Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи
  • ул. Кирова 16
  • +37517 327-08-75

Міжрэгіянальныя майстар-класы педагогаў дадатковай адукацыі «Абрадавая атрыбутыка і народная лялька ў святочнай культуры беларусаў»: г. Гомель

Арганізатары: 

  • установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны палац творчасці дзяцей і моладзі»; 
  • дзяржаўная ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа №30 г. Гомеля»


15 сакавіка на Гомельшчыне адбыўся першы майстар-клас з цыклу адкрытых міжрэгіянальных майстар-класаў педагогаў дадатковай адукацыі «Абрадавая атрыбутыка і народная лялька ў святочнай культуры беларусаў».

Сумесны творчы праект педагогаў Гомельшчыны «Захоўвая – памнажаем» аб’яднаў каля шасцідзесяці педагагічных работнікаў з усіх рэгіёнаў Гомельскай вобласці і г. Магілёва.

Адкрыты міжрэгіянальны майстар-клас праходзіў на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа №30 г. Гомеля» і ўключаў шэраг майстар-класаў, якія прадставілі лепшыя майстры – настаўнікі і педагогі дадатковай адукацыі па накірунках «Дэкаратыўна-прыкладная творчасць» і «Музычны фальклор», пераможцы і прызёры рэспубліканскіх конкурсаў: Драмук Вольга Анатольеўна, Карс Святлана Міхайлаўна (узорны фальклорны калектыў «Этнашкола «Традыцыя», ДУА «Сярэдняя школа №30 г. Гомеля»), Сапожнікава Вольга Віктараўна (узорны фальклорны калектыў «Святы Пакроў», ДУА «Сярэдняя школа №30 г. Гомеля»; народны тэатр фальклорнай песні «Пасад», УА «Гомельскі дзяржаўны палац творчасці дзяцей і моладзі»), Федзяй Вікторыя Аляксандраўна (музычны калектыў «Найгрыш», ДУА «Сярэдняя школа №30 г. Гомеля»), Крыкун Святлана Віктараўна (народная студыя «Чараўніцы», ДУА «Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці»), Кірушкіна Марыя Іванаўна (ДУА «Гімназія №51 г. Гомеля»).

Педагогі-майстры па накірунку «Музычны фальклор» В.А. Драмук, С.М. Карс, В.В. Сапожнікава, В.А. Федзяй пазнаёмілі ўдзельнікаў майстар-класаў з традыцыйнай музычнай, песеннай, харэаграфічнай спадчынай Гомельскага Палесся і Падняпроў’я: гучалі духоўныя канты і вершы, дзіцячы гульнёвы фальклор, інструментальныя найгрышы на народных інструментах; былі прадэманстраваны традыцыйна-побытавыя танцы, а таксама ўнікальныя відэаматэрыялы з асабістага архіву педагогаў. Падчас майстар-класаў былі абмеркаваны пытанні вывучэння і трансляцыі традыцыйнага музычнага фальклору ў сучаснай адукацыйнай прасторы. Педагогі-майстры засяродзілі ўвагу на асаблівасцях выканання твораў традыцыйнага мастацтва Гомельшчыны, падкрэслілі неабходнасць выкарыстання аўдыа-візуальных сродкаў і метадаў вуснага навучання ў ходзе азнаямлення і пераймання музычнай і харэаграфічнай фальклорнай  спадчыны рэгіёну. 

Педагогі-майстры па накірунку «Дэкаратыўна-прыкладная творчасць» С.В.  Крыкун, М.І. Кірушкіна пазнаёмілі ўдзельнікаў з асабістым педагагічным вопытам па выкарыстанні народных мастацкіх традыцый у выхаванні навучэнцаў, даследча-творчай дзейнасцю па вывучэнні і рэканструкцыі народнай лялькі, характэрнымі рэгіянальнымі асаблівасцямі і тэхналогіямі вырабу абрадавай лялькі «Купаўка», абярэгавай лялькі «Крупянічка», засяродзілі ўвагу на асаблівасцях выкарыстання абрадавай атрыбутыкі і народнай лялькі ў святочных абрадах Гомельшчыны. Кожны з прысутных вырабіў народную ляльку пад кіраўніцтвам майстра.

Слухачы майстар-класаў сталі ўдзельнікамі прэзентацыі абрадавых і тэатральных лялек, паглядзелі батлеечны спектакль, а таксама пазнаёміліся з калекцыяй строяў народнага адзення Гомельскага Палесся, якую прадставіла аўтар – Н.І. Захарава, настаўнік  сярэдняй школы №30 г. Гомеля.

Адкрытыя міжрэгіянальныя майстар-класы – мадэль прафесійнага ўзаемадзеяння педагагічнай супольнасці ў галіне вывучэння і  пераймання тэхналогій трансляцыі традыцыйнай мастацкай культуры ў сучаснай культурна-адукацыйнай прасторы.

Першы адкрыты міжрэгіянальны майстар-клас, які адбыўся на Гомельшчыне, стаў прыкладам такога прафесійна-творчага дыялогу ўдзельнікаў і інтэграцыі педагогаў дададковай адукацыі аб’яднанняў па інтарэсах па накірунках народнай творчасці (дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і музычны фальклор) у галіне этнакультурнага выхавання дзяцей і моладзі.

Педагогі-майстры прадэманстравалі высокі ўзровень этнакультурных кампетэнцый, светапоглядную мэтанакіраваную пазіцыю ў справе выхавання навучэнцаў сродкамі традыцыйнага мастацва і вывучэння народнай спадчыны рэгіёну. 

Фотоотчет

Таццяна Міхайлаўна Крыўко, метадыст аддзела навукова-метадычнага і псіхолага-педагагічнага суправаджэння дадатковай адукацыі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі