Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи
  • ул. Кирова 16
  • +37517 327-08-75

Кружок «ВЯСЁЛКА»

НАРОДНАЯ СКУЛЬПТУРНО-КЕРАМИЧЕСКАЯ СТУДИЯ «КРЫНIЧКА» 

Кашкурэвiч Вольга Мiкалаеўна, педагог дадатковай адукацыi

 

Тлумачальная запіска

Малюнак ёсць адлюстраванне не столькі знешняга свету, колькі свету ўнутранага і асабліва гэта датычыцца творчасці дзяцей. Сродкамі мастацтва маленькі чалавек размаўляе, а дакладней, прамаўляе тое, што ён ведае аб сусвеце. Творчасць з'яўляецца адной з форм разумення і асваення ім жыцця. Менавіта таму так неабходна навучыцца разумець гэту мову.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва з’яўляецца дзейсным фактарам  цэласнага развіцця дзіцяці, далучэнне якога да рукатворнага свету, да агульначалавечых і нацыянальных культурных каштоўнасцей – гэта дапамога ў станаўленні багатай і гарманічнай асобы. Дадзеная праграма дае магчымасць кожнаму дзіцяці паспрабаваць свае сілы ў розных відах творчасці (жывапіс, графіка, лепка, выцінанка, маляванка, дызайн віншавальных паштовак) і ў гэтым яе актуальнасць. Колер, які валодае вялікай сілай эмацыянальнага ўздзеяння, садзейнічае развіццю эстэтычнай успрымальнасці да ўсяго навакольнага свету, фантазіі, эстэтычных пачуццяў, творчай актыўнасці, фарміраванню перадумоваў эстэтычнага густу, умацаванню дзіцячага псіхічнага здароўя.

Дзейнасць праграмы гуртка «Вясёлка» складаецца з развіваючых магчымасцяў розных відаў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у рэалізацыі такога падыходу да дзіцячай твочасці, які б забяспечыў вырашэнне праблемы рознастаронняга развіцця асобы і творчай самарэалізацыі дзіцяці. Сутнасць эстэтычнага выхавання дашкольнікаў сродкамі мастацтва выражаецца не столькі ў засваенні імі пэўных навыкаў, колькі ў развіцці магчымасці творча выразіць свой унутраны свет у колеры, лініі, пляме, форме, вобразе і гэтак далей.

Дзеці засвойваюць выяўленчыя і дэкаратыўныя магчымасці розных матэрыялаў: гуаш і фламастары, папера і нажніцы, цеста, шкло.

Праграма рэалізуецца з улікам наступных педагагічных ідэй:

– апора на ўзроставую псіхалогію дзіцяці, яго магчымасці і  асаблівасці;

– кожнае дзіця разглядаецца як суб'ект, што забяспечвае ўлік асновапалагаючых палажэнняў асобасна арыентаванага выхавання: любоў і павагу да дзіцяці, індывідуальны падыход да навучання, варыятыўнасць зместу, форм і метадаў выхавання, свабода выбару, стварэнне сітуацыі поспеху для кожнага дзіцяці;

– улік асаблівасцяў беларускай культуры, яе мастацкіх традыцый.

Мэта праграмы: развіццё асобы дзіцяці сродкамі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выхаванне эстэтычна развітага чалавека.

Задачы:

– пазнаёміць дзяцей з рознымі відамі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва;

– навучыць карыстацца прыладамі, неабходнымі для выканання выяўленчых і дэкаратыўна-прыкладных работ;

– развіваць прыродныя здольнасці вучняў, творчы патэнцыял кожнага дзіцяці: фантазію, увагу, памяць;

– развіваць дробную маторыку рук;

– фарміраваць навыкі зносін у дзіцячым калектыве і здольнасці выконваць работу самастойна;

– выхоўваць любоў да народнага мастацтва.

У аснову рэалізацыі праграмы пакладзены педагагічныя прынцыпы:

  • цэласны падыход у вырашэнні педагагічных задач. Рэалізуецца праз узбагачэнне дашкольнікаў уражаннямі ад асабістай творчай дзейнасці на занятках;
  • паслядоўнасць. Прадугледжвае ўскладненне пастаўленых задач па ўсіх відах творчасці ў залежнасці ад узросту дзяцей;
  • сувязь творчай дзейнасці дзіцяці з жыццём;
  • інтэграцыя. Забяспечвае выкарыстанне розных выяўленчых і дэкаратыўных сродкаў для самавыражэння асобы дзіцяці;
  • прыродаадпаведнасць. Улік прыродных задаткаў дзіцяці: пачуццё кампазіцыі і колеру. Узаемадзеянне па прынцыпу: не нашкодзь.

Праграма распрацавана згодна ўзросту навучэнцаў, мае тры блокі, якія разлічаны на 3-охгадовы, 4-охгадовы і 5-цігадовы ўзросты дзяцей і патрабуе адпаведнага фарміравання груп.

Дадзеная праграма распрацавана на аснове базіснай праграмы і метадычных рэкамендацый па выхаванню і навучанню дзяцей у дашкольнай установе «Пралеска» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Арганізацыйныя ўмовы рэалізацыі праграмы

Навучэнцы займаюцца 2 разы на тыдзень па 35 хвілін. Агульная колькасць гадзін у год – 72. На выкананне заданняў дзецям 3-х і 4-х гадоў у асноўным даецца 1 занятак (роспіс шкла – 2-3 заняткі), а дзецям 5-ці гадоў ужо 1-2 заняткі, з улікам паступовага ўскладнення зместу навучання і ўвядзення новых матэрыялаў.

Дзеці павінны займацца ў спецыяльна абсталяваным памяшканні ў адпаведнасці з санітарна-гігіенічнымі патрабаваннямі, якія маюць зручныя для працы сталы і крэслы, зэдлікі, мальберты, планшэты, зажымы, рукамыйнік.

Асаблівасцю арганізацыі працы гуртка з’яўляецца прадастаўленне права выбару кожнаму навучэнцу прадоўжыць навучанне ў группе старэйшага ўзросту.

Колькасць навучэнцаў у групах – 12 чалавек.

На выкананне заданняў навучэнцам 3-х і 4-х гадоў у асноўным даецца 1 занятак (роспіс шкла – 2-3 заняткі), а дзецям 5-ці гадоў ужо 1-2 заняткі, з улікам паступовага ўскладнення зместу навучання і ўвядзення новых матэрыялаў.

Дзеці павінны займацца ў спецыяльна абарудаваным памяшканні ў адпаведнасці з санітарна-гігіенічнымі патрабаваннямі, якія маюць зручныя для працы сталы і крэслы, зэдлікі, мальберты, планшэты, зажымы, рукамыйнік.

Асаблівасцю арганізацыі працы гуртка з’яўляецца прадастаўленне права выбару кожнаму навучэнцу прадоўжыць навучанне ў группе старэйшага ўзросту.

Неабходныя матэрыялы

Папера А-2 і А-3 фарматаў, пэндзлі, фламастары, зажымы, гуашавыя фарбы, мальберты, планшэты, нажніцы, каляровая папера, фальга, фотарамкі А4 фармату, фарбы па шклу, клей-аловак, мука і соль, просты аловак, гумка.

 

Вучэбна-тэматычны план для трохгадовых дзяцей

 

 

Назва раздзела і тэмы

Колькасць гадзін

Тэорыя

Практыка

Усяго

 

Уводны занятак

3

-

3

1.

Жывапіс:

абстрактны

сюжэтны

-

34

16

18

34

16

18

2.

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва:

роспіс

выцінанка

лепка

-

 

-

-

-

25

 

3

5

17

25

 

3

5

17

3.

Дызайн

-

6

6

4.

Гульнёва-пазнавальная дзейнасць

-

3

3

 

Выніковы занятак

1

-

2

 

Усяго

4

68

72

 

Змест праграмы для трохгадовых дзяцей

 

Уводны занятак (3 г.)

Знаёмства з бацькамі і дзецьмі. Знаёмства са студыяй, з планам работы на навучальны год. Неабходныя матэрыялы, правілы работ з імі, інструктаж па тэхніцы бяспекі.

Тэма 1. Жывапіс (34 г.)

Праца з фарматам паперы А-2. Знаёмства з працай малявання на мальбертах. Навучанне трыманню пэндзля і догляду за ім (мыццё, набіранне фарбы). Знаёмства з фарбамі і колерамі, іх назвамі. Спроба перадаваць колерам свае перажыванні і эмоцыі, змешваць фарбы.

Практычныя заданні

Абстрактныя работы: «Вольная тэма», «Прыгажосць», «Мой настрой», «Для матулі», «Прыгожыя плямкі», «Колы і лініі», «Любімы колер», «Структуры», «Каляка-маляка», «Уся палітра», «Штосьці», «Фарбы», «Шэра-бура-малінавае», «Тра-та-та».

Сюжэтныя работы:

Садавіна-гародніна: «Апельсін і банан», «Кавун», «Агурок і памідорчык».

Расліны: «Дрэўца», «Кветкі», «Елачка».

Жывёлы: «Тыгар-р-р», «Мяў-курняў», «Гаў, сабачка», «Цуда-конь», «Шчучка-рыбка», «Слон», «Люлі-люлі прыляцелі гулі».

Прырода: «Мора-акіян», «Хмаркі», «Сняжок», «Вясёлка», «Сонейка».

Людзі: «Мама», «Мая сям'я».

Істоты: «Снегавік», «Зюзя».

Архітэктура: «Мой дом».

Транспарт: «Аўтамабіль», «Самалёт».

Тэма 2. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (25 г.)

Роспіс па шклу. Знаёмства з тэхнікай роспісу па шклу вітражнымі фарбамі. Навучанне працы над эскізам. Выкананне работы ў матэрыяле згодна эскіза.

Практычныя заданні: «Матыль».

Лепка. Стварэнне простых аб'ёмных форм з цеста, спроба ўскладняць іх дэталямі. Знаёмства з паняццем рэльефная кампазіцыя. Выканнанне рэльефных работ з цеста. Работа стэкамі. Ускладненне рэльефных работ  дэкаратыўнымі элементамі.

Практычныя заданні

Абстрактныя: «Прасторавая кампазіцыя», «Вольная кампазіцыя», «Калачыкі».

Расліны: «Елачка», «Сланечнік».

Жывёлы: «Пеўнік і курачка», «Леў», «Залатая рыбка», «Пінгвін»,  «Зайчык»,  «Козка-рагозка», «Мядзведзь», «Матылёк».

Транспарт: «Карабель», «Паветраны шар».

Архітэктура: «Хатка».

Істоты: «Снегавік».

Прырода: «Сонейка».

Выцінанка.Работа з нажніцамі. Засваенне простых прыёмаў вырывання і вырэзвання ўзора.  Стварэнне простых выцінанак.

Практычныя заданні

«Калейдаскоп», «Сняжынка», «Зімовыя ўзоры», «Рукавічка».

Тэма 3. Дызайн (6 г.)

Знаёмства з дызайнам праз выраб паштовак да святаў. Знаёмства з графічнымі магчымасцямі фламастараў. Спроба аб'яднаць адной тэмай некалькі выяў, размешчаных з розных бакоў паштоўкі, вылучэнне галоўнага і дадатковага.

Практычныя заданні

Паштоўкі «З Новым годам!», «Майму тату!», «Матулі!».

Тэма 4. Гульнёва-пазнавальная дзейнасць (3 г.)

Знаёмства са светам мастацтва, прэзентацыя сваіх ведаў і ўменняў у гульнёвай форме. Прагляд анімацыйных фільмаў з наступным іх абмеркаваннем. Наведванне выстаўкі выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ва ўстанове адукацыі.

Выніковы занятак (2 г.)

Абагульненне і сістэматызацыя ведаў, уменняў, навыкаў. Агляд дасягненняў за год. Наведванне выніковай выстаўкі. Азнаямленне з творчымі планамі на наступны год.

 

Чакаемыя вынікі

       Да канца навучальнага года навучэнцы павінны ведаць:

-       асноўныя назвы колераў, адрозніваць іх;

     умець:

-       карыстацца пэндзлем і гуашшу, фламастарамі, фарбамі па шклу;

-       маляваць простыя па форме прадметы;

-       размалёўваць лінейны малюнак;

-       карыстацца нажніцамі; вырэзваць у складзенай паперы трохкутныя дзірачкі;

-       ляпіць круглыя і плоскія выявы, наносіць арнамент з дапамогай стэкі;

-       самастойна прымаць рашэнні, творча падыходзіць да прапанаванай задачы;

-       паводзіць сябе ў калектыве, сябраваць, дапамагаць адзін аднаму.

 

Вучэбна-тэматычны план для чатырохгадовых дзяцей

 

Назва раздзела і тэмы

Колькасць гадзін

Тэорыя

Практыка

Усяго

 

Уводны занятак

3

-

4

1.

Жывапіс

-

23

23

2.

Графіка

-

16

16

3.

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва:

роспіс

выцінанка

лепка

-

-

-

-

20

6

5

9

20

6

5

9

4.

Дызайн

-

6

6

5.

Гульнёва-пазнавальная дзейнасць

-

3

3

 

Выніковы занятак

1

-

1

 

Усяго

4

68

72

  

 

Змест праграмы для чатырохгадовых дзяцей

 

Уводны занятак (4 г.)

Сустрэча з бацькамі і дзецьмі. Правілы паводзін у студыі. Знаёмства з планам работы на навучальны год. Неабходныя матэрыялы, правілы работы з імі, інструктаж па тэхніцы бяспекі.

Тэма 1. Жывапіс (23 г.)

Тэхналогія працы з гуашшу. Правілы змешвання колераў і іх спалучэнні. Праца з палітрай. Уменне накладаць колеры. Маляванне на зададзеную і вольную тэмы, уменне праявіць ініцыятыву ў выбары тэмы.

Практычныя заданні

«Вольная тэма».

Садавіна-гародніна: «Смаката».

Расліны: «Восеньскае дрэва», «Кветкі для матулі».

Жывёлы: «Ліска», «Кацяняты», «Жырафа», «Козка-рагозка», «Зебра», «Рыбачка і марская зорачка», «Жар-птушка», «Мядзведзік».

Людзі: «Мама», «Мая сям'я», «Я», «Вясёлы клоўн».

Архітэктура: «Палац Снежнай каралевы», «Хатка на курыных ножках».

Транспарт: «Цягнічок», «Паветранны шар».

Прырода: «Вясёлка», «Дожджык», «Першы снег».

Святы: «Новы год».

Тэма 2. Графіка (16 г.)

Работа на фармаце А3 каляровымі фламастарамі. Лінейная прамалёўка асноўнага малюнка, удасканальванне яго дадатковымі дэталямі і дэкаратыўнымі элементамі. Развіццё ўмення акуратна расфарбоўваць патрэбныя элементы. Маляванне на зададзеную і вольную тэмы, уменне праявіць ініцыятыву ў выбары тэмы.

Практычныя заданні

«Вольная тэма».

Садавіна-гародніна: «Ягадкі».

Расліны: «Навагодняя ёлачка», «Яблынька», «Ружа».

Жывёлы: «Матылі», «Пеўнік», «Цуда-рыбка», «Смоўж».

Людзі: «Дзядуля і бабуля».

Транспарт: «Карабель».

Святы: «Новы год».

Істоты: «Сонечны зайчык», «Кралеўна-зіма», «Вясёлая істота».

Рэчы:  «Мой парасон», «Каляровыя шарыкі».

Тэма 3. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (20 г.)

Роспіс па шклу. Работа з фарбамі па шклу. Стварэнне эскіза. Навучанне рабоце згодна эскізаў.

Практычныя заданні

«Чароўная рыбка», «Кветка».

Лепка. Навучанне тэхналогіі работы з цестам. Стварэнне дэкаратыўных рэльефных кампазіцый, знаёмства з архаічнымі спосабамі вырабу посуду.

Практычныя заданні

«Маё сонейка», «Матыль», «Сланечнік», «Пеўнік», «Леў», «Залатая рыбка».

«Кубачак для гарбаты», «Сподачак», «Місачка».

Выцінанка. Навучанне простым прыёмам складвання паперы і вырэзвання ўзору, фарміраванне арнаменту, стварэнне рэчы.

Практычныя заданні

 «Восеньскае дрэва», «Сняжынка», рапортны арнамент: «Зімовыя ўзоры», «Елачка», «Велікоднае яечка».

Тэма 4. Дызайн (6 г.)

Выраб простых паштовак, якія адпавядаюць тэматыцы святаў, сумяшчэнне фарбаў, фламастараў, прарэзаных элементаў, выкананне работы акуратна.

Практычныя заданні

Паштоўкі «З Новым годам!», «Майму тату!», «Лепшай матулі!», «З Вялікаднем!».

Тэма 5. Гульнёва-пазнавальная дзейнасць (3 г.)

Працяг знаёмства са светам мастацтва, уменне ў сітуацыі гульні скарыстацца сваімі ведамі і ўменнямі. Наведванне выставак і прагляд анімацыйных фільмаў з наступным іх абмеркаваннем.

Выніковы занятак (1 г.)

Абагульненне і сістэматызацыя ведаў, уменняў, навыкаў. Агляд дасягненняў за год. Наведванне выніковай выстаўкі. Азнаямленне з творчымі планамі наступнага года.

Чакаемыя вынікі

Да канца навучальнага года гурткоўцы павінны ведаць:

-       асноўныя і дадатковыя колеры;

     умець:

-       карыстацца пэндзлем і гуашшу, фламастарамі, фарбамі па шклу;

-       маляваць простыя па форме прадметы і ўскладняць іх дадатковымі элементамі;

-       атрымліваць шляхам змешвання розныя адценні;

-       карыстацца нажніцамі; вырэзваць у складзенай паперы трохкутныя дзірачкі з розным нахілам, атрымліваць аздобленыя арнаментам выявы;

-       ляпіць круглыя і рэльефныя выявы, наносіць арнамент з дапамогай стэкі;

-       самастойна прымаць рашэнні, творча падыходзіць да прапанаванай задачы;

-       паводзіць сябе ў калектыве, сябраваць, дапамагаць адзін аднаму.

 

 

Вучэбна-тэматычны план для пяцігадовых дзяцей

 

 

Назва раздзела і тэмы

 

Колькасць гадзін

Тэорыя

Практыка

Усяго

 

Уводны занятак

3

-

3

1.

Жывапіс:

пейзаж

нацюрморт

партрэт

жанравая кампазіцыя

-

-

-

-

-

23

7

3

6

7

23

7

3

6

7

2.

Графіка

-

16

16

3.

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва

роспіс

выцінанка

лепка

-

20

20

4.

Дызайн

-

6

6

5.

Гульнёва-пазнавальная дзейнасць

-

3

3

 

Выніковы занятак

1

-

1

 

Усяго

5

67

72

 

Змест праграмы для пяцігадовых дзяцей

 

Уводны занятак (3 г.)

Знаёмства з планам работы на навучальны год. Неабходныя матэрыялы, правілы працы з імі, інструктаж па тэхніцы бяспекі.

Тэма 1. Жывапіс (23 г.)

Папярэдняя прамалёўка кампазіцыі простым алоўкам. Тэхналогія працы з гуашшу. Правілы карыстання палітрай. Уменне накладаць колеры і запаўняць увесь аркуш. Знаёмства з жанравымі асаблівасцямі. Маляванне на зададзеную і вольную тэмы, уменне праявіць ініцыятыву ў выбары тэмы.

Практычныя заданні

«Вольная тэма».

Нацюрморт: «Нацюрморт з любімай садавіны», «Букет».

Пейзаж: «Восеньскі лес», «Мой горад», «Падводны свет», «Афрыка», «Якога колеру снег?», «Каралеўства з лёду».

Жанравыя кампазіцыі: «Цырк», «Вясёлыя кацяняты», «Шчанюк і я»,«Навагодні маскарад», «Веснавы танок», «Любімыя казкі».

Партрэт: «Мама», «Сям'я», «Рыцары і паненкі», «Артысты».

Тэма 2. Графіка (16 г.)

Папярэдняя прамалёўка простым алоўкам. Паэтапнасць працы. Удасканальванне малюнка дадатковымі дэталямі і дэкаратыўнымі элементамі. Развіццё ўмення акуратна расфарбоўваць патрэбныя элементы.  Маляванне на зададзеную і вольную тэмы, уменне праявіць ініцыятыву ў выбары тэмы.

Практычныя заданні

«Вольная тэма».

Расліны: «Квітнеючы сад».

Жывёлы: «Чароўная птушка».

Людзі: «Мае сябры».

Транспарт: «Самалёт», «Аўтобус сяброў».

Святы: «Дзень нараджэння».

Прырода:  «Мокры дзень», «Мяцеліца», «Сонечны настрой».

Тэма 3. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (20 г.)

Роспіс па шклу. Праца  па стварэнню эскіза, перанос кампазіцыі на шкло. Праца з фарбамі па шклу.

Практычныя заданні

«Пеўнік», «Букет», «На самым дне».

Лепка. Навучанне тэхналогіі работы з цестам і аздобы яго. Стварэнне дэкаратыўных рэльефных і простых круглых кампазіцый, знаёмства з традыцыйнай цацкай.

Практычныя заданні

«Пеўнік і курачка», «Коцік», «Чароўная кветка», «Гусі-лебедзі», «Падводны жыхар», «Конік», «Вольная тэма».

Выцінанка. Авалодванне простымі прыёмамі складвання паперы і вырэзвання ўзору, фарміраванне арнаменту, стварэнне кампазіцыі.

Практычныя заданні

«Снегавік», «Палац», «Дрэва жыцця», «Сорак сарок».

Тэма 4. Дызайн (6 г.)

Выраб простых паштовак, якія адпавядаюць тэматыцы свят, уменне сумяшчаць фарбы, фламастары, тканіну і ніткі, прарэзаныя элементы, выконваць работу акуратна.

Практычныя заданні:

Паштоўкі: «З Новым годам!», «Я цябе люблю!», «Майму тату!», «Лепшай матулі!», «З Вялікаднем!»

Запрашэнне «Вось якія мы!» (да выніковай выставы).

Тэма 5. Гульнёва-пазнавальная дзейнасць (3 г.)

Працяг знаёмства са светам мастацтва, уменне ў сітуацыі гульні скарыстацца сваімі ведамі і ўменнямі. Наведванне выставак і прагляд анімацыйных фільмаў з наступным іх абмеркаваннем. Спроба сябе ў пальчыкавым тэатры.

Выніковы занятак (1 г.)

Абагульненне і сістэматызацыя ведаў, уменняў, навыкаў. Агляд дасягненняў за год. Наведванне выніковай выстаўкі. Азнаямленне з творчымі планамі наступнага года.

 

Чакаемыя вынікі

Да канца навучальнага года навучэнцы павінны ведаць:

– назвы відаў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з якімі сутыкаліся на працягу года і адрозніваць іх;

     умець:

-       карыстацца пэндзлем і гуашшу, палітрай, алоўкам і гумкай, фламастарамі, фарбамі па шклу;

-       маляваць простыя і складаныя па форме прадметы, ускладняць кампазіцыю дадатковымі элементамі;

-       знаходзіць асноўнае і дадатковае ў працы;

-       карыстацца нажніцамі; вырэзваць у складзенай паперы розныя па форме і памеры дзірачкі, ствараць арнаментаваныя работы;

-       ляпіць круглыя і плоскія выявы, наносіць арнамент з дапамогай стэкі;

-       самастойна прымаць рашэнні, творча падыходзіць да прапанаванай задачы;

-       паводзіць сябе ў калектыве, сябраваць, дапамагаць адзін аднаму.

 

Формы і метады забеспячэння праграмы

  Асноўнымі формамі арганізацыі выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной дзейнасці з’яўляецца свабодная праца з рознымі мастацкімі матэрыяламі (даследванне іх якасцей і ўласцівасцей), індывідуальная праца педагога з дзецьмі (адоранымі, здольнымі, не ўпэўненымі ў сваіх здольнасцях і інш.), калектыўная дзейнасць, сумесная творчасць (педагог – дзіця), самастойная творчасць. Метады працы па засваенню праграмы абапіраюцца на далучэнне дзіцяці да культуры праз яго асабістую творчасць.

Ажыццяўленню праграмы ў практыцы садзейнічае апора ў працэсе заняткаў на індывідуальныя асаблівасці, прыроду і псіхалогію дашкольнікаў. Планам важна прадугледзець таксама далучэнне дзяцей да нацыянальных каштоўнасцей. Індывідуальныя асаблівасці, інтарэсы, накіраванасць, здольнасці, супрацоўніцтва з бацькамі адыгрываюць пры навучанні немалаважную ролю.

Важнай умовай рэалізацыі праграмы з’яўляецца стварэнне спрыяльнага псіхалагічнага клімату як у групе, так і ва ўстанове ў цэлым. Псіхалагічны клімат вызначаецца эмацыянальна-псіхалагічным настроем кожнага дзіцяці, яго самаадчуваннем, характарам зносін у калектыве. Раскрыццё індывідуальнасці дзіцяці, яго здольнасцей, рэалізацыя творчых магчымасцей, развіццё матывацыі творчай дзейнасці шмат у чым залежаць ад эмацыянальна-камфортнай атмасферы ў калектыве, асноўная роля ў стварэнні якой належыць педагогу.

Методыка заняткаў выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасцю для дашкольнікаў будуецца наступным чынам.

Спачатку адбываецца накапленне ведаў і ўражанняў аб навакольным свеце, яны ў сваю чаргу адбіваюцца, злучаюцца, становяцца часткай унутранага свету дзіцяці. Затым, паслядоўна праз колер, лінію, пляму, фактуру ці аб’ём дзеці ўвасабляюць іх у творчых работах. Такая пабудова заняткаў дазваляе не толькі выказацца кожнаму дзіцяці, але і стварыць свой адметны мастацкі вобраз, паралельна авалодаць навыкамі працы з рознымі матэрыяламі. На занятках дзеці знаёмяцца з мастацтвам як уласным творчым працэсам, магчымасцю сродкамі выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной дзейнасці выказаць свой унутраны свет.

Метадычныя прыёмы педагагічнай дзейнасці

Важнай умовай педагагічнай працы з’яўляецца варыятыўнасць, разнастайнасць метадаў і прыёмаў, відаў заняткаў, форм арганізацыі дзейнасці дзяцей.

Зварот да ўзору. Узор (цацка, муляж, натуральны прадмет, скульптура малых формаў, ілюстрацыя, жывапісная карціна) выкарыстоўваецца ў творчым працэсе (пры неабходнасці).

Паказ спосабу дзеяння. Паказ прыёмаў працы з матэрыяламі можа быць поўным або частковым, у залежнасці ад складанасці тэмы і выяўленчага вопыту дзяцей.

Для таго, каб дзеці навучыліся творчаму ўвасабленню сваёй задумы, важна, каб яны авалодалі рознымі спосабамі адлюстравання аднаго і таго ж аб’екта і рознай тэхнікай.

Стварэнне праблемных сітуацый. Пастаноўка перад дзецьмі пэўнай праблемы робіць выяўленчую дзейнасць не толькі прывабнай для іх, але і садзейнічае развіццю дзіцячага ўяўлення, мыслення, прадстаўленняў.

Назіранне (засяроджванне ўвагі дзяцей на характэрных асаблівасцях аб’екта, фарміраванне ўменняў аналізаваць, параўноўваць, абагульняць).

Апора на веды і набыты вопыт.

Праблемна-творчыя заданні і эксперыментаванне (метады, якія накіраваны на развіццё творчага патэнцыялу дзяцей, пазнавальных і эстэтычных інтарэсаў; фарміраванне самаацэнкі).

Стварэнне фонду дзіцячых работ.

Асноўныя формы арганізацыі выяўленчай дзейнасці

  • Свабодная дзейнасць з матэрыяламі.
  • Індывідуальная работа з кожным дзіцём.
  • Парная дзейнасць: сумесная творчасць выхавацеля і дзіцяці.
  • Калектыўная творчая дзейнасць.
  • Самастойная мастацкая дзейнасць.

Важна стварыць станоўчую эмацыянальную атмасферу, падтрымаць інтарэс у дзяцей да працы. Вялікую ролю адыгрывае аб’ектыўная ацэнка іх дзейнасці, заахвочванне, пастаянны кантроль за якасцю дзеянняў. Паступова дзеці вучацца самі ацэньваць свае дасягненні ў самаабслугоўванні і па ўласнай ініцыятыве выпраўляць недахопы.

 

Літаратура для педагога

  1. Лазука, Б.А. Гісторыя мастацтваў / Б.А. Лазука – 2-ое выданне дапрацаванае – Мінск.: Беларусь, 2003.–899 с.
  2. Бялявіна, В.М. Жаночы касцюм на Беларусі / В.М. Бялявіна, Л.З.Ракава. –Мінск.: Беларусь, 2007. – 351 с.
  3. Хананова, И.Н. Солёное тесто / И.Н. Хананова. – М.: АСТ-ПРЕССКНИГА, 2006. – 104с.: ил.
  4. Таланцова, В.Ф. Мастацтва бачыць свет: Вучэбн. дапам. па выяўл. мастацтву для 5-га класа агульнаадукацыйных школ / В.Ф. Таланцова. – Мінск.: Беларусь 1992. – 252с.
  5. Беларускія маляваныя дываны. Альбом-каталог з фондаў гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе». – Мінск.: Рыфтур, 2005.
  6. Курчевский, В. Быль-сказка о карандашах и красках / В. Курчевский. – М.: «Педагогика», 1980.