Национальный центр художественного творчества детей и молодежи
Национальный центрхудожественного творчествадетей и молодежи

“ETHNO-HOMEL”

ПРАГРАМА ФАЛЬКЛОРНАГА АБ’ЯДНАННЯ  “ETHNO-HOMEL”
Глушэц І. В.
Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Цэнтральнага раёна г. Гомеля

 

Тлумачальная запіска

Фальклор – калектыўная творчасць народа, якая ўвабрала ў сябе яго жыццёвы досвед і веды. Зварот да фальклору сёння мае глыбокі сацыяльны сэнс, з’яўляючыся сродкам эстэтычнага, маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі.

Праграма фальклорнага аб’яднання “ETHNO-HOMEL” арыентавана на выхаванне дзяцей і моладзі ў традыцыях айчыннай народнай культуры, фарміраванне беражлівага стаўлення і любові да яе. Асаблівасцю фальклорнага аб’яднання “ETHNO-HOMEL” з’яўляецца цеснае супрацоўніцтва з Гомельскай моладзевай краязнаўчай грамадскай арганізацыяй “Талака”, сумесна з якой калектыў бярэ ўдзел у традыцыйных народных святах, фальклорных экспедыцыях.

Дадзеная праграма складзена на аснове тыпавой праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (мастацкі профіль), накірунак – вакальна-харавая творчасць, від – фальклорны ансамбль, рэалізуецца на базавым узроўні.

У аснову праграмы закладзена вывучэнне аўтэнтычнага фальклору Гомельшчыны, што актуальна для навучэнцаў – жыхароў Гомеля. Пабудова праграмы на аснове вывучэння каляндарна-абрадавага матэрыялу ў адпаведны сезон года набліжае працэс навучання да натуральных умоў існавання фальклору.

Калі для навучання адбіраць адпаведны матэрыял, прынцыпы пабудовы праграмы можна выкарыстоўваць для розных узроставых груп і для розных рэгіёнаў Беларусі.

Мэта рэалізацыі праграмы – забеспячэнне ўмоў для навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў сродкамі фальклорнага мастацтва Гомельшчыны.

Задачы:

-  развіваць матывацыю навучэнцаў да пазнання і творчасці;

-  садзейнічаць засваенню культурных каштоўнасцей чалавецтва;

-  развіваць веды пра нацыянальную адметнасць роднай культуры;

-  знаёміць навучэнцаў з тэарэтычнымі ведамі, мовай і сістэмай выразных сродкаў фальклору Гомельшчыны;

-  фарміраваць практычныя ўменні і навыкі працы ў розных відах мастацкай дзейнасці, звязаных з фальклорам Гомельскай вобласці, пачуццёва-эмацыянальную сферу навучэнцаў і мастацкі густ, сацыяльны вопыт сродкамі праектна-творчай дзейнасці;

-  асвойваць нормы здаровага ладу жыцця і бяспечнай жыццядзейнасці.

Арганізацыйныя ўмовы рэалізацыі праграмы

Асноўнай формай атрымання адукацыі ў аб’яднанні з’яўляецца занятак, які праводзіцца ў групе. Праграма разлічана на два гады навучання, заняткі праводзяцца 2 разы на тыдзень, першы год – па 2 гадзіны (4 гадзіны на тыдзень, 144 гадзіны на год), другі год – па 3 гадзіны (6 гадзін на тыдзень, 216 гадзін на год). Працягласць занятка – 45 хвілін. Колькасць навучэнцаў у групе першага года навучання складае 12-15 чалавек, другога – ад 8 чалавек. Узрост навучэнцаў першага года навучання – ад 17 да 22 гадоў, другога года навучання – ад 18 да 23 гадоў.

Заняткі аб’яднання праводзяцца ў прасторным памяшканні, выконваюцца ўсе неабходныя санітарна-гігіенічныя патрабаванні, нормы пажарнай бяспекі, правілы карыстання тэхнічнымі сродкамі навучання.

Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне праграмы

Народныя інструменты Гомельшчыны, касцюмы з элементамі традыцыйных строяў Гомельшчыны, DVD-прайгравальнік, дыктафон і відэакамера для запісу выканання твораў рэпертуару і наступнага іх прагляду і абмеркавання.

Кадравае забеспячэнне: педагог дадатковай адукацыі.

 

Вучэбна-тэматычны план першага года навучання

п/п

Назва раздзела

Колькасць гадзін

Усяго

Тэорыя

Практыка

 

Уводны занятак

2

2

-

1.

Беларускі фальклор. Фальклор Гомельшчыны

14

10

4

2.

Песні пачатку восені

16

2

14

3.

Пазаабрадавыя і сямейна-абрадавыя песні

18

2

16

4.

Фальклор часу Каляд

24

2

22

5.

Фальклор часу першай паловы вясны

26

2

24

6.

Фальклор часу другой паловы вясны

28

4

24

7.

Канцэртная дзейнасць

6

-

6

8.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару

8

-

8

 

Выніковыя заняткі

2

-

2

Усяго

144

24

120

 

Змест праграмы першага года навучання

Уводны занятак (2г.)

Арганізацыя работы аб’яднання. Правядзенне арганізацыйных сходаў, камплектацыя груп. Рэжым працы. Мэта і задачы. План работы аб’яднання. Праслухоўванне, дыягностыка музычных здольнасцяў і выяўленне ведаў пра беларускую народную традыцыю. Санітарны рэжым. Правілы бяспечных паводзін.

Беларускі фальклор. Фальклор Гомельшчыны (14г.)

Беларуская вусная народная творчасць. Жанры беларускага фальклору. Беларускі народны каляндар. Народныя святы і абрады. Каляндарна-абрадавая культура беларусаў. Віды і жанры музычнага фальклору. Беларускія народныя інструменты. Беларуская народная песня. Асаблівасці выканання народна-песеннага рэпертуару ў беларускай традыцыйнай культуры. Асноўныя рысы фальклору Гомельшчыны. Дыялектныя асаблівасці, паэтычны тэкст у народнай песні Гомельшчыны, месца бытавання. Народны касцюм: агульныя звесткі; рэгіянальныя асаблівасці; культура нашэння.

Практычныя заняткі. Прагляд этнаграфічных фільмаў з абмеркаваннем рэгіянальных адметнасцей, асноўных характарыстык фальклорнага выканальніцтва.

Песні пачатку восені (16г.)

Асаблівасці песень сезона “Восень” на Гомельшчыне: жанры, паэтычны тэкст, месца бытавання. Асаблівасці выканання восеньскага народна-песеннага рэпертуару ў традыцыйнай культуры Гомельшчыны, дыялектныя асаблівасці. Абрад “Жаніцьба коміна”: сэнс, змест і ход абраду.

Практычныя заняткі. Развучванне песень абраду “Жаніцьба коміна”. Вакальна-харавы трэнінг. Практыкаванні на развіццё вакальна-харавых навыкаў. Фарміраванне выканальніцкай культуры. Фарміраванне культуры музычнага ўспрымання.

Пазаабрадавыя і сямейна-абрадавыя песні (18г.)

Асаблівасці пазаабрадавых і сямейна-абрадавых песень Гомельшчыны: жанры, паэтычны тэкст, месца бытавання. Асаблівасці выканання пазаабрадавага і сямейна-абрадавага народна-песеннага рэпертуару ў традыцыйнай культуры Гомельшчыны, дыялектныя асаблівасці.

Практычныя заняткі. Развучванне пазаабрадавых і вясельных песень. Вакальна-харавы трэнінг. Практыкаванні на развіццё вакальна-харавых навыкаў. Фарміраванне выканальніцкай культуры. Фарміраванне культуры музычнага ўспрымання.

Фальклор часу Каляд (24г.)

Асаблівасці песень сезона “Зіма” на Гомельшчыне: жанры, паэтычны тэкст, месца бытавання. Асаблівасці выканання ў традыцыйнай культуры Гомельшчыны, дыялектныя асаблівасці. Каляды: абрадавы цыкл, песні абраду. Асаблівасці калядных гульняў. Вакальна-гульнявы сінкрэтызм.

Практычныя заняткі. Развучванне калядных песень, гульняў. Вакальна-харавы трэнінг. Практыкаванні на развіццё вакальна-харавых навыкаў. Фарміраванне выканальніцкай культуры. Фарміраванне культуры музычнага ўспрымання.

Фальклор часу першай паловы вясны (26г.)

Асаблівасці песень сезона “Вясна” на Гомельшчыне: жанры, паэтычны тэкст, месца бытавання. Асаблівасці выканання фальклорных жанраў пачатку вясны ў традыцыйнай культуры Гомельшчыны, дыялектныя асаблівасці. Абрадавыя святы: Стрэчанне, Масленіца, Загуканне вясны, Саракі.

Практычныя заняткі. Развучванне масленічных песень. Развучванне песень-загуканняў. Карагоды пачатку вясны. Вакальна-харавы трэнінг. Практыкаванні на развіццё вакальна-харавых навыкаў. Фарміраванне выканальніцкай культуры. Фарміраванне культуры музычнага ўспрымання.

Фальклор часу другой паловы вясны (28г.)

Асаблівасці фальклору часу другой паловы вясны на Гомельшчыне: жанры, паэтычны тэкст, месца бытавання. Асаблівасці выканання ў традыцыйнай культуры Гомельшчыны, дыялектныя асаблівасці. Веснавыя святы: Дабравешчанне, Вялікдзень, Юр’я, Ушэсце. Абрады: валачобны, Юраўскі карагод, Ваджэнне і пахаванне “стралы” (“сулы”). Валачобныя песні. Веснавыя карагоды. Юраўскія песні і гульні. Карагодныя песні і гульні абраду Ваджэння і пахавання стралы. Віды карагодаў. Карагодная пластыка. Вакальна-гульнявы і вакальна-харэаграфічны сінкрэтызм.

Практычныя заняткі. Развучванне веснавых песень, карагодаў, гульняў. Рэпертуар юраўскага абраду і абраду Ваджэння і пахавання “стралы”. Вакальна-харавы трэнінг. Практыкаванні на развіццё вакальна-харавых навыкаў. Фарміраванне выканальніцкай культуры. Фарміраванне культуры музычнага ўспрымання.

Канцэртная дзейнасць (6г.)

Удзел у каляндарна-абрадавых святах, конкурсах, фестывалях, творчых справаздачах, тэматычных канцэртах.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару (8г.)

Наведванне канцэртаў. Экскурсіі. Сустрэчы з народнымі майстрамі і выканаўцамі народных песень. Творчыя сустрэчы з фальклорнымі калектывамі. Фальклорныя экспедыцыі.

Выніковыя заняткі (2г.)

Удзел у справаздачным канцэрце ЦТДіМ. Падвядзенне вынікаў.

Прагназуемыя вынікі першага года навучання

Навучэнцы павінны ведаць:

-  асноўныя жанры беларускага фальклору;

-  асновы каляндарна-абрадавай культуры беларусаў;

-  асноўныя жанры і лакальныя асаблівасці песеннага фальклору Гомельшчыны;

-  традыцыйны народны этыкет;

-  культуру нашэння народнага касцюма;

-  асновы гігіены галасавога апарату.

Навучэнцы павінны ўмець:

-  вылучаць лакальныя асаблівасці песеннага фальклору;

-  адрозніваць песенныя жанры;

-  выконваць у набліжанай да аўтэнтычнай манеры песенны фальклор Гомельшчыны ў час сцэнічнага выступлення і ва ўмовах традыцыйнага свята;

-  апранаць традыцыйныя строі.

Рэкамендаваны матэрыял

Беларускі фальклор. Фальклор Гомельшчыны

Фільм “Голоса веков”, Беларусьфільм, 1979.

Фільм “Пранясі, Божа, хмару”, Беларусьфільм, 1990.

Аўдыя- і відэазапісы выканання песень, у тым ліку ў кантэксце абрадаў і святаў:

Песні пачатку восені

“Ой, прышлі ж ночэнькі доўгенькі”, Лельчыцкі раён, в.Дзяржынск

“Мы прыйшлі к вам не самі”, Лельчыцкі раён, в.Дзяржынск

“Як зацвіла да каліночка”, Лельчыцкі раён, в.Дзяржынск

“Ў нашага саседа веліка семейка”, Жыткавіцкі раён, в.Пагост

Пазаабрадавыя і сямейна-абрадавыя песні

“Лецелі галочкі й у тры радочкі”, Ельскі раён, в.Казлы

“Вдарыло да сухая вэсно”, Лельчыцкі раён, в.Тонеж

“Восень мая доўгая”, Кармянскі раён, в.Валосавічы

“За нашою слободою”, Жыткавіцкі раён, в.Хільчыцы

“Зялёны дубочок на яр похіліўся”, Лельчыцкі раён, в.Дзяржынск

“Раскажу я навіну”, Жыткавіцкі раён, в.Пагост

“Сядом, братцы, у круговую”, Светлагорскі раён, в.Здудзічы

“Каліна й маліна”, Ельскі раён, в.Казлы

“Ай, чые пчолы на дуброве”, Жыткавіцкі раён, в.Грабава

Фальклор часу Каляд

“А ў бару-бару”, Добрушскі раён, в.Перарост

“Вой, там над морэм”, Жыткавіцкі раён, в.Перароў

“Ці дома, дома сам пан-господар”, Лельчыцкі раён, в.Тонеж

“Ой, добры вечар табе, пан хазяін”, Веткаўскі раён, в.Янова

“А ў лузі, у лузі на пірявозі”, Веткаўскі раён, в.Янова

“Молод Іванька за столом сядзіць”, Веткаўскі раён, в.Слабада

“На луцэ, луцэ, у шаўковой траве”, Веткаўскі раён, в.Стаўбун

“Млода Манечка раненко ўстала”, Жлобінскі раён

“Ой, рано-рано куры папелі”, Жлобінскі раён

“Ой, чок-чок, чок-чок”, Жлобінскі раён

“О-го-го, коза, жэ, ого-го, сера”, Лельчыцкі раён, в.Тонеж

“Мікола, аддай капялюш”, гульня, Акцябрскі раён, в.Пратасы

“Кабыла”. Гульня, Акцябрскі раён, в.Забалацце

Фальклор часу першай паловы вясны

“Ужэ весна, ужэ красна”, Нараўлянскі раён, в.Грыдні

“Вясна-вясняначка”, Жыткавіцкі раён, в.Старажоўка

“Цераз мора йшоў дай брат з сястрыцаю”, Чачэрскі раён, в.Залессе

“Песенька мая харошая”, Веткаўскі раён, в.Стаўбун

“Ох ці ох, ох ці ох, а ў гародзе мох”, Веткаўскі раён, в.Стаўбун

“Агу, вясна, агу, красна”, Лельчыцкі раён, в.Букча

“Коло мліна каліна”, Лельчыцкі раён, в.Новае Палессе

“Посею я конопелюшку”, Лельчыцкі раён, в.Новае Палессе

“Весняночка й паняночка”, Ельскі раён, в.Казлы

Фальклор другой паловы вясны

“Шось у лесе гукае”, Ельскі раён, в.Казлы

“Дзе ты, гуско, летала”, Ельскі раён, в.Казлы

“Й а на нашой вуліцы”, Ельскі раён, в.Казлы

“Пасеялі дзеўкі лён”, Чачэрскі раён

“А на раллі, на раллі там гулялі жураўлі”, Чачэрскі раён

“Зырадзі, Божа, жыта”, Ельскі раён, в.Шарын

“Ой, Юр’ева маці”, Рэчыцкі раён, в. Каравацічы

“Бабуся”, Жыткавіцкі раён, в.Пагост

“Што ў Неглюбцы ў сяле, у сяле”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“Проці бацькавых варот”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“Ой ты, саду, ты, мой саду”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“Што на лужку-лужку”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“Ой, ішла стряла й у канец сяла”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“Ой, дрём-дряма задрямала”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка.

Вучэбна-тэматычны план другога года навучання

п/п

Назва раздзела

Колькасць гадзін

Усяго

Тэорыя

Практыка

 

Уводны занятак

3

3

-

1.

Песні пачатку восені

15

3

12

2.

Пазаабрадавыя і сямейна-абрадавыя песні

30

3

27

3.

Фальклор часу Каляд

27

3

24

4.

Фальклор часу першай паловы вясны

21

3

18

5.

Фальклор часу другой паловы вясны

24

3

21

6.

Побытавы танец Гомельскага Палесся

24

3

21

7.

Побытавы танец Гомельскага Падняпроўя

30

3

27

8.

Шматкаленныя танцы

21

3

18

9.

Канцэртная дзейнасць

9

-

9

10.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару

9

-

9

 

Выніковыя заняткі

3

-

3

Усяго

216

27

189

 

Змест праграмы другога года навучання

Уводны занятак (3г.)

Арганізацыя работы аб’яднання. Правядзенне арганізацыйных сходаў, камплектацыя груп. Рэжым працы. Мэта і задачы. План работы аб’яднання.Гігіена галасавога апарату. Санітарны рэжым. Правілы бяспечных паводзін.

Песні пачатку восені (15г.)

Асаблівасці песень сезона “Восень” на Гомельшчыне: жанры, паэтычны тэкст, месца бытавання. Прымеркаваныя і ўмоўна прымеркаваныя песні. Асаблівасці выканання восеньскага народна-песеннага рэпертуару ў традыцыйнай культуры Гомельшчыны, адрозненні лакальных традыцый, дыялектныя асаблівасці. Абрад “Жаніцьба коміна”. Узнаўленне матэрыялу першага года навучання.

Практычныя заняткі. Развучванне песень абрадавых і ўмоўна прымеркаваных да абраду “Жаніцьба коміна”. Вакальна-харавы трэнінг. Практыкаванні на развіццё вакальна-харавых навыкаў. Фарміраванне выканальніцкай культуры. Фарміраванне культуры музычнага ўспрыняцця.

Пазаабрадавыя і сямейна-абрадавыя песні (30г.)

Асаблівасці пазаабрадавых і сямейна-абрадавых песень Гомельшчыны: жанры, паэтычны тэкст, месца бытавання. Асаблівасці выканання пазаабрадавага і сямейна-абрадавага народна-песеннага рэпертуару ў традыцыйнай культуры Гомельшчыны, адрозненні лакальных традыцый, дыялектныя асаблівасці. Голасныя і фальцэтныя спевы. Спевы ў пост. Жанравая разнастайнасць, асаблівасці пазаабрадавых і сямейна-абрадавых песень Гомельшчыны. Вячоркі, ігрышчы. Узнаўленне матэрыялу першага года навучання.

Практычныя заняткі. Развучванне пазаабрадавых і вясельных песень. Вакальна-харавы трэнінг. Практыкаванні на развіццё вакальна-харавых навыкаў. Фарміраванне выканальніцкай культуры. Фарміраванне культуры музычнага ўспрымання.

Фальклор часу Каляд (27г.)

Асаблівасці песень сезона “Зіма” на Гомельшчыне: жанры, паэтычны тэкст, месца бытавання. Асаблівасці выканання калядных песень у традыцыйнай культуры Гомельшчыны, адрозненні лакальных традыцый, дыялектныя асаблівасці. Калядная абраднасць. Узнаўленне матэрыялу першага года навучання. Ігрышчы. Асаблівасці калядных гульняў. Вакальна-гульнявы сінкрэтызм.

Практычныя заняткі. Развучванне калядных песень. Развучванне калядных гульняў. Вакальна-харавы трэнінг. Практыкаванні на развіццё вакальна-харавых навыкаў. Фарміраванне выканальніцкай культуры. Фарміраванне культуры музычнага ўспрымання.

Фальклор часу першай паловы вясны (21г.)

Асаблівасці веснавога фальклору Гомельшчыны: жанры, паэтычны тэкст, месца бытавання. Асаблівасці выканання фальклорных жанраў пачатку вясны ў традыцыйнай культуры Гомельшчыны, адрозненні лакальных традыцый, дыялектныя асаблівасці. Абрадавыя святы: Стрэчанне, Масленіца, Загуканне вясны, Саракі. Час Вялікага посту. Узнаўленне матэрыялу першага года навучання.

Практычныя заняткі. Развучванне масленічных песень. Развучванне песень-загуканняў. Карагоды пачатку вясны. Вакальна-харавы трэнінг. Практыкаванні на развіццё вакальна-харавых навыкаў. Фарміраванне выканальніцкай культуры. Фарміраванне культуры музычнага ўспрымання.

Фальклорчасу другой паловы вясны (24г.)

Асаблівасці фальклору часу другой паловы вясны на Гомельшчыне: жанры, паэтычны тэкст, месца бытавання. Асаблівасці выканання ў традыцыйнай культуры Гомельшчыны, адрозненні лакальных традыцый, дыялектныя асаблівасці. Святы: Дабравешчанне, Вялікдзень, Юр’е, Ушэсце. Абрады: валачобны, Юраўскі карагод, Ваджэнне і пахаванне стралы (сулы). Узнаўленне матэрыялу першага года навучання. Вакальна-гульнявы і вакальна-харэаграфічны сінкрэтызм.

Практычныя заняткі. Развучванне валачобных песень. Развучванне веснавых карагодаў, юраўскіх песень і гульняў, карагодных песень і гульняў Ваджэння і пахавання “стралы”. Вакальна-харавы трэнінг. Практыкаванні на развіццё вакальна-харавых навыкаў. Фарміраванне выканальніцкай культуры. Фарміраванне культуры музычнага ўспрымання.

Побытавы танец Гомельскага Палесся (24г.)

Танцавальны фальклор Беларусі і Гомельшчыны – асноўныя віды і жанры. Жанр прыпеўкі, танцы “пад язык”. Асаблівасці побытавага танца Гомельскага Палесся. Структура танца, асноўныя рухі, паставы корпуса. Танцавальны этыкет. Каардынацыя дзеянняў пры спалучэнні спеваў і танцаў.

Практычныя заняткі. Развучванне танцаў Жыткавіцкага, Лельчыцкага, Акцябрскага раёнаў Гомельскай вобласці. Развучванне прыпевак да танцаў і танцаў “пад язык”. Практыкаванні на развіццё дыяфрагмальнага дыхання.

Побытавы танец Гомельскага Падняпроўя (30г.)

Асаблівасці побытавага танца Гомельскага Падняпроўя.Структура танца, асноўныя рухі, паставы корпуса. Танцавальны этыкет. Танцавальныя прыпеўкі.

Практычныя заняткі. Развучванне танцаў Чачэрскага і Веткаўскага раёнаў Гомельскай вобласці. Прыпеўкі да танцаў. Танцы “пад язык”.Практыкаванні на развіццё дыяфрагмальнага дыхання.

Шматкаленныя танцы (21г.)

Віды і асаблівасці шматкаленных танцаў. Каманды ў танцах. Танцавальны этыкет. Структура танца, асноўныя рухі, паставы корпуса.

Практычныя заняткі. Развучванне шматкаленных танцаў. Танцы “пад язык”.Практыкаванні на развіццё дыяфрагмальнага дыхання.

Канцэртная дзейнасць (9г.)

Удзел у каляндарна-абрадавых святах, конкурсах, фестывалях, творчых справаздачах, тэматычных канцэртах.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару (9г.)

Наведванне канцэртаў. Экскурсіі. Сустрэчы з народнымі майстрамі і выканаўцамі народных песень. Творчыя сустрэчы з фальклорнымі калектывамі. Фальклорныя экспедыцыі.

Выніковыя заняткі (3г.)

Удзел у справаздачным канцэрце ЦТДіМ. Падвядзенне вынікаў.

Прагназуемыя вынікі другога года навучання

На другім годзе веды і ўменні першага года навучання паглыбляюцца і ўдасканальваюцца. Акрамя таго, навучэнца павінны ўмець вызначаць жанравую і рэгіянальную прыналежнасць песеннага фальклору Гомельшчыны, выконваць песенны і танцавальны фальклор Гомельшчыны з перадачай лакальных асаблівасцей традыцыі, танцаваць пад прыпеўкі, “пад язык”.

Рэкамендаваны матэрыял

Аўдыя- і відэазапісы выканання песень і танцаў, у тым ліку ў кантэксце абрадаў і святаў:

Песні пачатку восені

“Ой, прышлі ж ночэнькі доўгенькі”, Лельчыцкі раён, в.Дзяржынск

“Мы прыйшлі к вам не самі”, Лельчыцкі раён, в.Дзяржынск

“Як зацвіла да каліночка”, Лельчыцкі раён, в.Дзяржынск

“Ў нашага саседа веліка семейка”, Жыткавіцкі раён, в.Пагост

“Лецелі галочкі й у тры радочкі”, Ельскі раён, в.Казлы

“Ой, іду я дорогою”, Ельскі раён, в.Казлы

“Восень мая доўгая”, Кармянскі раён, в.Валосавічы

“За нашою слободою”, Жыткавіцкі раён, в.Хільчыцы

“Зялёны дубочок на яр похіліўся”, Лельчыцкі раён, в.Дзяржынск

“Раскажу я навіну”, Жыткавіцкі раён, в.Пагост

Пазаабрадавыя і сямейна-абрадавыя песні

“Вдарыло да сухая вэсно”, Лельчыцкі раён, в.Тонеж

“Пасеяла чарнабрыўцы”, Хойніцкі раён, в.Хвойнае

“Каліна й маліна”, Ельскі раён, в.Казлы

“Ай, чые пчолы на дуброве”, Жыткавіцкі раён, в.Грабава

“Гарошынка”, Хойніцкі раён, в.Барысаўшчына

“Конь”, Хойніцкі раён, в.Барысаўшчына

“Сіні туман”, Хойніцкі раён, в.Барысаўшчына

“Ой, п’яна я”, Хойніцкі раён, в.Барысаўшчына

“Ходзяць, ходзяць мае ножкі”, Буда-Кашалёўскі раён, в.Губічы

“А што ў лузе”, Буда-Кашалёўскі раён, в.Дзербін

“Адпраўляла маці сына”, Петрыкаўскі раён, в.Конкавічы

Фальклор часу Каляд

“А ў бару-бару”, Добрушскі раён, в.Перарост

“Вой, там над морэм”, Жыткавіцкі раён, в.Перароў

“Ці дома, дома сам пан-господар”, Лельчыцкі раён, в.Тонеж

“Ой, добры вечар табе, пан хазяін”, Веткаўскі раён, в.Янова

“А ў лузі, у лузі на пірявозі”, Веткаўскі раён, в.Янова

“Молод Іванька за столом сядзіць”, Веткаўскі раён, в.Слабада

“На луцэ, луцэ, у шаўковой траве”, Веткаўскі раён, в.Стаўбун

“Млода Манечка раненко ўстала”, Жлобінскі раён

“Ой, рано-рано куры папелі”, Жлобінскі раён

“Ой, чок-чок, чок-чок”, Жлобінскі раён

“О-го-го, коза, жэ, ого-го, сера”, Лельчыцкі раён, в.Тонеж

“На вашам дварэ”, Веткаўскі раён, в.Казацкія Балсуны

“А талды-талды, зарадзі, Божа”, Веткаўскі раён, в.Янова

“Добры вечор тому”, Светлагорскі раён, в.Глінная Слабада

“Молоды Васенько ранесенько ўстаў”, Жлобінскі раён

“Ой, рана, рана куры попелі”, Веткаўскі раён, в.Стаўбун

“Ой, у Кіеві, у слаўном городзі”, Нараўлянскі раён, в.Канатоп

“Мікола, аддай капялюш”. Гульня, Акцябрскі раён, в.Пратасы

“Кабыла”. Гульня. Акцябрскі раён, в.Забалацце

“Сляпы музыка”. Гульня, Акцябрскі раён

“Шыццё шубы”. Гульня, Калінкавіцкі раён, в.Якімавічы

Фальклор часу першай паловы вясны

“Ужэ весна, ужэ красна”, Нараўлянскі раён, в.Грыдні

“Вясна-вясняначка”, Жыткавіцкі раён, в.Старажоўка

“Цераз мора йшоў дай брат з сястрыцаю”, Чачэрскі раён, в.Залессе

“Песенька мая харошая”, Веткаўскі раён, в.Стаўбун

“Ох ці ох, ох ці ох, а ў гародзе мох”, Веткаўскі раён, в.Стаўбун

“Агу, вясна, агу, красна”, Лельчыцкі раён, в.Букча

“Коло мліна каліна”, Лельчыцкі раён, в.Новае Палессе

“Посею я конопелюшку”, Лельчыцкі раён, в.Новае Палессе

“Весняночка й паняночка”, Ельскі раён, в.Казлы

“На море вутка купалася”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“Зіма з летам стракалася”, Веткаўскі раён, в.Стаўбун

“На том баку дуба сякуць”, Веткаўскі раён, в.Казацкія Балсуны

“А весна, весна, вясеначка”, Буда-Кашалёўскі раён, в.Негаўка

“Ох ты, весна”, Жыткавіцкі раён, в.Перароў

“Перэпёлачка”, Лельчыцкі раён, в.Тонеж

“Карагод вялік, а вуліца мала”, Чачэрскі раён, в.Залессе

“Цераз мора йшоў дай брат з сястрыцаю”, Чачэрскі раён, в.Залессе

Фальклор другой паловы вясны

“Шось у лесе гукае”, Ельскі раён, в.Казлы

“Дзе ты, гуско, летала”, Ельскі раён, в.Казлы

“Й а на нашой вуліцы”, Ельскі раён, в.Казлы

“Пасеялі дзеўкі лён”, Чачэрскі раён

“А на раллі, на раллі там гулялі жураўлі”, Чачэрскі раён

“Зырадзі, Божа, жыта”, Ельскі раён, в.Шарын

“Ой, Юр’ева маці”, Рэчыцкі раён, в.Каравацічы

“Што ў Неглюбцы ў сяле, у сяле”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“Проці бацькавых варот”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“Ой ты, саду, ты, мой саду”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“Што на лужку-лужку”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“Ой, ішла стряла й у канец сяла”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“Ой, дрём-дряма задрямала”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“Да лецела стрэла”, Жыткавіцкі раён, в.Хлупін

“Трава мая, трава”, Ельскі раён, в.Валаўск

“Дай урай, маці, ключы”, Жыткавіцкі раён, в.Пагост

“Карагод, карагод”, Жыткавіцкі раён, в.Пагост

“Як мы Юр’я дажыдалі”, Жыткавіцкі раён, в.Пагост

“Бабуся”, Жыткавіцкі раён, в.Пагост

“Дрэма”, Жыткавіцкі раён, в.Пагост

“На ўліцы дзеўкі гулялі й, гулялі”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“Як была я ў бацюшкі”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“Што на нашай вуліцы”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“Як успашым мы полячка”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“У майго таткі харашо жыці”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

Побытавы танец Гомельскага Палесся

“Ва саду лі”, Жыткавіцкі раён, в.Рычоў

“Ночка”, Жыткавіцкі раён, в.Рычоў

“Падэспан”, Жыткавіцкі раён, в.Рычоў

“Полька”, Жыткавіцкі раён, в.Бялёў

“Карапэт”, Жыткавіцкі раён, в.Бялёў

“Нарэчанька”, Лельчыцкі раён, в.Слабада

“Качан”, Лельчыцкі раён, в.Слабада

“Матлёт”, Лельчыцкі раён, в.Слабада

“Граб’ёўская нарэчанька”, Акцябрскі раён, в.Граб’ё

“Дзева ў сенях”, Акцябрскі раён, в.Дзербін

Побытавы танец Гомельскага Падняпроўя

“Какетка”, Чачэрскі раён

“Базар”, Чачэрскі раён, в.Бабічы

“Картузэ”, Чачэрскі раён, в.Бабічы

“Бабачка”, Чачэрскі раён, в.Бабічы

“Верацяно”, Чачэрскі раён, в.Бабічы

“Кракавяк”, Веткаўскі раён, в.Стаўбун

“Карманчыкі”, Веткаўскі раён, в.Стаўбун

“Страданія”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

“Шахцёр”, Веткаўскі раён, в.Неглюбка

Шматкаленныя танцы

“Вальс”, Кармянскі раён, в.Валосавічы

Полька “Мост”, Петрыкаўскі раён, в.Конкавічы

“Нажнічкі”, Калінкавіцкі раён, в.Агароднікі

Формы і метады рэалізацыі праграмы

Планаванне вучэбна-выхаваўчай работы ў аб’яднанні адбываецца на аснове каляндарнай абраднасці Гомельшчыны як традыцыйнай сістэмы выхавання і праходзіць па этапах, адпаведных сезоннай прымеркаванасці святаў у сістэме традыцыйнага календара. Таму праграма пабудаваная такім чынам, каб вывучаць каляндарныя жанры фальклору ў адпаведны ім час года. Так, перад Калядамі развучваюцца калядныя песні, перад пачаткам вясны – загуканні, веснавыя карагоды і г.д. Гэта садзейнічае лепшаму разуменню як зместу твораў, так і спецыфікі іх выканання. Пры такой арганізацыі працы ў удзельнікаў ёсць канкрэтная матывацыя – вывучыць твор, каб потым выканаць яго на свяце, імпрэзе. На першым годзе навучання, каб захаваць суадносіны вывучаемага матэрыялу з адпаведным каляндарным сезонам, педагогу варта перамяжоўваць тэарэтычны матэрыял раздзела “Беларускі фальклор. Фальклор Гомельшчыны” з матэрыялам раздзелаў “Песні пачатку восені” і “Пазаабрадавыя і сямейна-абрадавыя песні”.

Працэс падрыхтоўкі рэпертуару звычайна пачынаецца з пошукаў песеннага матэрыялу. Варта адзначыць, што пры вывучэнні аўтэнтычнага фальклору самы мэтазгодны выхад – сістэма вуснага навучання, якая ў нашым варыянце выглядае прыкладна так:

-  пошук і тэхнічная апрацоўка аўдыязапісаў (праца педагога);

-  расшыфроўка тэкстаў і складанне спеўнікаў са словамі (праца педагога, часткова – навучэнцаў, асабліва на другім годзе навучання);

-  развучванне песень з аўдыязапісаў і з голасу(як паказвае вопыт працы, на пачатку навучання значна лепш успрымаецца матэрыял з “жывога голасу”, чым з запісу, а на наступных этапах ужо можна больш працаваць з аўдыя);развучанне песень з відэа;

-  “натуральны адбор” рэпертуару ( не ўсе песні “прыжываюцца” ў калектыве – дзе тэкст не падабаецца, дзе напеў успрымаецца складана, але такія песні не “выкідваюцца” назаўжды, а адкладваюцца на наступны раз. Існуе думка, што рэпертуар трэба падбіраць адпаведна творчым здольнасцям выканаўцаў. Аднак, калі бярэцца больш складаны твор (вельмі часта па запыце саміх спевакоў), удзельнікам калектыву даводзіцца знаходзіць у сабе новыя магчымасці для выканання, а педагогу – прымяняць больш разнастайныя метады навучання. Як ужо адзначана, калі патрэбнага ўзроўню не ўдаецца дасягнуць адразу, да гэтага твора можна вярнуцца пазней – на другім годзе навучання);

-  выкананне вывучанага на свяце, імпрэзе;

-  вяртанне да вывучанага матэрыялу на другім годзе навучання – з паўторам каляндарнага сезону.

Навучанне ў аб’яднанні праводзіцца без прымянення нотнай сістэмы, якая не адаптаваная да беларускай песеннай традыцыі. У нас няма падзелу на партыі, ніжнія і верхнія галасы. Вядома, галасавы апарат кожнага чалавека ўнікальны, мае свае асаблівасці, у тым ліку і тэсітурныя. Аднак строгае замацаванне за якой-небудзь пэўнай партыяй забірае ў чалавека свабоду выканання, заціскае ў пэўных рамках. Гэта немагчыма ў беларускай песеннай этнафоніі, для якой характэрна ўнутраная свабода – імправізацыйнасць мелодыкі, рытмікі, голасавядзення. Вучыць пералічаным асаблівасцям мэтазгодна менавіта вусным шляхам, з абавязковым знаёмствам з асноўнымі характэрнымі рысамі, “законамі” песеннай традыцыі вуснага тыпу. Трэба адзначыць, што грунтоўная база тэарэтычных ведаў даецца на тэарэтычных і практычных занятках.

Геаграфія песень, якія вывучаюцца – тэрыторыя Гомельскай вобласці, на якой “сустракаюцца” два вялікія арэалы – Палессе і Падняпроўе. Вывучаць песенныя стылі гэтых рэгіёнаў – не вельмі лёгкая задача, бо яны вельмі розныя, аднак, тым большае задавальненне атрымліваюць выканаўцы, калі мэта дасягаецца.

Адзначым, што з навучэнцамі ўзросту 17-23 гадоў можна развучваць практычна ўсе фальклорныя жанры, і гэта не будзе супярэчыць існаванню фальклору ў натуральных умовах, дзе, напрыклад, дзеці да 12 гадоў выконваюць толькі шчадроўкі, веснавыя заклічкі і гульні, дзяўчатам дазваляецца ўдзельнічаць у веснавых карагодах з 12–15 гадоў. Ва ўзросце ад 17 гадоў педагогу трэба быць уважлівымі да навучэнцаў, бо асабліва ў хлопцаў яшчэ можа працягвацца працэс мутацыі галасавых звязак.

Для актуалізацыі песень, што развучваюцца ў аб’яднанні, можна прымяняць падстаноўку імёнаў знаёмых людзей у тэкст песні. Такім чынам, значна ўзрастае зацікаўленасць выканаўцаў і больш паспяховым становіцца навучанне. Гэтым жа мэтам садзейнічае прыём пераказу песенных тэкстаў сучаснай мовай, з пераносам сюжэтаў у сучасную прастору. Для развіцця творчых здольнасцей можна прасіць навучэнцаў прыдумляць працяг песенных сюжэтаў.

У выкананні песні значная роля належыць запявале, зачынальніку. Ён задае вышыню гуку, тэмп, настрой, “вядзе” за сабой калектыў на працягу ўсяго твора. У пачатку развучвання ролю запявалы павінен выконваць больш здольны спявак, якому трэба лепш за ўсё арыентавацца ў творы, напрыклад, педагог. Для актывізацыі працэсу можна выкарыстоўваць пачарговае зачынанне радкоў. Калі песня ўжо дастаткова развучаная, вызначаецца “адказны” за яе. Гэта можа быць чалавек, найбольш прасякнуты песняй, які лепш за іншых можа перадаць характар твора.

Як адзначалася вышэй, на другім годзе навучання ў аб’яднанні адбываецца больш грунтоўнае засваенне матэрыялу першага года, у рэпертуар дадаюцца новыя творы. Захоўваецца каляндарны прынцып пабудовы навучальнага працэсу, пры гэтым песенныя жанры вывучаюцца больш дынамічна, а час паміж песенным рэпертуарам запаўняецца танцавальным фальклорам. Прычым, на танцавальных занятках задзейнічаны і спевы – выкананне прыпевак і танцы “пад язык”. Можа быць два варыянты спеваў: стоячы каля танцораў і танцуючы. Выкананне адным чалавекам адначасова танцавальных рухаў і спеваў патрабуе добрай скаардынаванасці дзеянняў і моцнай апоры дыхання. Таму, на пачатку развучваць танцы і спевы да іх трэба асобна.

Развучванне танцаў пачынаецца з засваення асноўных характэрных крокаў, правільнай паставы корпуса, рук. У навучанні абавязковым з’яўляецца прагляд відэазапісаў аўтэнтычнага выканання танцаў, які суправаджаецца тлумачэннямі педагога і ўказаннямі, на што трэба звяртаць асаблівую ўвагу. Усе рухі пераймаюцца таксама праз паказ педагогам.

Рэалізацыя дадзенай праграмы патрабуе форм і метадаў працы, накіраваных на стварэнне аптымальных умоў для дасягнення чаканых вынікаў у навучанні, выхаванні, развіцці навучэнцаў, задавальнення іх індывідуальных магчымасцяў, патрэб, інтарэсаў, раскрыцця асобаснага патэнцыялу кожнага.

Арганізацыйныя формы педагагічнага ўзаемадзеяння, з дапамогай якога рэалізуецца праграма: франтальная, групавая, калектыўная, індывідуальная.

Формы заняткаў: традыцыйны занятак; інтэграваны, камбінаваны занятак; практычны занятак, трэнінг, гульня, экскурсія, экспедыцыя, творчая майстэрня, дыскусія, дыспут, турнір, спаборніцтва, рэпетыцыя, канцэрт, традыцыйнае свята.

Метады і прыёмы арганізацыі адукацыйнага працэсу:

-  агульныя метады навучання:

  • па крыніцы перадачы і ўспрымання інфармацыі: вусныя (гутарка, апавяданне), наглядныя, практычныя;
  • па відах вучэбных заняткаў і дыдактычнай задачы: тлумачэнне, замацаванне;
  • па характары пазнавальнай дзейнасці: рэпрадуктыўныя, прадуктыўныя, творчыя;
  • метады стымулявання паводзін і дзейнасці: заахвочванне, падтрымка, спаборніцтва;

-  спецыяльныя метады навучання спевам:

  • метад уключанага і тэхнічна апасродкаванага назірання;
  • імітацыйна-аналітычны;
  • фанетычна-канцэнтрычны.

Формы падвядзення вынікаў адукацыйнага працэсу: выніковы занятак, канцэртнае выступленне.

Метады кантролю: назіранне, гутарка, апытанне, аналіз вынікаў дзейнасці навучэнцаў, дыягностыка, трэнінгі, самааналіз.

Літаратура і інфармацыйны рэсурс

  1. Аляхновіч, А.М., Сучкоў, І.І. Методыка асваення фальклорнай спадчыны. Дапаможнік для фальклорна-этнаграфічных калектываў. Рэд. Л.Ф. Савіцкая. – Мінск, 1998. – 30с.
  2. Барташэвіч, Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя‎ / Г.А. Барташэвіч. – Мінск: Навука і тэхніка, 1985. – 184с.
  3. Беларуская народная творчасць / АН Беларусі. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. – Мінск: Навука і тэхніка. (Серыя навуковых выданняў).
  4. Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры: Гомел. вобл. / Уклад. В.А. Захарава і інш.; Уклад. муз. часткі У.І. Раговіч. – Мінск: Універсітэцкае, 1989. – 384с.: іл., нот. іл.
  5. Беларускі фальклор. Энцыклапедыя. У 2 т. Мн.: БелЭН, 2005, 2006.
  6. Беларускія народныя абрады / Укл. Л.П. Касцюкавец. – Мінск: Беларусь, 1994. – 128с.
  7. Восточнославянский фольклор: Слов. науч. и нар. терминологии / Редкол.: К.П. Кабашников (отв.ред.) и др. – Минск: Наука и техника, 1993. – 478с.
  8. Глушэц, І.В. Асаблівасці працы з маладзёжным фальклорным калектывам / І.В. Глушэц // Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання: зб. навук. прац удзельнікаў V Міжнароднай навук. канфер. (Мінск, 29 красавіка – 1 мая 2011г.) / БДУКМ; рэдкал.: М.А. Мажэйка (адк. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БДУКМ, 2011. – с.206–207.
  9. Елатов, В.И. Песни восточнославянской общности. / В.И. Елатов. – Минск: Наука и техника, 1977. – 248с., с нот.
  10. Ліцьвінка, В.Д. Святы і абрады беларусаў. – 3-е выд. / В.Д. Ліцьвінка – Мінск: Беларусь, 2001. – 190с.: іл.
  11. Можейко, З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии: Опыт систем.-типол. исслед. / З.Я. Можейко. – Минск: Наука и техника, 1985. – 247с.
  12. Народная культура Беларусі: энцыклапедычны даведнік / пад агульн. рэд. В.С. Цітова. Мінск: БелЭн, 2002. – 426с.
  13. Новак, В.С. Каляндарна-абрадавая паэзія Гомельшчыны (да праблемы лакальнага, рэгіянальнага, агульна-нацыянальнага ў фальклоры) / В.С. Новак. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2001. – 233с.
  14. Пладунова, Т.А. Захаванне і актуалізацыя каляндарна-абрадавых традыцый у сучаснай культурна-адукацыйнай прасторы / Т.А. Пладунова // Аўтэнтычны фальклор: праблемы вывучэння, захавання, пераймання: зб. навук. прац удзельнікаў ІV Міжнароднай навук.-практ. канфер., Мінск, 29-30 красавіка 2010г. / БДУКМ; рэдкал.: М.А. Мажэйка (адк. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БДУКМ, 2010. – с.126–129.
  15. Пладунова, Т.А. Шляхі і перспектывы пабудовы мадэлі этнакультурнага выхавання дзяцей і моладзі / Т.А. Пладунова // Пазашкольнае выхаванне. – 2005. – №11. – с.55–58.
  16. Рыжкова, Л.М. Спецыфіка выкладання практычнай рэжысуры на фальклорных і абрадазнаўчых спецыялізацыях навучальных устаноў / Л.М. Рыжкова // Аўтэнтычны фальклор: праблемы вывучэння, захавання, пераймання: зб. навук. прац удзельнікаў ІV Міжнароднай навук.-практ. канфер., Мінск, 29-30 красавіка 2010г. / БДУКМ; рэдкал.: М.А. Мажэйка (адк. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БДУКМ, 2010. – с.95–97.
  17. Рыжкова, Л.Н. Авторская технология воспитания лидера-ведущего традиционных фольклорных действ / Л.Н. Рыжкова // Учитель музыки. – 2010. – №2 (9). – с.50–54.
  18. Сайт [МКОУДОД “Центр творческого развития и гуманитарного образования” Артёмовского городского округа]. – Режим доступа: // http://ctrigo.ucoz.ru/index/programma_dopolnitelnogo_obrazovanija_kulturologicheskogo_napravlenija_quot_russkij_detskij_folklor_quot/0-42. Дата доступа: 16.09.2012г.
  19. Сайт [Фестиваль педагогических идей “Открытый урок”]. – Режим доступа: // http://festival.1september.ru/articles/529521/. Дата доступа: 20.09.2012г.
  20. Типовая программа дополнительного образования детей и молодежи (художественный профиль) // Сайт [Министерство образования Республики Беларусь]. – Режим доступа: // http://edu.gov.by/main.aspx?guid=6131. Дата доступа: 15.09.2012г.
  21. Чурко, Ю.М. Белорусский хореографический фольклор / Ю.М. Чурко. – Минск: Вышэйшая школа, 1990. – 414с.
  22. Этнаграфiя Беларусi. Энцыклапедыя. Мінск: БелСЭ, 1989. – 575с.
Яндекс.Метрика