Ошибка :

Показать отладочную информацию

ПРАГРАМА АБ’ЯДНАННЯ ПА ІНТАРЭСАХ “ФАЛЬКЛОРНАЯ СПАДЧЫНА”
Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи
ruen

ПРАГРАМА АБ’ЯДНАННЯ ПА ІНТАРЭСАХ “ФАЛЬКЛОРНАЯ СПАДЧЫНА”

Леўкавец М. М.
Міханавіцкая сярэдняя школа (Мінская вобласць)

Тлумачальная запіска

Фальклор адыграў велізарную ролю ў фарміраванні этнасу, нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, менталітэту нацыі. Вусна-паэтычная творчасць акрэслівала многія маральна-этычныя нормы стасункаў людзей у грамадстве і была скіравана на ўмацаванне сям’і і сямейных адносін, на выхаванне новых пакаленняў. У сучасным грамадстве фальклор з’яўляецца скарбніцай духоўных каштоўнасцей, аднаўляе сувязь часоў, замацоўвае традыцыі, выхоўвае лепшыя якасці чалавека.

Праграма гуртка “Фальклорная спадчына” арыентуе на скарыстанне педагагічнага вопыту народа ў багатай і разнастайнай фальклорнай спадчыне, многія складаючыя якога страчаны ці недастаткова выкарыстоўваюцца, што дасць магчымасць больш плённа ажыццяўляць адукацыйны працэс, спыніць парушэнне працэсу пераемнасці лепшых народных традыцый і духоўнасці ў цэлым.

Праграма складзена на падставе тыпавой праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (турысцка-краязнаўчы профіль) і тыпавой праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (мастацкі профіль), рэалізуецца на базавым узроўні.

Праграма першага года навучання прысвечана агульнаму знаёмству навучэнцаў з відамі і жанрамі фальклору, вывучэнню жанраў пазаабрадавага фальклору, народных традыцый у сем’ях сучаснага грамадства, складанню навучэнцамі ўласных радаводаў. Праграма другога года навучання прадугледжвае вывучэнне сямейна-абрадавага і каляндарна-абрадавага фальклору ў цеснай сувязі з даследваннем рэгіянальных фальклорных традыцый.

Асноўныя адметнасці праграмы “Фальклорная спадчына”:

-  вывучэнне навучэнцамі ўсіх відаў і жанраў фальклору беларускага народа праз даследаванне захаванасці фальклорных традыцый у рэгіёне і іх папулярызацыю;

-  далучэнне навучэнцаў да актыўнай экспедыцыйнай дзейнасці: сустрэчы з носьбітамі фальклорных традыцый, запіс фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, аналіз і афармленне, сістэматызацыю вынікаў даследавання рэгіянальных фальклорных традыцый ці традыцый сваёй сям’і;

-  рэалізацыя праграмы стварае ўмовы для шырокіх магчымасцяў рознабаковага супрацоўніцтва з сем’ямі навучэнцаў: у першую чаргу, на партнёрскіх узаемасувязях з сям’ёй, якая выступае ў ролі транслятара этнакультурных каштоўнасцей, стэрэатыпаў паводзін, менталітэту, уменняў і навыкаў нацыянальнай культуры сямейнага выхавання;

-  у адукацыйны працэс непасрэдна ўключаны бацькі навучэнцаў (удзел у апытаннях па збору фальклорна-этнаграфічнай інфармацыі, удзел у правядзенні фальклорных свят і абрадаў і інш).

Мэта праграмы – засваенне навучэнцамі фальклорнай спадчыны беларускага народа праз вывучэнне, захаванне, папулярызацыю фальклорных традыцый рэгіёна, сямейных традыцый.

Задачы праграмы:

-  навучыць усведамляць ролю фальклорнай спадчыны ў паўсядзённым жыцці сучаснага грамадства;

-  вывучыць асноўныя рысы жанравых асаблівасцяў беларускага фальклору;

-  засвоіць навыкі запісу фальклорных твораў ад непасрэдных носьбітаў;

-  даследаваць наяўнасць і ступень захаванасці фальклорных традыцый у рэгіёне праз правядзенне экспедыцый;

-  арганізаваць дасугавую дзейнасць праз распрацоўку сцэнарыяў, падрыхтоўку і правядзенне свят народнага календара;

-  засвоіць этапы складання радаводнага дрэва, фарміраваць у падлеткаў адказнасць за жыццёвае самавызначэнне як прадстаўнікоў свайго роду, сям’і, народа;

-  развіваць камунікатыўныя, творчыя і фізічныя здольнасці навучэнцаў;

-  фарміраваць гендэрную культуру навучэнцаў на аснове лепшых традыцый народнай педагогікі.

Арганізацыйныя ўмовы рэалізацыі праграмы

Адукацыйны працэс пры рэалізацыі праграмы “Фальклорная спадчына” ажыццяўляецца на працягу двух гадоў на базавым узроўні. Праграма першага года навучання разлічана на навучэнцаў 11-13 гадоў – 6 вучэбных гадзін на тыдзень, 216 гадзін на год. Праграма другога года навучання разлічана на навучэнцаў 12-14 гадоў – 6 вучэбных гадзін на тыдзень,216 гадзін на год. Працягласць адной вучэбнай гадзіны – 45 хвілін. Напаўняльнасць гуртка першага года навучання складае 15 навучэнцаў, другога – не менш за 8. Заняткі пажадана праводзіць у этнаграфічным ці краязнаўчым музеі або ў кабінеце, які адпавядае правілам бяспечных паводзін, патрабаванням пажарнай бяспекі, санітарна-гігіенічным нормам.

Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне

Для паспяховага правядзення заняткаў гуртка і экспедыцый патрабуецца адпаведнае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне: камп’ютар, аўдыё-, відэазапісы фальклорных твораў і абрадаў, дыктафоны (мікрафоны) для запісу фальклору, фотаапарат (відэакамера) і інш.

Кадравае забеспячэнне: педагог дадатковай адукацыі.

Вучэбна-тэматычны план першага года навучання

 

Назва раздзелаў і тэм

Усяго гадзін

Тэорыя

Практыка

1.

Уводзіны. Фальклорная спадчына беларускага народа

2

2

 

2.

Беларускі фальклор, яго асноўныя віды і жанры

18

10

8

3.

Слуханне фальклорных твораў

10

 

10

4.

Экспедыцыйная дзейнасць

58

14

44

5.

Пазаабрадавы фальклор

46

18

28

6.

Народныя традыцыі ў сям’і

36

14

22

7.

Мая сям’я. Мой род. Маё радаводнае дрэва

34

12

22

8.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару

10

 

10

9.

Выніковы занятак

2

 

2

 

Усяго гадзін

216

70

146

 

Змест праграмы першага года навучання

  1. 1.  Уводзіны (2г.)

Мэта і задачы гуртка на год. Правілы бяспечных паводзін на занятках гуртка.

Фальклор як від народнай творчасці. Фальклорная спадчына беларускага народа. Месца беларускай фальклорнай спадчыны ў сусветнай культуры. Пазнавальная, выхаваўчая і эстэтычная каштоўнасць фальклору, яго роля ў развіцці нацыянальнай культуры, літаратуры і мастацтва ў розныя гістарычныя перыяды.

  1. 2.  Беларускі фальклор, яго асноўныя віды і жанры (18г.)

Агульная характарыстыка фальклорных відаў і жанраў. Калектыўнасць, традыцыйнасць, вуснасць, варыятыўнасць – вызначальныя рысы фальклорных твораў. Сувязь фальклору з этнаграфіяй.

З гісторыі беларускай фалькларыстыкі: збіральнікі і даследчыкі беларускага фальклору, фальклорныя зборнікі.

Практычныя заняткі. Вызначэнне жанру (прачытанага або праслуханага) фальклорнага твора. Гульнёвая праграма “Вернісаж фальклорных твораў”.

Знаёмства з шматтомным выданнем зводу беларускай народнай творчасці (БНТ), энцыклапедыяй “Беларускі фальклор”, хрэстаматыямі і іншымі зборнікамі фальклору. Завочнае падарожжа “Фальклорная спадчына беларускага народа”.

  1. 3. Слуханне фальклорных твораў (10г.)

Праслухоўванне твораў народнага мастацтва ў выкананні носьбітаў аўтэнтычнага фальклору (казачнікаў, спевакоў, музыкаў і інш.). Праслухоўванне фальклорных твораў у выкананні прафесійных артыстаў.

  1. 4.  Экспедыцыйная дзейнасць (58г.)

Мэта правядзення экспедыцый па збору фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў. Правілы бяспекі і паводзін навучэнцаў у час экспедыцый.

Інфарматары-носьбіты фальклору. Правілы паводзін з інфарматарамі. Удзел бацькоў навучэнцаў у экспедыцыйнай дзейнасці як інфарматараў або як удзельнікаў экспедыцыі па збору фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў.

Тэхнічныя сродкі для запісу фальклорных твораў. Правілы карыстання тэхнічнымі сродкамі: дыктафонам, відэакамерай, камп’ютарам, фотаапаратам і інш. Інфармацыйныя тэхналогіі пры запісе і апрацоўцы фальклорна-этнаграфічнай інфармацыі.

Правілы і асаблівасці запісу фальклорных твораў. Ідэнтычная дакладнасць запісу. Пашпартызацыя запісаў.

Практычныя заняткі. Вывучэнне тэхнічных сродкаў запісу фальклорных твораў. Знаёмства з фальклорнымі запісамі. Работа з літаратурай (фальклорныя зборнікі, хрэстаматыі).

Пробныя запісы навучэнцамі фальклорных твораў ад непасрэдных іх носьбітаў. Запіс фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў. Апрацоўка і афармленне запісаў. Стварэнне скарбонкі каштоўнасцяў фальклорнай спадчыны рэгіёна (фона-, відэаархіва) на аснове сабраных навучэнцамі матэрыялаў.

  1. 5. Пазаабрадавы фальклор (46г.)

Жанры пазаабрадавага фальклору.

Казкі. Казкі пра жывёл. Чарадзейна-фантастычныя казкі. Сацыяльна-бытавыя казкі. Суадносіны выдумкі і рэчаіснасці ў казках. Выхаваўчы патэнцыял народных казак.

Народны светапогляд у легендах і паданнях. Тэматыка легенд і паданняў. Легенды і паданні як крыніцы краязнаўства.

Прыказкі і прымаўкі. Разнастайнасць тэматыкі, шматзначнасць і павучальны змест прыказак і прымавак.

Загадкі. Мастацка-вобразнае адлюстраванне рэчаіснасці ў загадках. Развіццё назіральнасці, кемлівасці, паэтычнага мыслення пры загадванні і адгадванні загадак.

Замовы. Старажытнае паходжанне і магічнае прызначэнне замоў.

Прымхліцы, бываліцы, вусныя сказы. Смехавыя формы прозы: небыліцы, анекдоты, жарты, досціпы.

Пазаабрадавыя песні. Балады. Прыпеўкі.

Народны тэатр. Батлейка. Традыцыйныя ролі. Выканаўцы. Касцюмы і маскі.

Дзіцячы фальклор як сродак выхавання кожнага новага пакалення. Заняткі і забавы дзяцей у сучасным грамадстве.

Практычныя заняткі.

Вызначэнне жанру (прачытанага або праслуханага) фальклорнага твора. Інсцэніраванне фальклорных твораў. Развучванне фальклорных твораў. Конкурс на лепшага расказчыка казак, прымхліц і бываліц, легенд, паданняў і інш. Віктарыны, гульні “У свеце казак”, “Прыказкі і прымаўкі”, “Адгадай-ка”, “Фальклор майго дзяцінства”, “Падарожжа ў цудоўную краіну гульняў”, “Давайце пасмяемся” і інш.

Правядзенне экспедыцый наступнай тэматыкі (на выбар): “Прыказкі і прымаўкі маёй сям’і”, “Казкі майго дзяцінства”, “Легенды і паданні роднага краю”, “Любімыя песні маёй сям’і”, “Сучасныя лічылкі” (дражнілкі, забаўлянкі і г.д.), “Любімыя гульні маіх сяброў” і г.д. Апрацоўка матэрыялаў экспедыцый і іх афармленне. Папаўненне скарбонкі каштоўнасцяў фальклорнай спадчыны рэгіёна (фона-, відэаархіва) на аснове сабраных навучэнцамі матэрыялаў.

  1. 6.  Нацыянальныя сямейныя традыцыі беларусаў (36г.)

Сям’я – захавальнік і пераемнік традыцый нацыянальнай культуры. Згода паміж пакаленнямі адносна норм, каштоўнасцяў жыцця і паводзін.

Сямейныя рэліквіі, сямейныя традыцыі. Пераемнасць і захаванне народных традыцый і звычаяў у сучаснай сям’і.

Побыт сям’і ў мінулыя часы і ў сучаснасці: жыллё, адзенне, стравы беларускай кухні і інш. Загадкі, прыказкі і прымаўкі  пра побыт беларусаў.

Роля старэйшага пакалення ў перадачы духоўных каштоўнасцяў, ведаў, навыкаў ва ўсіх галінах гаспадарання (аграрнай, будаўнічай, медыцынскай, адукацыйнай і інш.).

Правілы і нормы народнага этыкету. Адлюстраванне паважлівых адносін дзяцей да бацькоў, да старэйшага пакалення ў народных казках і легендах, прыказках і прымаўках. Адметныя рысы беларускага нацыянальнага характару ў фальклорных творах.

Практычныя заняткі. Выстава малюнкаў “Мая сям’я” і расказ пра сям’ю. Выстава сямейных рэліквій і сямейных фотаздымкаў. Гутаркі-разважанні “Чаму мяне навучылі, жадаюць навучыць бацькі (бабулі і дзядулі)?”, “Маці. Бацька. Іх ролі ў сям’і” і г.д. Конкурс на лепшы ўзор для нацыянальнага адзення. Складанне і інсцэніраванне этыкетных дыялогаў, абмеркаванне сучаснай этыкетнай культуры ў сям’і. Гутарка-разважанне “Чаму нас вучаць народныя казкі, песні, прыказкі?”.

Правядзенне экспедыцый наступнай тэматыкі (на выбар): “Традыцыі маёй сям’і”, “Дзедава навука і бабуліны казкі”, “Заняткі, забавы дзяцінства маіх бабуль і дзядуль”, “Любімыя стравы беларускай кухні маёй сям’і” і інш. Апрацоўка матэрыялаў экспедыцый і іх афармленне. Папаўненне “Скарбонкі каштоўнасцяў” фальклорнай спадчыны рэгіёна (фона-, відэаархіва) на аснове сабраных навучэнцамі матэрыялаў.

  1. 7.  Мая сям’я. Мой род. Маё радаводнае дрэва (34г.)

Кожны з нас прадстаўнік свайго роду, сям’і, народа. Паняцці род, радня, народ у беларускіх прыказках і прымаўках, легендах і паданнях, іншых жанрах фальклору.Слоўнік сваякоў. Сямейна-сваяцкія сувязі сучаснай сям’і. Сямейна-сваяцкая ўзаемадапамога.

Радаводнае дрэва. Этапы складання радаводу: збор першапачатковых звестак пра сям’ю, складанне радаводнага дрэва, удакладненне і дапаўненне звестак.

Практычныя заняткі.Конкурс выказванняў “Якія лепшыя якасці я хацела(ў) б(ы) атрымаць у спадчыну ад маіх продкаў?”, “Што я хачу сказаць сваім нашчадкам?”. Конкурс малюнкаў “Мая будучая сям’я”. Складанне слоўніка сваякоў.

Складанне радаводнага дрэва і яго прэзентацыя. Гульнёва-пазнавальная праграма з удзелам навучэнцаў і іх бацькоў “У добрым родзе – усе ў згодзе” з прэзентацыяй радаводаў.

  1. 8.   Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару (10г.)

Наведванне бібліятэкі, знаёмства з фальклорнымі зборнікамі, хрэстаматыямі, энцыклапедыямі і іншай літаратурай, прысвечанай традыцыйнай нацыянальнай культуры.

Наведванне з бацькамі выставак народнага мастацтва, канцэртаў фальклорных калектываў.

Экскурсіі ў мастацкі, этнаграфічны ці краязнаўчы музеі.

  1. 9.   Выніковы занятак (2г.)

Фальклорнае свята. Сустрэча з носьбітамі фальклору. Прэзентацыя навучэнцамі набыткаў “Скарбонкі каштоўнасцяў” фальклорнай спадчыны рэгіёна.

Прагноз выніковасці першага года навучання

У выніку рэалізацыі праграмы “Фальклорная спадчына” навучэнцы павінны ведаць:

-  асноўныя рысы жанравых асаблівасцяў пазаабрадавага фальклору;

-  правілы бяспекі, правілы паводзін з інфарматарамі, правілы карыстання тэхнічнымі сродкамі пры правядзенні экспедыцый;

-  патрабаванні да запісу фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў;

-  асновы сямейнага ўкладу беларусаў у мінулым і сучаснасці, нацыянальныя традыцыі сямейнага выхавання;

-  традыцыі і звычаі сваёй сям’і;

-  уласны радавод.

Навучэнцы павінны ўмець:

-  вызначаць жанр пазаабрадавага фальклору;

-  выконваць і выкарыстоўваць у паўсядзённым жыцці творы малых форм фальклору (прыказкі і прымаўкі, забаўлянкі, лічылкі, калядкі і г.д);

-  перадаваць набытыя на занятках уменні і веды равеснікам і малодшым навучэнцам;

-  складаць радаводы і рабіць кароткія прэзентацыйныя характарыстыкі свайго радавода;

-  рабіць фальклорна-этнаграфічныя запісы.

Вынікамі таксама павінны быць:

-  сфарміраванасць у навучэнцаў адказнасці за жыццёвае самавызначэнне як прадстаўнікоў свайго роду, сям’і, народу;

-  сфарміраванасць у навучэнцаў усведамлення вызначальнай ролі фальклорнай спадчыны ў паўсядзённым жыцці сучаснага грамадства;

-  развіццё камунікатыўных, творчых і фізічных здольнасцей навучэнцаў.

Вучэбна-тэматычны план другага года навучання

 

Назва раздзелаў і тэм

Усяго гадзін

Тэорыя

Практыка

1.

Уводзіны

2

2

 

2.

Фальклорныя традыцыі рэгіёна

18

8

10

3.

Слуханне фальклорных твораў

10

 

10

4.

Экспедыцыйная дзейнасць

48

10

38

5.

Сямейна-абрадавы фальклор

36

14

22

6.

6.1

Каляндарна-абрадавы фальклор

Гадавое кола свят

2

2

 

6.2

Каляндарна-абрадавы фальклор

Зімовая абраднасць і паэзія

22

8

14

6.3

Каляндарна-абрадавы фальклор

Веснавая абраднасць і паэзія

22

8

14

6.4

Каляндарна-абрадавы фальклор

Летняя абраднасць

22

8

14

6.5

Каляндарна-абрадавы фальклор

Восеньская абраднасць

22

8

14

7.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару

10

 

10

8.

Выніковы занятак

2

 

2

Усяго гадзін

216

68

148

 

Змест праграмы другога года навучання

  1. 1.  Уводзіны (2г.)

Мэта і задачы гуртка на год, знаёмства з планам работы і яго абмеркаванне. Правілы бяспекі на занятках гуртка.

Роля фальклору ў замацаванні і пераемнасці гуманістычных традыцый, выхаванні нацыянальнай свядомасці, захаванні нацыянальнай самабытнасці ва ўмовах глабалізацыі свету. Папулярызацыя фальклору ў сучасным грамадстве.

  1. 2.  Фальклорныя традыцыі рэгіёна (18г.)

Традыцыйнасць як рыса фальклору. Захаванне і змяненне фальклорных традыцый пад уплывам гістарычных прычын. Традыцыйныя сюжэты і вобразы розных фальклорных жанраў.

Работа з літаратурай. Рэгіянальныя зборнікі фальклору. Мясцовыя асаблівасці фальклору.

Творчасць носьбітаў фальклорнай традыцыі рэгіёна (спевакоў, музыкантаў, танцораў, майстроў народных рамёстваў).

Практычныя заняткі.Завочнае падарожжа “Фальклорныя традыцыі роднага краю”. Збор звестак пра творчасць носьбітаў фальклорнай традыцыі рэгіёна: вывучэнне і апрацоўка краязнаўчых крыніц, матэрыялаў сродкаў масавай інфармацыі і інш. Афармленне альбома ці мультымедыйнай прэзентацыі “Таленты роднага краю”. Сустрэча з носьбітамі фальклорнай традыцыі рэгіёна. Папаўненне скарбонкі каштоўнасцяў фальклорнай спадчыны рэгіёна (фона-, відэаархіва) на аснове сабраных навучэнцамі матэрыялаў.

3. Слуханне фальклорных твораў (10г.)

Праслухоўванне твораў народнага мастацтва ў выкананні носьбітаў фальклорных традыцый рэгіёна (мясцовых казачнікаў, спевакоў, музыкаў, калектываў мастацкай самадзейнасці рэгіёна і інш.). Праслухоўванне фальклорных твораў у выкананні прафесійных артыстаў.

  1. 4.  Экспедыцыйная дзейнасць (48г.)

Мэта правядзення экспедыцый па збору фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў рэгіёна. Правілы бяспекі навучэнцаў у час экспедыцый.

Удзел бацькоў навучэнцаў у экспедыцыйнай дзейнасці як інфарматараў або як удзельнікаў экспедыцыі па збору фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў.

Тэхнічныя сродкі для запісу фальклорных твораў. Правілы і асаблівасці запісу фальклорных твораў. Правілы паводзін з інфарматарамі. Ідэнтычная дакладнасць запісу. Пашпартызацыя запісаў.

Практычныя заняткі. Падрыхтоўка тэхнічных сродкаў да запісу фальклорных твораў, узнаўленне навыкаў карыстання дыктафонам, відэакамерай, камп’ютарам, фотаапаратам і інш.

Работа з рэгіянальнымі зборнікамі фальклору. Запіс фальклорна-этнаграфічнай інфармацыі рэгіёна. Апрацоўка і афармленне запісаў. Папаўненне скарбонкі каштоўнасцяў фальклорнай спадчыны рэгіёна (фона-, відэаархіва) на аснове сабраных навучэнцамі матэрыялаў.

5. Сямейна-абрадавы фальклор (36г.)

Сямейна-абрадавая паэзія як сродак выхавання кожнага новага пакалення. Радзінная абраднасць і паэзія. Звычаі і абрады, звязаныя з нараджэннем дзіцяці. Адведкі. Хрэсьбіны. Выбар імя. Хрэсьбінныя песні. Радзінныя традыцыі ў сучасны перыяд.

Традыцыі сямейнага выхавання ад дзяцінства да юнацтва. Узаемаадносіны хлопчыкаў і дзяўчынак на розных узроставых ступенях, адрозненне ў працоўных занятках, забавах і гульнях. Правілы паводзін дзяцей у сям’і і грамадстве. Заняткі і забавы дзяцей у сучасным грамадстве.

Беларускі вясельны абрад.Вяселле як саюз двух родаў. Асноўныя ўдзельнікі вясельнага абраду. Этапы беларускага вяселля. Сімволіка вясельных песень. Захаванне народных традыцый у сучасным вяселлі.

Рытуальныя дзеянні, звычаі і павер’і пахавальнага абраду, іх сувязь са старажытнымі вераваннямі, з культам продкаў. Правілы паводзін у час пахавальнага абраду. Памінальныя дні продкаў у сваім родзе і сям’і.

Практычныя заняткі. Гутаркі-разважанні: “З гісторыі беларускай сям’і”, “Адказнасць бацькоў за сваіх дзяцей”, “Сын. Дачка. Заняткі, забавы, выхаванне ў мінулым і сучасным жыцці грамадства”, “Праблемы сучаснай сям’і”.

Вусны аповяд “Гісторыя майго імя”, “Адведкі, хрэсьбіны ў маёй сям’і”, “Памінальныя дні продкаў у маім родзе і сям’і”, “Традыцыі наведвання магіл продкаў”.

Развучванне песень сямейна-абрадавага цыклу.

Правядзенне экспедыцый наступнай тэматыкі (на выбар): “Традыцыі маёй сям’і”, “Дзедава навука і бабуліны казкі”, апісанне мясцовых звычаяў сямейнай абраднасці і інш. Апрацоўка сабраных матэрыялаў і іх афармленне. Папаўненне “Скарбонкі каштоўнасцяў” фальклорнай спадчыны рэгіёна (фона-, відэаархіва) на аснове сабраных навучэнцамі матэрыялаў.

  1. 6.  Каляндарна-абрадавы фальклор.

6.1.  Каляндарна-абрадавы фальклор. Гадавое кола свят (2г.)

З гісторыі календара.Сувязь традыцыйных свят і абрадаў з галоўнымі этапамі жыцця і працоўнай дзейнасцю чалавека. Суіснаванне язычніцкай і хрысціянскай святочных традыцый.

6.2.  Каляндарна-абрадавы фальклор. Зімовая абраднасць (22г.)

Каледаванне, шчадраванне і варажба. Вадохрышча. Язычніцкая і хрысціянская асновы свят Грамніцы, Масленіца.Павер’і і прыкметы да свят.

Практычныя заняткі.Развучванне калядных песень і шчадровак. Зімовыя гульні і забавы.

Правядзеннне экспедыцый наступнай тэматыкі (на выбар): “Традыцыі святкавання Каляд (або Грамніц, Масленіцы) у нашай мясцовасці або ў маёй сям’і”. Апрацоўка сабраных матэрыялаў і іх афармленне. Папаўненне “Скарбонкі каштоўнасцяў” фальклорнай спадчыны (фона-, відэаархіва) на аснове сабраных навучэнцамі матэрыялаў.

Рэканструкцыя народнай святочнай абраднасці: распрацоўка сцэнарыяў, падрыхтоўка і правядзенне зімовых свят народнага календара.

6.3.  Каляндарна-абрадавы фальклор. Веснавая абраднасць (22г.)

Язычніцкія традыцыі вясенняй абраднасці ў абрадах гукання вясны. Святы Саракі, Дабравешчанне ў хрысціянскай і язычніцкай традыцыі. Звычаі на Вербніцу, Вялікдзень, Радаўніцу. Валачобнікі, мастацкія вобразы валачобных песень. Юр’еўскія абрады, іх гаспадарчая сутнасць.

Практычныя заняткі. Развучванне песень веснавой каляндарнай паэзіі. Вясновыя гульні і забавы.Правядзеннне экспедыцый наступнай тэматыкі (на выбар): “Традыцыі святкавання Вялікадня (або Саракоў, Дабравешчання, Юр’я) у нашай мясцовасці або ў маёй сям’і”, “Традыцыі наведвання магіл продкаў”. Апрацоўка сабраных матэрыялаў і іх афармленне. Папаўненне “Скарбонкі каштоўнасцяў” фальклорнай спадчыны рэгіёна (фона-, відэаархіва) на аснове сабраных навучэнцамі матэрыялаў.

Рэканструкцыя народнай святочнай абраднасці: распрацоўка сцэнарыяў, падрыхтоўка і правядзенне веснавых свят народнага календара.

6.4  Каляндарна-абрадавы фальклор. Летняя абраднасць (22г.)

Сёмуха. Абрады, павер’і, звычаі, прымеркаваныя да Русальнага тыдня. Траецкія, або сяміцкія, куставыя, русальныя песні.

Купалле. Старажытны сэнс купальскіх абрадаў і звычаяў. Купальскія песні і балады. Купальскія легенды і паданні.

Пятроўка. Спасаўскія святкі. Сістэма пастоў у календары беларусаў.

Магічны сэнс абрадаў зажынак і дажынак. Жніўныя песні. Звычаі талакі на Беларусі.

Практычныя заняткі.Развучванне песень летняй каляндарнай паэзіі. Летнія гульні і забавы.

Правядзеннне экспедыцый наступнай тэматыкі (на выбар): Традыцыі святкавання Купалля (Сёмухі, Пятра і Паўла ) у нашай мясцовасці або ў маёй сям’і. Апрацоўка сабраных матэрыялаў і іх афармленне. Папаўненне скарбонкі каштоўнасцяў фальклорнай спадчыны рэгіёна (фона-, відэаархіва) на аснове сабраных навучэнцамі матэрыялаў.

Рэканструкцыя народнай святочнай абраднасці: распрацоўка сцэнарыяў, падрыхтоўка і правядзенне летніх свят народнага календара.

6.5  Каляндарна-абрадавы фальклор. Восеньская абраднасць (22г.)

Восеньская абраднасць. Багач. Уздзвіжанне. Пакровы. Хрысціянская і язычніцкая семантыка свят. Сувязь звычаяў і абрадаў з земляробчымі клопатамі селяніна. Восеньскія каляндарныя песні. Восеньскія кірмашы. Традыцыя вячорак на Беларусі. Адметная роля Асянін у цыкле памінальных дзён: традыцыі бацькоўскай суботы.

Практычныя заняткі. Развучванне песень восеньскай каляндарнай паэзіі. Восеньскія гульні. Правядзеннне экспедыцый наступнай тэматыкі (на выбар): “Традыцыі святкавання Багача (або Уздзвіжання, Пакроваў) у нашай мясцовасці або ў маёй сям’і”, “Традыцыі бацькоўскай суботы ў нашай мясцовасці або ў маёй сям’і”. Апрацоўка сабраных матэрыялаў і іх афармленне. Папаўненне “Скарбонкі каштоўнасцяў” фальклорнай спадчыны рэгіёна (фона-, відэаархіва) на аснове сабраных навучэнцамі матэрыялаў.

Рэканструкцыя святочнай абраднасці: распрацоўка сцэнарыяў, падрыхтоўка і правядзенне восеньскіх свят народнага календара.

  1. Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару(10г.)

Наведванне бібліятэкі, знаёмства з фальклорнымі зборнікамі, хрэстаматыямі, энцыклапедыямі і іншай літаратурай, прысвечанай традыцыйнай нацыянальнай культуры рэгіёна.

Наведванне канцэрта выканаўцаў народнай песні і танца. Экскурсія на выставу народных рамёстваў ці ў майстэрні мясцовых майстроў народнай творчасці. Экскурсіі ў мастацкі, этнаграфічны ці краязнаўчы музеі.

  1. 8.  Выніковы занятак (2г.)

Турнір знаўцаў фальклорнай спадчыны. Конкурс твораў аматараў народнай творчасці, сустрэча з носьбітамі народнай культуры. Прэзентацыя набыткаў “Скарбонкі каштоўнасцяў” фальклорнай спадчыны рэгіёна.

Прагноз выніковасці  другога года навучання

У выніку рэалізацыі праграмы “Фальклорная спадчына” навучэнцы павінны ведаць:

-  асноўныя рысы жанравых асаблівасцяў сямейна-абрадавага і каляндарна-абрадавага фальклору;

-  асновы сямейнага ўкладу беларусаў у мінулым і сучаснасці, нацыянальныя традыцыі сямейнага выхавання;

-  абрады і звычаі традыцыйнай святочнай культуры рэгіёна;

-  вызначальныя рысы самабытнасці і адметнасці культурнага асяроддзя мясцовасці;

-  патрабаванні да запісу фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў;

-  правілы бяспекі, правілы паводзін з інфарматарамі, правілы карыстання тэхнічнымі сродкамі пры правядзенні экспедыцый.

Навучэнцы павінны ўмець:

-  адрозніваць элементы язычніцкай і хрысціянскай традыцый у каляндарнай і сямейнай абраднасці;

-  выконваць у паўсядзённым жыцці гульні і выкарыстоўваць творы каляндарна-абрадавага і сямейна-абрадавага фальклору (песні-калядкі, шчадроўкі, вяснянкі і г.д);

-  умець перадаваць набытыя на занятках уменні і веды равеснікам і малодшым навучэнцам;

-  рабіць фальклорна-этнаграфічныя запісы; падбіраць матэрыялы для складання сцэнарыяў на аснове фальклорнага матэрыялу.

Вынікамі таксама павінны быць:

-  сфарміраванасць у навучэнцаў усведамлення функцыі сям’і як захавальніка і транслятара нацыянальных традыцый сямейнага выхавання, нацыянальна-культурных каштоўнасцяў;

-  сфарміраванасць гендэрнай культуры навучэнцаў на аснове лепшых традыцый народнай педагогікі;

-  развіццё камунікатыўных, творчых і фізічных здольнасцей навучэнцаў.

Вынікам рэалізацыі праграмы “Фальклорная спадчына” можа стаць:

-  стварэнне банка дадзеных аб носьбітах фальклору краю;

-  аформленыя альбомы і электронныя сродкі “Фальклорныя традыцыі майго краю”;

-  нацыянальны куток каштоўнасцяў духоўнай спадчыны рэгіёна, “Скарбонка каштоўнасцяў” фальклорнай спадчыны рэгіёна (фона-, відэаархіў) на аснове сабраных навучэнцамі матэрыялаў.

Формы і метады рэалізацыі праграмы

Для паспяховай рэалізацыі праграмы “Фальклорная спадчына” неабходна ўлічваць індывідуальныя і ўзроставыя асаблівасці навучэнцаў, іх асабістыя патрабаванні. Да заняткаў неабходна адбіраць такія народныя гульні, песні, казкі, зразумелыя і цікавыя навучэнцам і якія, адпавядаюць нашым сённяшнім эстэтычным патрабаванням. Прапануемы матэрыял павінен адпавядаць актывізацыі пазнаваўчай дзейнасці навучэнцаў. Найбольш эфектыўнаму засваенню праграмы гуртка будуць садзейнічаць заняткі-гульні “У свеце казак”, “Прыказкі і прымаўкі”, “Адгадай”, “Падарожжа ў цудоўную краіну гульняў”, а таксама правядзенне конкурсаў на лепшага расказчыка казак, прымхліц і бываліц, легенд, паданняў і інш. Значна павышае цікавасць да такіх заняткаў выкарыстанне падрыхтаваных самімі навучэнцамі матэрыялаў (малюнкаў, мультымедыйных прэзентацый, тэматычных фотакалажаў і г.д.).

Пажадана педагогу на занятках у сукупнасці прымяняць метады пераканання, спаборніцтва, пахвалы і заахвочванння, тлумачэння і інш.

Выкарыстоўваючы сродкі народнай педагогікі праз праслухоўванне, развучванне і выкананне фальклорных твораў, інсцэніраванне казак, наладжванне завочных падарожжаў фальклорнай тэматыкі, закладваюцца асновы маральна-культурнай асобы, у навучэнцаў фарміруецца сістэма каштоўнасных арыентацый. У час гутарак-разважанняў, конкурсу выказванняў навучэнцы асэнсоўваюць ролю сям’і ў сучасным грамадстве, сваё месца ў сям’і, сваё прызначэнне як будучага мужчыны-бацькі, жанчыны-маці. Адным з паказчыкаў эфектыўнасці такіх заняткаў з’яўляецца захапленне, зацікаўленасць навучэнцамі гісторыяй сваёй сям’і і роду, далучэнне іх да дыялогу культур са старэйшымі пакаленнямі.

Экспедыцыйная дзейнасць гуртка абмяжоўваецца тэрыторыяй пражывання навучэнцаў ці мікрараёнам установы адукацыі. На гэтых практычных занятках навучэнцы засвойваюць навыкі запісу фальклорных твораў, звычаяў ці абрадаў ад непасрэдных іх носьбітаў-інфарматараў, запісваюць, афармляюць сабраныя матэрыялы, аналізуюць, сістэматызуюць іх. Носьбітамі фальклору з’яўляюцца асобы, якія генетычна звязаны з фальклорным асяроддзем пэўнай мясцовасці, атрымалі веды, творчыя ўменні ад сваіх папярэднікаў вусным шляхам і такім жа шляхам перадаюць іх наступным пакаленням. Прапанаваная тэматыка экспедыцый прадугледжвае магчымасць самастойнага выканання навучэнцамі экспедыцыйнага задання, калі запіс фальклорна-этнаграфічнай інфармацыі ажыццяўляецца ў іх сем’ях, непасрэдна інфарматарамі з’яўляюцца бацькі, бабулі і дзядулі. У выніку правядзення экспедыцыйнай работы на аснове сабраных навучэнцамі матэрыялаў ствараецца фона-, відэаархіў – скарбонка каштоўнасцяў фальклорнай спадчыны рэгіёна.

На занятках патрэбна карыстацца якаснымі аўдыё- і відэаматэрыяламі, запісанымі ад прафесійных выканаўцаў фальклору, а таксама яркіх носьбітаў традыцый: казачнікаў, песенных калектываў і асобных выканаўцаў. Пасля праслухоўвання фальклорных твораў неабходна аналізаваць творы вуснага народнага мастацтва.

Праграма гуртка прадугледжвае і арганізацыю вольнага часу навучэнцаў праз наладжванне гульнёва-пазнавальных мерапрыемстваў, распрацоўку навучэнцамі сцэнарыяў, падрыхтоўку і правядзенне святаў народнага календара. Пры рэканструкцыі святочнай абраднасці важна сцэнарную частку мерапрыемства максімальна наблізіць да традыцыйнага разумення семантыкі народнага свята.

У час падрыхтоўкі да мерапрыемства педагог, навучэнцы і іх бацькі вызначаюць канкрэтны тэрмін падрыхтоўкі і правядзення абраду, асаблівасці формы і зместу мерапрыемства. Пажадана, каб бацькі, бабулі і дзядулі прымалі ўдзел на ўсіх этапах мерапрыемства, асабліва важна падтрымаць навучэнца ў час прэзентацыі радаводу.Важназа сяродзіць увагу навучэнцаў не толькі на форме радаводу, але і на змястоўным напаўненні такой работы. Неабходна сумесна выпрацаваць кола пытанняў. Напрыклад: што расказваюць бабулі і дзядулі, таты і мамы пра сваіх продкаў: кім яны былі, чым займаліся, чаго дасягнулі ў жыцці?Якой нацыянальнасці вашы таты, мамы, бабулі і дзядулі? Якія мужчынскія і жаночыя імёны часцей сустракаюцца, а якія – радзей, сярод прадстаўнікоў роду?Якіх традыцый прытрымліваліся продкі? Якімі рысамі характару валодалі, як ставіліся да працы, да людзей, да сваіх дзяцей? Якія сямейныя аповеды, легенды, апавяданні вы ведаеце? Якія сямейныя рэліквіі захоўваюцца ў вашай сям’і?

Бацькі, бабулі і дзядулі могуць падрыхтаваць і выканаць разам з дзецьмі любімыя ў сям’і песні, прыгатаваць традыцыйныя стравы, паказаць сямейныя рэліквіі, расказаць пра гісторыю кахання ў сям’і або пра падзею, што змяніла лёс роду. Педагагічныя магчымасці такога мерапрыемства дазваляюць надалей выкарыстоўваць матэрыялы радаводаў, засвоены дзецьмі каштоўны вопыт далучэння да пераемнасці пакаленняў у правядзенні цэлага шэрагу гутарак. Асаблівую ўвагу рэкамендуецца звярнуць на заключныя заняткі, якія павінны стаць святам з удзелам бацькоў, бабуль і дзядуль. У працэсе гульнёвых спаборніцтваў хлопчыкі і дзяўчынкі рэалізуюць пазітыўныя мадэлі паводзін, дэманструюць ступень засваення набытых этнакультурных ведаў, ступень падрыхтаванасці да сямейнага жыцця.

Падобныя мерапрыемствы дазваляюць творча выяўляць народныя ідэалы ў наступных пакаленнях, калі працэс стварэння адзіных сістэм “дзед – бацька – сын”, “бабуля – маці – дачка” накіраваны на выхаванне добрых і працавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, здольных працягваць жыццё на зямлі і захоўваць традыцыі і самабытнасць свайго народа.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару дазваляюць вывучаць рэгіянальную эстэтыку праз стасункі з носьбітамі народных традыцый, знаёміцца з фондамі мясцовых музеяў, наладжваць супрацоўніцтва з мясцовымі краязнаўцамі, з такімі ўстановамі як дамы і цэнтры рамёстваў і фальклору.

Такая практычная арыентаванасць праграмы садзейнічае выхаванню навучэнцаў як пераемнікаў і прадаўжальнікаў духоўных, культурных традыцый народа, якія ўсведамляюць сябе з гонарам і годнасцю менавіта беларусамі.

Праграма гуртка “Фальклорная спадчына” можа быць адаптавана для заняткаў з навучэнцамі як сярэдняга, так і старэйшага ўзросту: для навучэнцаў сярэдняга ўзросту акцэнт неабходна зрабіць на гульнёвы пачатак засваення фальклорных традыцый, для старэйшых – на экспедыцыйную дзейнасць.

Літаратура для навучэнцаў і іх бацькоў

  1. Беларускі народны каляндар / Аўтар-укладальнік А.Ю. Лозка. – Мінск: Полымя, 1993. – 205с.
  2. Гульні, забавы, ігрышчы / Склад. А. Лозка. – Мінск: Беларуская навука, 1996. – 534с.
  3. Беларускі фальклор. Хрэстаматыя / Склад. К.П. Кабашнікаў [і др.]. – 4-е выд., — Мінск: Выш. школа, 1996. – 656с.
  4. Гуд, П.А. Ад Каляд да Пакроваў / Пад рэд. Л.І. Жук. –  Мінск: Выд. ТАА “Красіка-Прынт”, 2000. – 224с.
  5. Дзень за днём: Прыкметы надвор’я, а таксама нар. каляндар-месяцаслоў: Для дашк. і малод. шк. узросту / Сабр. і апрац. А.Русецкі; Маст. В. Александровіч. – Мінск: Юнацтва, 1997. – 158с.
  6. Нам засталася спадчына / Уклад. Т. Тарасава. – Мінск: “Красіка-прынт”, 1996. – 104с.
  7. Сысоў, У.М. З крыніц спрадвечных / У.М. Сысоў. – Мінск: Выш. шк., 1997. – 415с.

Літаратура для педагога

  1. Арлова, Г.П. Беларуская народная педагогіка / Г.П. Арлова. - Мінск: ГВЗАТ “Маладняк”, 1993. - 183с.
  2. Арлова, Г.П. Народная педагогіка ў выхаваўчай рабоце школы / Г.П. Арлова. - Мінск: ГВЗАТ “Маладняк”, 1995. – 160с.
  3. Беларуская вусна-паэтычная творчасць: падручнік для філал. спец. ВНУ /Склад. К.П. Кабашнікаў [і др.]. – Мінск: Выш. школа, 1988. – 386с.
  4. Беларуская народная педагогiка ў школе / А.А. Грымаць [і др.]; Метад. дапам. – Мінск: Выд. У.М. Скакун, 1996. – 256с.
  5. Беларускі народны каляндар / Аўтар-укладальнік Лозка А.Ю. – Мінск: Полымя, 1993. – 205с.
  6. Беларускі фальклор. Хрэстаматыя / Склад. К.П. Кабашнікаў [і др.]. – 4-е выд. – Мінск: Выш. школа, 1996. – 656с.
  7. Беларускія народныя абрады / Склад., навук. рэд. і прадм. Л.П. Касцюкавец. – Мінск: ГВЗАТ “Маладняк”, 1994. – 232с.
  8. Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць / Уклад. В.Д. Ліцвінка; Уклад. муз. часткi Г.Р. Кутырова. – Мн: Унiверсiтэцкае, 1995. – 298с.
  9. Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Брэсцкая вобласць / Склад. В.А.Захарава. – Мінск: Выд. БДУ iм. У.I. Леніна, 1973. – 301с.
  10. Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Гомельская вобласць / Уклад. В.А. Захарава, Р.М. Кавалёва, В.Д. Ліцвінка, У.І. Раговіч. – Мн : Унiверсiтэцкае, 1989. – 278с.
  11. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: у 2т. / Радкал.: Г.П. Пашкоў і інш. Т.1. – Мн.: БелЭН, 2005. – 768с: іл.
  12. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: у 2т. / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. Т.2: Лабараторыя традыцыйнага мастацтва — “Яшчур”. – Мн.: БелЭН, 2005. – 83с: іл.
  13. Беларусы: у 7т. / Рэдкал. В.М. Бялявіна і інш.; Т.7. Вусна-паэтычная творчасць Г.А. Баргашэвіч, Т.В. Валодзіна, А.I. Гурскі і інш.: Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. – Мн.: “Беларуская навука”, 2004. – 586с: іл.
  14. Вяселле.Песнi. У 6-цi кн. // Склад. Л.А. Малаш, Муз. дадат. З.Я. Мажэйка; Рэд. М.Я. Грынблант, А.С. Фядосік. - Мінск: Навука і тэхніка, 1980 - 1985. – 6т. – (Беларус. Нар. Творчасць /АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору).
  15. Гуд, П.А. Ад Каляд да Пакроваў / Пад рэд. Л.І. Жук. -  Мінск: Выд. ТАА “Красіка-Прынт”, 2000. – 224с.
  16. Гульні, забавы, ігрышчы / Склад. А. Лозка. –Мінск: Беларуская навука, 1996. - 534с.
  17. Земляробчы каляндар: Абрады і звычаі / Уклад., класіфікацыя, сістэматызацыя матэрыялаў і камент. Гурскага А.І.; Уступ, арт. Гурскага А.І., Ліса А.С.; Рэдкал.: Фядосік А.С. (гал. рэд.) і інш. — 2-е выд. — Мінск: Беларуская навука, 2003. — 427с. — (Беларуская народная творчасць: БНТ / Нац. акад. навук Беларусь Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы).
  18. Зямля стаiць пасярод свету / Укл. У. Васiлевiч. – Мінск: Беларуская навука, 1996. – 586с.
  19. Калачова, І.І. Народныя традыцыі і звычаі выхавання / І.І. Калачова. - Мінск: Беларуская навука, 1999 – 234с.
  20. Кухаронак, Т.І. Радзінныя звычаі і абрады беларусаў / Т.І. Кухаронак. – Мінск: Полымя, 1993. – 164с.
  21. Лозка, А.Ю. Беларуская батлейка. Каляндарныя і абрадавыя гульні: дапаможнік для настаўнікаў / А.Ю. Лозка. – Мінск: Тэхналогія, 1997. – 164с.
  22. Ліцьвінка, В.Д. Святы і абрады беларусаў / В.Д. Ліцьвінка. - 2 выд. – Мінск: Беларусь, 1998. - 190с.
  23. Малыя жанры. Дзіцячы фальклор / Т.В. Валодзіна, А.І. Гурскі, Г.А. Барташэвіч, К.П. Кабашнікаў; навук. рэд. А.С. Фядосік. — Мн.: Беларуская навука, 2004. – 439с. – (Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка; Кн.6).
  24. Паэзія беларускага земляробчага календара /Уклад., сістэм. тэкст., уст. і камент. А.С.Ліс. – Мінск: Навука і тэхніка, 1992. – 613с. (Беларус. нар. творчасць /АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору).
  25. Ракава, Л.В. Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы / Л.В. Ракава. – Мінск: Ураджай, 2000. – 111с.
  26. Сысоў, У.М. З крыніц спрадвечных / У.М. Сысоў. - Мінск: Выш. шк., 1997. – 415с.
  27. Сямейна-абрадавая паэзія.Народны тэатр / А.С. Фядосік [і др.]; Навук. рэд.К.П. Кабашнікаў. – Мінск: Бел. навука, 2001. – 422с.
  28. Типовая программа дополнительного образования детей и молодежи (художественный профиль). / Сайт [Министерство образования Республики Беларусь]. – Режим доступа: // http://edu.gov.by/main.aspx?guid=6131 /. Дата доступа: 25.09.2013г.
  29. Типовая программа дополнительного образования детей и молодежи (туристско-краеведческий профиль)./ Сайт [Министерство образования Республики Беларусь]. – Режим доступа: http://www.edu.gov.by/ru/main.aspx?guid=6131 // Дата доступа: 26.09.2013г.
    1. Торхова, А.В. Художественное краеведение в воспитании школьников: Пособие для педагогов / А.В. Торхова. – Мінск: Беларусь, 2000. – 126с.