэнцаў цэласнае ўяўленне аб культурных традыцыях беларускага народа;

–                              фарміраваць цікавасць і любоў да гісторыі продкаў, у першую чаргу побыту і культуры свайго рэгіёна;

–                              паглыбляць і пашыраць веды па фальклоры, этнаграфіі, народным мастацтве, літаратуры, музыцы і працоўным навучанні;

–                              выхоўваць грамадзяніна-беларуса на сістэме каштоўнасцей, якія адпавядаюць агульначалавечым прынцыпам і менталітэту беларускага народа.

Вучэбна-тэматычны план трэцяга года навучання

№ п/п

Назва раздзелаў

Усяго

Тэорыя

Практыка

1.

Уступныя заняткі

2

-

2

2.

Тапаніміка Мастоўшчыны

30

6

24

3.

Здабываючыя і мастацкія промыслы на Беларусі

24

8

16

4.

Беларускі каравай

24

6

18

5.

Сям’я і радавод

70

10

60

6.

Батлейка і яе гісторыя

22

6

16

7.

Экспедыцыйная дзейнасць

30

6

24

8.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару

10

-

10

9.

Заключныя заняткі

4

-

4

 

Усяго

216

42

174

 

Змест праграмы трэцяга года навучання

  1. 1.                      Уступныя заняткі (2г.)

Мэта і задачы гуртка на год. Прагляд відэаматэыялаў за мінулы навучальны год. Узнагароджванне навучэнцаў. Правядзенне анкеты “Маё месца ў гуртку”. Правілы ўнутранага распарадку. Агульныя правілы бяспечных паводзін. Санітарна-гігіенічныя патрабаванні.

2. Тапаніміка Мастоўшчыны (30г.)

Асаблівасці сельскага рассялення ў розных раёнах Беларусі. Экалогія і выбар месца. Памер, шчыльнасць і густата паселішчаў, іх знешняе аблічча. Групы тапонімаў, што адлюстроўваюць гісторыю паселішчаў. Тапанімічныя назвы азёркаўскага краю.

Практычныя заняткi. Работа над рэфератам “Тапанімічныя назвы як адлюстраванне жыцця і побыту народа”, “Рэгіянальныя асаблівасці тапаніміі і мікратапаніміі”. Складанне тапанімічнага слоўніка назваў вёсак сваёй мясцовасці. Складанне тэстаў, крыжаванак пра паходжанне назваў населеных пунктаў свайго рэгіёна. Афармленне тэматычных матэрыялаў “Тапаніміка Мастоўшчыны”. Правядзенне віктарыны “Назвы майго краю”.

3. Здабываючыя і мастацкія промыслы на Беларусі(24г.)

Промыслы i рамёствы. Экалагiчнае асяроддзе і чалавек. Пчалярства. Бортніцтва–архаічная форма пчалярства. Пчала ў міфалогіі і сімволіцы беларусаў. Мёд і воск у звычаях і абрадах. Мастацкія промыслы ў рэгіёне, іх адметныя асаблівасці. Універсальныя навыкі і творчы талент беларускіх майстроў. Беларускі ручнік: працэс нараджэння, семантыка арнаменту, функцыянальнасць. Праблемы адраджэння народных рамёстваў.

Практычныя заняткi.Падрыхтоўка музейнай экспазіцыі па гісторыі пчалярства і бортніцтва (на мясцовым матэрыяле). Сустрэча з мясцовымі пчалярамі. Арганiзацыя выставы мастацкiх вырабаў. Работа над рэфератам “Гродзенскія ручнікі”. Правядзенне этнаграфічнага турніру.

4. Беларускі каравай (24г.)

Хлеб і хлебныя вырабы. Замес цеста ў дзяжы. Выпечка караваю. Сімволіка-абрадавае значэнне беларускага караваю.

Практычныя заняткi. Работа над прэзентацыямі ”Яго Вялікасць каравай”, “Роля караваю ў вясельным абрадзе”.Выраб упрыгожванняў (кветак, птушачак) для караваю.

5.Сям’я i радавод (70г.)

Нацыянальныя традыцыі сям’і. Радавод і сiстэма сваяцтва. Сямейныя традыцыі i народная педагогiка. Сямейныя звычаii абрады: радзіны, вяселле. Пахавальная абраднасць у гiсторыі культуры. Культ продкаў. Ахова мемарыяльных помнiкаў і памятных месцаў. Радаводнае дрэва сваёй сям’і. Гісторыя беларускай сям’і: традыцыі і сучаснасць. Тыпы і структура сям’і.

Практычныя заняткi. Міні-даследаванне па тэме “Святкаванне Каляд іВялікадня ў маёй сям’і”. Складанне радаводнага дрэва сваёй сям’i. Рэканструкцыя абрадаў сямейна-абрадавага цыкла “Адведкі”, “Вяселле” і іх сцэнічны паказ. Правядзенне конкурсу “ФЭСТ” (фальклор, этнаграфія, спадчына, традыцыі).

6. Батлейка і яе гісторыя (22г.)

Батлейка – беларускі народны лялечны тэатр. Апісанне і рэпертуар батлейкі. Лялькі для батлейкі. Помнік батлейцы. Прадстаўленне. Драмы “Цар Ірад”, “Мацей і доктар”, “Вольскі– купец польскі” і інш. Батлейка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

Практычныя заняткі. Выраб, шыццё лялек для пастаноўкі. Падрыхтоўка і прадстаўленне фрагмента інтэрмедыі “Мацей і доктар”.

7. Экспедыцыйная дзейнасць (30г.)

Узмацненне цікавасці да традыцыйнай беларускай культуры ў наш час. Навуковае, грамадскае і эстэтычнае значэнне скарбаў народнай творчасці. Роля грамадскасці ў збіранні фальклору. Вызначэнне асноўнай мэты збірання. Асаблівасці стацыянарнай і экспедыцыйнай работы. Выбар інфарматараў,правілы паводзін з носьбітамі народнай культуры. Вядзенне дзённіка: запаўненне анкет, фотафіксацыя, запіс успамінаў, твораў вуснай народнай творчасці, апісанні рэчаў. Пашпартызацыя этнаграфічных матэрыялаў. Тэхнічныя сродкі запісу фальклорных крыніц.

Практычныя заняткі.Складанне праграмы экспедыцыйных даследаванняў, апытальнікаў з канкрэтным пералікам пытанняў па запісу тапонімаў, сямейных свят і абрадаў, традыцый, песень сваёй мясцовасці. Падрыхтоўка тэхнічных сродкаў. Экспедыцыі па навакольных вёсках (в.Малыя Азёркі, в.Вялікія Азёркі, в.Тумашы) з мэтай запісу мясцовых народных радзінных і вясельных песень, збору экспанатаў, прадметаў побыту беларусаў. Сустрэча з мясцовымі жыхарамі з мэтай запісу ўспамінаў пра паходжанне назваў вёсак у сваім рэгіёне. Фіксацыя запісу. Абагульненне матэрыялаў экспедыцыйнай дзейнасці, афармленне і выхад кнігі “Мой край” і зборніка “Святы, абрады і звычаі як сродак выхавання грамадзянскасці”.

8. Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару (10г.)

Экскурсія ў Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. Наведванне выстаў, канцэртаў фальклорных калектываў, удзел у каляндарна-абрадавых святах, творчыя сустрэчы са знакамітымі землякамі.

9. Заключныя заняткі (4г.)

Свята “Адведкі” і “Беларускае вяселле”.

Прагназуемыя вынікі трэцяга года навучання

Навучэнцы павінны ведаць:

-  гісторыю, асаблівасці народнай культуры, традыцыйную творчасць рэгіёна;

-  радаслоўную сваёй сям’і;

-  асноўныя паняцці і заканамернасці тапанімікі, культурна-гістарычныя карані геаграфічных назваў свайго рэгіёна;

-  гісторыю батлейкі;

-  каляндарную і сямейную абраднасць беларусаў;

-  асаблівасці народнага календара і сямейна-абрадавыя традыцыі Мастоўшчыны.

Навучэнцы павінны ўмець:

-  расказваць аб гісторыі свайго народа, яго традыцыях і звычаях;

-  працаваць з картай;

-  збіраць, сістэматызаваць і прэзентаваць тапанімічны матэрыял свайго рэгіёна;

-  наладжваць сустрэчы з мясцовымі майстрамі-ўмельцамі;

-  складаць сцэнарыі свят паводле традыцый сваёй мясцовасці;

-  арганізоўваць выставы мастацкіх вырабаў;

-  складаць уласны радавод, пісаць рэфераты, выступаць з дакладамі і паведамленнямі па пытаннях беларускай і рэгіянальнай тапанімікі;

-  прымаць удзел у рэалізацыі групавых і калектыўных творчых праектаў;

-  працаваць з краязнаўча-этнаграфічнай і мастацкай літаратурай;

-  беражліва і паважліва адносіцца да ўсяго лепшага, створанага землякамі, да іх мовы, фальклорных, мясцовых прыродных багаццяў, вынікаў штодзённай працы; ганарыцца здабыткамі культурнага развіцця рэгіёна, яго самабытнай шматвекавой культурай;

-  збіраць экспанаты, прадметы побыту землякоў-беларусаў, запісваць фальклорныя творы ад мясцовых носьбітаў і сістэматызаваць сабраны матэрыял;

-  карыстацца фотаапаратам і відэакамерай;

-  выконваць правілы бяспекі ў час заняткаў гуртка, правядзення мерапрыемстваў і экскурсій.

Прыкладны рэпертуар трэцяга года навучання

Беларускія народныя песні

“А ўчора звячора”, “Бабулька ж мая, міленькая”, “А я ж гэту бабку”, “Кума мая, кумачка”, “Ой, кум да кумы заляцаўся”, “Прыехалі сваты на двор”, “У гародзе мята”, “Каравайнічкі, пачынайнічкі”, “У нашай хаце свадзьба будзе”, “Стаяць коні пры дарозе”.

Формы і метады рэалізацыі праграмы

На занятках этнаграфічнага гуртка прадугледжваецца дзейнасць, якая стварае ўмовы для творчага развіцця навучэнцаў на розных узроставых этапах і ўлічваецца дыферэнцыраваны падыход.

Этапы праграмы: азнаямляльны, развіваючы, даследчы. Асноўныя дыдактычныя прынцыпы праграмы: даступнасць і нагляднасць, паслядоўнасць і сістэмнасць навучання і выхавання, улік узроставых і індывідуальных асаблівасцей дзяцей. Акрамя пералічаных агульнадыдактычных прынцыпаў, у аснову праграмы гуртка пакладзены прынцыпы ўзаемазвязанага засваення мовы і культуры, творчага развіцця асобы і індывідуалізацыі навучання.

Тыпы заняткаў: традыцыйны, інтэгрыраваны, камбініраваны.

Формы правядзення заняткаў: творчыя майстэрні, экспедыцыі, гульні, экскурсіі, канцэрты, спектаклі, выставы, творчыя справаздачы, прэзентацыі, міні-даследаванні, турніры, віктарыны.

Выхаваўчыя мерапрыемствы: удзел у конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню, выступленні з канцэртамі і спектаклямі перад бацькамі і грамадскасцю.

Работа з бацькамі: наведванне бацькамі заняткаў, індывідуальныя гутаркі, удзел і дапамога бацькоў у экспедыцыйнай дзейнасці.

Індывідуальныя, групавыя, калектыўныя праекты па даследаванні традыцыйнай культуры свайго рэгіёна дазваляюць кожнаму навучэнцу рэалізаваць сябе, задаволіць уласныя пазнавальныя інтарэсы, развіць свае здольнасці. У аснову навучання пакладзены метады арганізацыі самастойнай работы навучэнцаў, вынікі якой правяраюцца, аналізуюцца і абмяркоўваюцца на занятках. Форма правядзення можа быць самай разнастайнай: тэст, сачыненне-разважанне, дыскусія, гульня, абарона праектаў, прэзентацыя з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій і інш.

Плануючы працу на аснове сучасных інфармацыйных тэхналогій, педагог кіруецца роляй мультымедыйных сродкаў масавай камунікацыі ў актуалізацыі творчага патэнцыялу асобы, у рэалізацыі навучальнай, выхаваўчай і развіваючай функцый. Аднак варта памятаць, што асоба фарміруецца не толькі асобаю, соцыумам, уласнай жыццятворчасцю. Складаючымі развіцця асобы з’яўляецца валоданне рознымі спосабамі дзейнасці, у першую чаргу пошукавага характару. Таму асноўнае месца ў сістэме работы гуртка займаюць творчыя пошукавыя заданні і праекты.

Пры вывучэнні большасці тэм (“Народны каляндар”, “Народная творчасць беларусаў”, “Сям’я і радавод”,”Тапаніміка Мастоўшчыны”) экспедыцыйная дзейнасць накіравана на даследаванне мясцовых традыцый, на пошук цікавага і карыснага матэрыялу. Навучэнцы адказна ставяцца да выбару тэмы даследавання, працуюць над ёй, затым абараняюць. Цікава праходзяць сустрэчы з мясцовымі майстрамі-ўмельцамі, спевакамі і музыкантамі. Навучэнцы запісваюць матэрыялы на магнітафонную стужку, здымаюць сюжэт на відэакамеру, фотаапарат. Апрацаваны матэрыял выкарыстоўваецца ў складанні рэпертуару гуртка.

Творчае мысленне актывізуе пазнавальную дзейнасць, робіць навучэнцаў сааўтарамі новых ідэй. Прэзентацыя ўласных праектаў (індывідуальных, групавых) дазваляе праявіць іх большую актыўнасць і самастойнасць. У якасці індывідуальных заданняў навучэнцам можна прапанаваць скласці пытанні да віктарыны, тэсты да тэмы, даклад, міні-даследаванне, прапанаваць тэмы рэфератаў.

Праектныя заданні для групы з двух-пяці чалавек могуць быць наступнымі: падрыхтаваць газету, часопіс, правесці апытанне жыхароў з мэтай збору звестак пра імёны і прозвішчы, мясцовыя тапонімы, інтэрв’ю з мясцовымі жыхарамі, аналіз сабранай інфармацыі, складанне тэматычных слоўнікаў, падрыхтоўка відэафільмаў і інш.

Калектыўныя праекты – дыспуты, спектаклі, турніры, конкурсы, выступленні, гульні, тэматычныя вечарыны.

У рабоце практыкуецца выразнае чытанне твораў, самастойныя і калектыўныя міні-даследаванні, ілюстраванне, інсцэніраванне, стварэнне літаратурна-музычных кампазіцый і сцэнарыяў традыцыйных народных свят, гульні, падарожжы, экскурсіі, наведванне музеяў народнага побыту, канцэртаў фальклорных калектываў. Дзякуючы намаганням навучэнцаў, праводзяцца народныя святы, сцэнарыі якіх састаўлены на мясцовым матэрыяле (Каляды, Вялікдзень, Гуканне вясны, Саракі, Купалле, Дажынкі, Адведкі, Вяселле і інш.). Запрашэнне на такія святы мясцовых музыкаў, спевакоў, танцораў, казачнікаў спрыяе больш грунтоўнаму засваенню праграмы і разуменню народнай творчасці.

Літаратура для педагога

  1. Беларускі фальклор. Хрэстаматыя: вучэб. дапам. - 4-е выд., перапрац./ уклад.: К.П.Кабашнікаў [і інш.]. – Мінск: Вышэйшая школа, 1996.—856с.
  2. Беларускі фальклор: хрэстаматыя /склад. М.Ф.Шалоўская і [інш.]. – Мінск: ТАА “Юніпрэс”, 2003.– 688с.
  3. Беларускі фальклор: энцыкл.: у 2т./рэдкал.: Г.П.Пашкоў і [інш.]. –Мінск, 2005-2006. –Т.1-2.
  4. Беларусы / НАН Беларусі. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы; рэдкал.: В.М. Ярмалінская [і інш.].—Мінск: Беларуская навука, 2009.—Т.13: Тэатральнае мастацтва/ Р.Б. Смольскі [і інш.]; навук. рэд. А.І. Лакотка.—Мінск, 2012.—758с.: іл.
  5.  Варфаламеева, Т. Песні Беларускага Панямоння / Т. Варфаламеева. — Мінск, 1998. – 287с.
  6. Земляробчы каляндар. Абрады і звычаі / уклад. А.І. Гурскі, А.С. Ліс. – Мінск: Навука і тэхніка, 1990. – 403с.
  7. Кабашнікаў, К.П. Беларуская вусна-паэтычная творчасць: Падруч. для студэнтаў / К.П. Кабашнікаў, А.С. Ліс, А.С. Фядосік. – Мінск, 2000. – 392с.
  8. Казакова, І.В. Беларускі фальклор: вучэб. дапаможнік / І.В. Казакова. – Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2007. – 309с.
  9. Касцюкавец, Л.П. Беларускія народныя абрады / Л.П. Касцюкавец. – Мінск, 1994. – 128с.
  10. Кухаронак, Т.І. Сацыяльна-педагагічны патэнцыял беларускіх свят і абрадаў: вучэб.-метад. дапаможнік / Т.І. Кухаронак, В.Г. Кухаронак. – Мінск: БДПУ, 2005. – 108с.
  11. Кухаронак, Т.У. Сямейная абраднасць беларусаў / Т.У.Кухаронак // Сям’я і сямейны быт беларусаў. – Мінск, 1990. – 137с.
  12. Ліцьвінка, В.Д. Святы і абрады беларусаў / В.Д. Ліцьвінка. – Мінск: Беларусь, 1998. – 190с.
  13. Лозка, А.Ю. Беларускі народны каляндар / А.Ю. Лозка. – Мінск: Полымя, 2002.– 240с.
  14. Ракава, Л.В. Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы / Л.В. Ракава. – Мн.: Ураджай, 2000. – 111с.: іл.
  15. Раманцэвіч, В.І. Пачаткі роднае мовы: дапам. для ўсіх / В.І. Раманцэвіч. – Мінск: Навука і тэхніка, 1993. –143с.
  16. Стварэнне этнакультурна-адукацыйнай прасторы як умова выхавання духоўна-маральных каштоўнасцей і сацыялізацыі навучэнцаў у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: зборнік навукова-метадычных і практычных матэрыялаў / Склад. Т.М. Крыўко. – Мінск: НЦМТДМ, 2013. – 116с.
  17. Типовая программа дополнительного образования детей и молодёжи (туристско-краеведческий профиль)./ Сайт [Министерство образования Республики Беларусь]. – Режим доступа: http://www.edu.gov.by/ru/main.aspx?guid=6131 // Дата доступа: 26.09.2013г.
  18. Типовая программа дополнительного образования детей и молодёжи (художественный профиль) // Сайт [Министерство образования Республики Беларусь]. – Режим доступа: // http://edu.gov.by/main.aspx?guid=6131. Дата доступа: 25.09.2013г.
  19. Традыцыйнае вяселле Гродзеншчыны / запіс, літ. апрац. і натаванне песен. напеваў Т. Варфаламеевай. – Мінск, 1992. – 159с.
  20. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў: у 6т. – Т.1: Магілёўскае Падняпроў’е. – Мн.: Бел.навука, 2001. – 797с.; Т.2: Віцебскае Падзвінне.– Мн., 2004. – 910с.; Т.3: Гродзенскае Панямонне: у 2кн. – Кн.1 – Мн.: Выш.шк., 2006. – 608с.; Кн.2 – Мн.: Выш.шк., 2006. – 736с.
 Літаратура для навучэнцаў
  1. Анталогія беларускай народнай прыказкі, прымаўкі і выслоўя / уклад. А.С. Фядосік. – Мінск: Ураджай, 2002. – 298с.
  2. Беларускія народныя абрады / склад. Л.П. Касцюкавец. – Мінск: Беларусь, 1994. – 128с.
  3. Кабашнікаў, К.П. Беларуская вусна-паэтычная творчасць: Падруч. для студэнтаў / К.П. Кабашнікаў, А.С. Ліс, А.С. Фядосік. – Мінск, 2000. – 392с.
  4. Краіна Беларусь: ілюстраваная гісторыя / У.Арлоў, З.Герасімовіч. – 2-е выд. дапрац. – Браціслава:Kalligram, spol.sr.o., 2012. – 320с.: іл.
  5. Кухаронак, Т.І. Сацыяльна-педагагічны патэнцыял беларускіх свят і абрадаў: вучэб.-метад. дапаможнік / Т.І. Кухаронак, В.Г. Кухаронак. – Мінск: БДПУ, 2005. – 108с.
  6. Лозка, А. Гульні, забавы, ігрышчы / А.Лозка. – Мн.: Беларуская навука, 1996. – 534с.: нот.іл.
  7. Лозка, А.Ю. Беларускі народны каляндар / А.Ю. Лозка. – Мінск: Полымя, 2002. – 240с.
  8. Народная культура Беларусі: энцыкл. даведнік / пад агул. рэд. В.С. Цітова. – Мінск: БелЭн, 2002. – 432с.
  9. Народная спадчына: [для сярэд. і ст.шк. узросту] / уклад.: Фядосік А.С., Пятроўская Г.А. – Мінск: Народная, асвета,1984. – 208с.
  10. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: больш за 65 000 слоў/ пад рэд. М.Р. Судніка, М.Н. Крыўко. – Мінск: БелЭн, 2002.– 784с.
  11. Цітоў, В.С. Этнаграфічная спадчына. Беларусь. Краіна і людзі / В.С. Цітоў. –2-е выд. – Мінск: Беларусь, 2001. – 206с.: іл.
  12. Шур, В. Беларускія тыпы паселішчаў і іх назвы / В. Шур // Геаграфія: праблемы выкладання.– 1997.– с.75-85.
  13. Этнаграфiя Беларусi. Энцыклапедыя. Мінск: БелСЭ, 1989. – 575с.